Беларуская ялінка ў Амерыцы ФОТАФАКТ

У амерыканскім горадзе Нью-Брансўік, штат Нью-Джэрсі, штогоду ў сярэдзіне снежня, каб належна адкрыць калядны сезон, наладжваецца выстава нацыянальных ялінак. Паказ іх адбываецца ў будынку венгерскага культурнага цэнтра.

На адкрыцці выставы нацыянальных ялінак: Сяргей Трыгубовіч з сынамі Лёвам і Колем, а таксама Надзя Запруднік. За беларускай ялінкай стаяць ялінкі грэчаская і дацкая.

У ваколіцах Нью-Брансўіку жывуць беларусы, маюць свае цэрквы: адна імя Жыровіцкай Маці Божай у суседнім Гайленд-Парку, а другая імя Еўфрасінні Полацкай ў суседнім Саўт-Рывэры. Прыхаджане гэтых цэркваў удзельнічаюць у выставе калядных ялінак, удэкароўваючы ялінку ў цудоўна вырабленыя з саломкі арнаменты и калядныя сюжэты. Гадамі ўжо ініцыятар гэтага мерапрыемства — Сяргей Трыгубовіч, прыхаджанін царквы Жыровіцкай Маці Божай, што ў юрысдыкцыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

На сёлетнім калядным паказе стаяць дзесяць ялінак: амэрыканская, венгерская, беларуская, грэчаская, дацкая, італьянская, лаціна-амерыканская, эстонская, японская і літоўская. Выстаўлена таксама габрэйская менора ў знак святкаваньня Ханукі. 

Каля кожнай ялінкі і каля меноры стаіць на падножцы дошка з тлумачальным тэкстам пра святкавальныя традыцыі дадзенай нацыянальнасці. 

Канцэртную частку адкрыцця выставы забяспечылі вучні суботняй венгерскай школы выкананнем венгерскіх калядак ды інсцэніроўкай маментаў з нараджэння Ісуса Хрыста.