Разважаючы пра перспектывы нашай беларускай дыяспары, задаешся пытаннем: а як вырашаюцца надзённыя праблемы жыцця і дзейнасці дыяспары ў іншых краінах, скажам, у найбліжэйшых суседзяў? І ў сувязі з гэтым не тое каб адчуваеш недасканаласць, але ўзнікае адчуванне, што не стаіць беларуская дыяспара на парадку дня ў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Па-добраму пачынаеш зайздросціць тым жа расійцам альбо ўкраінцам.
Да прыкладу, у лістападзе ў Маскве прайшоў V Сусветны кангрэс расійскіх суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. У форуме ўзялі ўдзел больш за 400 пасланцоў арганізацый суайчыннікаў з 97 краін свету, кіраўнікі федэральных органаў улады, прадстаўнікі шэрагу расійскіх рэгіёнаў. Адкрыў Кангрэс міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў. Прыйшоў павітаць расійцаў замежжа і Прэзідэнт, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Больш за тое, ён выступіў на пленарным пасяджэнні Кангрэса, падкрэсліў, што “ўсебаковая падтрымка суайчыннікаў была і застаецца адным з прыярытэтаў, полем для сумесных намаганняў дзяржавы і грамадскіх арганізацый”. Таксама перад удзельнікамі Кангрэса выступілі і старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл ды кіраўнік Камітэта Дзярждумы па справах СНД і сувязях з суайчыннікамі Леанід Слуцкі, міністр культуры Уладзімір Мядзінскі. Як бачым, у Расіі пытанням суайчыннікаў надаецца ўвага на самым высокім узроўні.
А ўзяць тых жа ўкраінцаў: за мяжой сваёй краіны іх пражывае больш за 20 мільёнаў. Сусветны кангрэс украінцаў грае важную ролю звяна, што звязвае іх з Радзімай. Гэтая арганізацыя цесна працуе разам з украінскім урадам для развіцця сувязяў паміж Украінай і яе дыяспарай. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка абмяркоўвае з кіраўніцтвам СКУ і ўкраінскіх дыяспар важныя для дзяржавы пытанні, якія тычацца рэформаў, бязвізавага рэжыму, эканамічнай і палітычнай бяспекі краіны; у красавіку гэтага года Пётр Аляксеевіч ініцыяваў з'езд Сусветнага кангрэса ўкраінцаў, які, паводле яго слоў, з'яўляецца магутнай сілай адстойвання інтарэсаў Украіны ў свеце. Кіраўнік украінскай дзяржавы заўсёды ў сваіх дзелавых паездках знаходзіць час для сустрэч з украінскай дыяспарай.
Чытаеш гэтыя паведамленні ў інтэрнэце і думаеш: «А што ж мы, беларусы?».
Амаль паўтара дзясятка гадоў ішла размова аб прыняцці закона аб суайчынніках за мяжой. Прынялі. І гэта вельмі добра, нягледзячы на тое, што гэты Закон носіць рамачны характар. Але ўжо вельмі доўга ўсё адбываецца, а свет жа паскараецца. Усеўкраінскі саюз беларусаў два гады спрабуе дастукацца да найвышэйшых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. Неаднаразова накіроўвалі пісьмовыя звароты Прэзідэнту, у тым ліку адкрыты ліст. Мы, вядома, не сумняемся, што Прэзідэнту было дакладзена аб нашых зваротах, але ніякай рэакцыі пакуль не было. Мы, беларусы, цярплівыя і ўсё яшчэ спадзяемся, што вышэйшае кіраўніцтва краіны пачуе наш чарговы зварот і знойдзе магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі Усеўкраінскага саюза беларусаў для абмеркавання важных пытанняў прадуктыўнага супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай.
Пётр Лайшаў,