У Нью-Ёрку адзначылі 85-я ўгодкі Уладзіміра Караткевіча

У нядзелю 20 сьнежня ў Беларускім цэнтры на Атлантык Авэню 401 адбылася імпрэза, прысьвечаная 85-м  угодкам ад нараджэньня Уладзіміра Караткевіча. Рыхтавала сьвята моладзевая група Бруклінскага аддзелу БАЗА.  Зьмястоўны рэфэрат пра творчасьць пісьменьніка прачытала Алена Пракоп. Чытаньне дапаўнялася мастацкай праграмаю - дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальных строях дэклямавалі вершы Караткевіча. Выканаўцамі былі  Зьміцер Кавалёў,  Юля Цыбулька, Максім  Кучынскі, Сьвятлана Казачок, Алег Кавалёнак і Натальля Федарэнка - галоўны рэжысёр праграмы, сяброўка управы Аддзелу. У другой частцы імпрэзы прайшла віктарына па творчасьці пісьменьніка. Прысутныя падзяліліся на дзьве каманды і вядучая Натальля Федарэнка  агучвала пытаньні, а каманды супернічалі  між сабою, хто хутчэй і дакладней дасьць адказы. Каманду - пераможцу   віталі  бурнымі воплескамі.  Прысутныя выразна прадэманстравалі добрае веданьне творчасьці  знакамітага пісьменьніка.

Карыстаючыся нагодаю, Ганна Сурмач  нагадала ўдзельнікам імпрэзы, што ў гэтыя дні - 22 сьнежня, спаўняецца  70 гадоў ад пачатку дзейнасьці ў Нямеччыне Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, якую заклалі паваенныя  беларускія эмігранты ў лягеры  ДП, дзе жылі пасьля ад'езду  з Бацькаўшчыны. Сп.  Ганна коратка распавяла пра сытуацыю, у якой апынуліся беларускія ўцекачы і пра іх імкненьне ў неспрыяльных абставінах клапаціцца пра нацыянальную  адукацыю дзяцей і моладзі. Назвала таксама імёны тых сяброў, якія сёньня належаць да БАЗА і  вучыліся некалі у Гімназіі імя Янкі Купалы -  Анатоль Занковіч, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Ала Орса Рамана, Юля Андрусышын. Згадвалася і пра тое, што пра гісторыю Гімназіі напісаная кніга беларускім дасьледычкам з Беластоку  Янам Максімюком.