Беларускі культурны рух Малдовы ўзяў удзел у святкаванні 25-годдзя Дома нацыянальнасцяў Рэспублікі Малдова.

Чвэрць стагоддзя з дня стварэння адзначыла 15 снежня ў Нацыянальным тэатры імя Міхая Емінеску Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова. Гэта самастойны пастаянна дзеючы орган пры Урадзе Рэспублікі Малдова, які распрацоўвае і прасоўвае дзяржаўную палітыку, накіраваную на рэалізацыю правоў грамадзян, што належаць да нацыянальных меншасцяў, на захаванне, развіццё і выяўленне этнічнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай самабытнасці. Дзейнасць Бюро - пастаянны дыялог і партнёрства ўлады з грамадскай супольнасцю праз супрацоўніцтва з этнакультурнымі няўрадавымі арганізацыямі, праз непасрэдныя зносіны з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў і тытульнай нацыяй.

Адным з дзейсных механізмаў абароны інтарэсаў нацыянальных меншасцяў з'яўляецца Каардынацыйны Савет этнакультурных арганізацый, дзеючы пры Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова, які таксама гэтай восенню адзначыў свой 20-ты юбілейны год з дня заснавання. У склад Савета ўваходзяць кіраўнікі акрэдытаваных пры Бюро грамадскіх аб'яднанняў, якіх па стане на верасень 2015 года, налічваецца аж 93. Інтарэсы ж беларусаў, якія пражываюць на малдаўскай зямлі, у Каардынацыйным Савеце пры Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова прадстаўляюць усяго два этнокулькурных аб'яднання, і Беларускі культурны рух Малдовы з'яўляецца адным з іх. Быць сябрам Савета - адказная і важная справа, паколькі менавіта праз яго адлюстроўваецца грамадская думка аб стане міжэтнічных адносін, выконваецца пасрэдніцкая функцыя паміж нацыянальнымі меншасцямі і дзяржаўнымі органамі, якія прымаюць рашэнні ў сферы непасрэдных інтарэсаў нацыянальных меншасцяў.

Святкаванне 25-годдзя Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова пачалося яшчэ ў канцы кастрычніка фестывалем мастацтваў «Plai natal» (Родны край), бо Парламенцкая Пастанова аб стварэнні дадзенай дзяржаўнай установы датавана лістападам 1990 года. Яркую беларускую фарбу ў поліэтнічную палітру свята ўнеслі і беларусы Малдовы. Беларускі культурны рух Малдовы на выставе «Культурная спадчына» прадставіў інфармацыйны стэнд аб культурным багацці беларускай зямлі. Экспанавалася разнапланавая літаратура аб традыцыях, звычаях, гісторыі і мастацтве Беларусі, а таксама інфармацыя турыстычнага характару, што адлюстроўвае прыгажосць і гасціннасць нашай радзімы. На агляд публікі былі прадстаўлены карціны, мастацкія фатаграфіі і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

На юбілейным святкаванні ў Нацыянальным тэатры імя Міхая Емінеску, у душэўнай і па-хатняму цёплай абстаноўцы, Беларускі культурны рух трымаў слова ад імя ўсіх беларусаў Малдовы. Упэўнена і годна гучала наша родная беларуская мова. Паэтычна-музычная замалёўка «Мая Беларусь» беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра «Куфар» (створанага пры Беларускім культурным руху Малдовы), якая мела 10 хвілінную працягласць, некалькі разоў перапынялася шчодрымі апладысментамі гледачоў. Паэзія Янкі Купалы, Петруся Броўкі і іншых беларускіх паэтаў, якая склала аснову выступу, як найлепш адлюстравала асноўныя каштоўнасці беларускага народа і прымусіла публіку задумацца пра самае галоўнае.

Беларускі стэнд на выставе "Культурная спадчына"

За чвэрць стагоддзя пад дахам Дома нацыянальнасцей Рэспублікі Малдова мноства розных этнасаў знайшлі свой куток. Сярод гэтага яркага калейдаскопа нацыянальных меншасцяў малдаўскай зямлі, несумненна, і наш беларускі народ знайшоў сваё пачэснае месца.