Свята крэатыўнасці. Юны беларус стаў пераможцам Сусветнага фестывалю дзіцячага мастацтва

Сёлета сталіца Злучаных Штатаў у пяты раз вітала маладыя таленты з усіх кантынентаў падчас Сусветнага фестывалю дзіцячага мастацтва. У самым сэрцы Вашынгтона, проста перад Белым домам на тэрыторыі Паўднёвага прэзідэнцкага парка, называнай Эліпсам, грамадскасці былі прадстаўлены дасягненні юных творцаў. Мерапрыемства традыцыйна ставіла за мэту перадусім інтэграцыю, творчы дыялог паміж таленавітымі дзецьмі, іх бацькамі і кіраўнікамі, сцвярджаючы такім чынам, што мастацтва не дзеліць людзей на расы ці нацыянальнасці. Такі падыход з’яўляецца асновай палажэнняў, якіх прытрымліваюцца арганізатары.

Першапачаткова створаная як Дзіцячая алімпіяда, з цягам часу ініцыятыва перарасла ў фестываль сусветнага маштабу. Пачынаючы з 1999 года кожныя чатыры гады, дзякуючы намаганням Міжнароднага дзіцячага мастацкага фонду, Вашынгтон становіцца месцам, якое канцэнтруе і шырока прадстаўляе дзіцячыя таленты з усіх куткоў свету. На конкурс мастацтваў дасылаюцца тысячы прац, з якіх кампетэнтнае журы выбірае найлепшыя, фарміруючы прызавыя месцы, а пераможцы запрашаюцца ў Вашынгтон паўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. У рамках фестывалю праводзяцца пленэрныя выставы дзіцячых прац, паказы, мультыкультурныя выступы, а таксама творчыя майстар-класы, колькасць актыўных удзельнікаў якіх фіксаваная, аднак праслухаць майстар-клас могуць усе жадаючыя - як дзеці, так і іх бацькі.

Кожны фестывальны дзень падпарадкоўваецца адпаведнай тэме. У гэтым годзе, такім чынам, адбыліся: Дзень здароўя і аховы навакольнага асяроддзя - для пашырэння ведаў аб праблемах экалогіі, важных для кожнага чалавека незалежна ад узросту; Дзень творчасці і фантазіі - меў на мэце павышэнне патэнцыялу і развіццё маладых талентаў; Дзень міру і лідарства - для развіцця ўмення працаваць у групе і суперажываць адно аднаму. Фестываль традыцыйна распачаўся адкрыццём, затым праводзіліся фестывальныя дні згодна з запланаванай тэматыкай, а скончыўся - святкаваннем Дня незалежнасці Злучаных Штатаў і ўрачыстым банкетам.

У графічным конкурсе сёлетняга Фестывалю перамог юны мастак, таленавіты мінскі школьнік Міхась Шаціла. Творчы інтарэс Міхася канцэнтруецца перадусім на графіцы. Дзякуючы сваім бацькам, мастачцы-графіку Юліі Шаціла і скульптару Алесю Шацілу, ён з малых гадоў рос у творчай атмасферы, выхоўваўся на найлепшых прыкладах беларускага мастацтва і літаратуры.

Згодна з аб’яўленай тэмай "Спорт”, Міхась прадставіў на разгляд журы працу "Біятланісты”, выкананую ў нетыражнай графіцы. Гэтая графічная праца вылучаецца сваім пластычным почыркам, спецыфічнай манерай, а таксама яркай стылістыкай, да якой схіляецца юны мастак. Менавіта дзякуючы гэтаму твор быў адабраны сярод мноства іншых і стаў творам-пераможцам.

Ва ўмовах глабальных зменаў і імклівасці жыцця мы часта не маем часу, каб задумацца пра тое, што важна і сапраўды ўяўляе з сябе каштоўнасць. Штогод праводзіцца мноства творчых спаборніцтваў і конкурсаў для дзяцей. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць, даюць магчымасць дзецям паглядзець на сябе і свае працы зусім з іншага боку, у іншых абставінах, і, што найважней, дазваляе сустрэцца з аднадумцамі і знайсці новых сяброў з усяго свету.

Мастацтва не мае межаў, яно карыстаецца ўніверсальнай мовай, якую мы разумеем сэрцамі, а не розумам. Творчасць, разнастайнасць і адзінства. Калі, як не цяпер, мы павінны аб’яднаць намаганні, каб нашыя дзеці маглі развівацца і атрымаць надзею на лепшае заўтра - менавіта такімі задачамі кіруюцца арганізатары Сусветнага фестывалю мастацтваў.

 

Вера Ягоўдзік,

мастак, сябар ГА "Беларускі саюз мастакоў"