12 снежня пры падтрымцы Згуртавання Беларусаў Канады і Царквы Святога Кірылы Тураўскага адбыўся Калядны выпуск Мова Нанова ў Таронта з каляднікамі (Фольк-гурт “Яваровы людзі ”), якія не толькі самі прыйшлі, а Казу з сабой прывялі, Бусла і Мядзведзя.
Асабліва прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў нашых заняткаў стаўся відэазапіс каляднай гісторыі ад Уладзімера Арлова, запісанага ў Менску нашымі сябрамі адмыслова для Каляднага выпуску Мова Нанова ў Таронта.
Граматычны блок быў займальным і інтэрактыўным, са святочнай віктарынай і групавымі заданнямі па беларускай мове. Міфалагічны аспект Калядаў, сімвалы і іх значэнні маляўніча і падрабязна прадставіла ў тэматычным блоку доктар навук Алена Лявончанка.
Госць тэматычнага блоку, Надзея Дробіна, старшыня Рады Парафіі Беларускай Царквы ў Таронта падзялілася сваёй гісторыяй Калядаў, бо памятае з маленства, як святкавалі Каляды, што рабілі, што апраналі ў славутай вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласці, дзе яна нарадзілася. Усе абрады, звязаныя з Калядамі, Надзея бачыла на свае ўласныя вочы і дэталёва памятае многія з іх. А Першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Архіепіскап Наваградскі і Паўночнаамерыканскі, Святаслаў паведаў пра Божыя цуды з усяго свету, што здараюцца ў час, калі надыходзяць Каляды.
Віталь Кошалеў, сябра ініцыятыўнай групы Мова Нанова ў Таронта, дзеліцца ўражаннямі пра Калядны выпуск Мова Нанова ў Таронта: “Вельмі прыемна бачыць новыя твары, пачуць новыя галасы. Мы радыя, што Мова Нанова ў Таронта набірае сваю папулярнасць і аўтарытэт. Удзельнікі сем’ямі з’язджаюцца з розных гарадоў Канады, каб далучыцца да беларускай культуры. Гэтым разам мы пазнаёміліся з Сяржуком і Наталляй з Лондану (Антарыё, Канада) і былі ўсцешаныя тым, што іх дочкі вывучаюць беларускую мову праз скайп з настаўніцай з Беларусі. Мне вельмі прыемна, што традыцыя навучання беларускай мове за мяжой працягваецца, а Мова Нанова ў Таронта дапамагае знайсці аднадумцаў і неабыякавых да беларускай культуры людзей”.
Традыцыйна ўдзельнікі Мова Нанова ў Таронта атрымалі духмяныя самаробныя пернікі.
Інфармацыю пра мерапрыемствы ў Беларускім цэнтры Таронта можна знайсці на сайце Згуртавання Беларусаў Канады http://belaruscanada.org/