Даволі дзіўнае адчуванне ўзнікае, калі набіраеш на кампутары верш 1932 года і ў той жа час ведаеш, што аўтарава дыханне яшчэ грэе свет жывых. Міхась Кавыль, Язэп Казіміравіч Лешчанка сёння адзначае свой 100-гадовы юбілей.Піша Ціхан Чарнякевіч.
Міхась Кавыль
Нарадзіўся паэт, адпаведна, у 1915 годзе ў адной з сялянскіх хатаў случанскай вёскі Покаршаў. Хадзіў вучыцца ў школкі большых за родную вёсак – у Грэск і Грозава. У тым самым славутым Грозаве, за які год да таго як выправіцца будучы паэт на вучобу, арганізуецца Грозаўскі полк слуцкіх паўстанцаў.
1930 год стане для беларускай гісторыі чорным часам – разгорнецца справа “Саюзу вызвалення Беларусі”, будзе арыштаваная і зацяганая на допыты фактычна ўся нацыянальная інтэлігенцыя: дзясяткі й дзясяткі паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў атрымаюць неўзабаве першыя тэрміны высылкі і лагероў. Для случака Язэпа Лешчанкі гэты год стане шчаслівым; пазней, у сваіх успамінах, будзе ён прыгадваць, як маліўся ўкленчыўшы перад абразом Багародзіцы пра тое, каб паступіць у менскі Белпедэхнікум, і як мара ягоная спраўдзілася. Вучыцца ён разам з беларускімі літаратарамі Сяргеем Астрэйкам, Уладзімірам Гуцькам (Дудзіцкім), Францам Гінтаўтам, Лукашом Калюгам, Уладзімірам Сядурам. Уступае ў літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Маладняк” і друкуе ў аднайменным часопісе першыя свае вершы.
Разам з тым, надыходзяць і дні смутку: недзе зусім побач адбываюцца арышты, ходзяць чуткі пра тэхнікумаўскіх сэксотаў, урэшце яго самога заводзяць у дом ГПУ і змушаюць да вярбоўкі і стукацтва на сваіх сяброў. Пасля адмовы Кавыля станавіцца сэксотам праходзіць зусім няшмат часу, і аднойчы, а менавіта 23 лютага 1933 года на святочных танцах у клубе, да яго звяртаецца вайсковец і патрабуе выйсці на двор. Паэт нават не збіраецца браць паліто, але “дабрачы” чэкіст пераконвае яго апрануцца, бо “можна прастудзіцца”. За гэтым – агаламшальнае паведамленне пра арышт, сухая галадоўка, “амерыканка”, камера, поўная напаўзвар’яцелых смяротнікаў, падступнае ілжывае следства і – тры гады канцэнтрацыйных лагероў.
Збылося прароцтва цыганкі, якая зайшлася ў хату Лешчанак перад ад’ездам Язэпа ў Менск, сапраўды чакалі на яго “казённы дом і далёкая дарога”. 30 дзён у прадзіманым вятрамі і дарэшты запоўненым вагоне, без дроваў для печкі, з пайкай селядцоў, але без вады. Урал, Сібір, Нова-Сібірск, Нікольск-Усурыйск, Сядан. Далёкі Усход, дзе, дзякуючы малаадукаванай сакратарцы ГУЛАГа не разабраліся: 74 артыкул крымінальнага кодэксу БССР азначаў “контррэвалюцыю”, а Кавыля запісалі па ўсесаюзным 74 артыкуле – “хуліганства”.
Амаль тры гады “малядняковец” Язэп Маёвы валіў лес, рабіў дошкі на пілараме, будаваў дамбы на рэках Далёкага Усходу, вывозіў тачкамі зямлю, вырабляў цэглу для ваданапорных станцый, якую даводзілася выцягваць з пякельных лагерных печаў проста рукамі, абернутымі ў старыя рукавіцы; закладаў аманал ва ўладзівастоцкія сопкі, вісячы ў паветры на чэсным слове турэмнай вяроўкі. Аднойчы ж нават змушаны быў намаляваць тушшу 18 партрэтаў наркама ўнутраных спраў Генрыха Ягоды. Урэшце, не адбыўшы да канца свайго тэрміну, быў вызвалены.
Далей чакала кароткае падарожжа на Радзіму, адзін дзень у роднай вёсцы і пасяленне ў Варонежы, далей ад Беларусі. Адным вокам убачыў Кавыль на сцэне варонежскага тэатра ў 1936 годзе ссыльнага Восіпа Мандэльштама. Паслухаць выступ расійскага класіка не ўдалося: заля была запоўненая цалкам. У Варонежы вучыўся на настаўніка, працаваў на заводзе, а неўзабаве быў прызваны на фронт, дзе трапіў у палон і вярнуўся ў Беларусь працаваць у беларускіх арганізацыях пад нямецкай акупацыяй. Як і тысячы іншых беларусаў, з веданнем, што яго чакае пасля вайны, вырашыў не заставацца ў Беларусі і паехаў у эміграцыю. Дзе, зрэшты, і нарадзіўся нанова як паэт.
Блуканне па пакутах, вечнае вандраванне, цяжкая фізічная праца успрымаліся ўжо як этапы паэтычнага шляху. Першая кніжка вершаў, “Ростань” (1947) выйшла ў лагеры для перамешчаных асобаў у Рэгензбургу. Другая, “Пад зорамі белымі” (1954) у Нью-Ёрку, трэцяя “Першая рана” (1960) у Манчэстэры. Чацвёрты тамок вершаў, “Цяжкія думы” (1961), складзены з цвёрдых паэтычных формаў, пабачыў свет у Саўт-Рыверы. У сярэдзіне 1950-х крытык і ідэолаг амерыканскай эміграцыі Антон Адамовіч намаўляе Кавыля на складаную паэтычную форму, нечуваную для беларускай паэзіі – вянок санетаў. У 1956 годзе Міхась Кавыль, у супрацы і пад шчыльнай рэдактурай Адамовіча, заканчвае свой першы вопыт у гэтай форме – твор “Цяжкія думы”, спаборнічаючы ў гэтым з Алесем Салаўём, які дасылае з Аўстраліі фрагменты свайго “вянка”. Але і без увагі на класічныя вершаваныя памеры Кавыль стаецца адным з самых цікавых паэтаў на эміграцыі, што выразна засведчыў аднатомны збор яго твораў “Міжагнёўе”, выпушчаны Беларускім Інстытуам Навукі і Мастацтва ў Н’ю-Ёрку ў 1990 годзе.
100 гадоў Язэпу Лешчанку, Язэпу Маёваму, Міхасю Кавылю! Шчыра віншуем беларускага чытача і беларускую літаратуру з гэтай сапраўды знакавай датай. Ніжэй прапануем выбраныя вершы апошняга беларускага “маладнякоўца”, праўдзівага патрыярха беларускай паэзіі.