Не стала архіяпіскапа Юрыя

Сумная вестка прыйшла ад Віктара Дударава з ЗША.

29 лістапада 2015 г. памёр архіяпіскап Юры.

Эмігідыюш Рыжы (архіяпіскап Юры) нарадзіўся 5 жніўня 1933 года на хутары паблізу вёскі Латыгала Пастаўскага павету Віленскага ваяводства (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). З сям'і "ворагаў" народу. У 1946 годзе быў фактычна дэпартаваны ў Польшчу. Ад 1976 году жыў у ЗША. У 1977 пачаў душпастырскую службу.

Пачынаючы з 1993-га, 10 гадоў запар прыязджаў на Беларусь. З ініцыятывы і пры непасрэдным удзеле ўладыкі Юрыя на Бацькаўшчыне адрадзілася Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная (Народная) Царква. Так, у 1994 годзе пачаліся багаслужбы ў мінскім прыходзе святой Еўфрасінні Полацкай, у 1995 - у Мінску высвячаецца япіскап, і выходзіць з друку першы нумар царкоўнага бюлетэню "Голас царквы Беларускай". 1996 - пачатак дзейнасці прыходу і адбудовы старажытнага храму ў гонар найсвяцейшай маці Божай у Сёмкавым гарадку, адкрыццё прыходу ў старадаўняй Пакроўскай царкве вёскі Строчыцы пад Мінскам. 1997 - у новазбудаванай капліцы адчыняе дзверы прыход святога Кірылы Тураўскага ў Слоніме. 1999 - пачатак службы і будаўніцтва свайго храму ў прыходзе святой Еўфрасінні Полацкай у пасёлку Пагранічны на Гарадзеншчыне. 2000 - утвараюцца царкоўныя суполкі ў Гародні і Зэльве. 2002 - пачынае дзейнічаць прыход святога Юр'я ў вёсцы Шчомысліца Мінскага раёну.

На жаль, сёння бальшыня гэтых беларускіх асяродкаў знішчана ўладамі або знаходзіцца ў глыбокім падполлі.

Эмігідыюш Рыжы ў 2003 годзе напісаў і выдаў кнігу ўспамінаў і разважанняў "Мой крыж", ягоныя апавяданні друкаваліся ў штогодніку "Беларус".

Выказваем глыбокія спачуванні ўсім блізкім памерлага, хто ведаў яго і шанаваў. Светлая памяць пра яго застанецца ў нашых сэрцах. Мір яго душы на нябёсах!