У берлінскім выдавецтве Trescher трохтысячным накладам выйшаў найбуйнейшы даведнік па Беларусі на нямецкай мове. Аўтары выдання аб'ёмам 500 старонак — Андрэ Бём і Марына Рахлей.
Філолаг і славіст Бём выкладаў нямецкую мову ў Мінску і Гродне па праграме нямецкай службы акадэмічных абменаў, валодае рускай і беларускай мовамі. Рахлей — былая журналістка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, якая працуе ў Берліне.
У даведнік увайшлі нацыянальныя паркі, а таксама славутыя мясціны розных гарадоў усіх абласцей: Слуцка, Ракава, Барысава, Косава, Быхава, Веткі, Чачэрска, Лунна, Слоніма, Іўя, Гальшан, Оршы і інш. Па Мінску прапанавана некалькі турыстычных маршрутаў.
«Большая частка даведачнага выдання прысвечаная гісторыі краіны, сучаснай сітуацыі ў палітыцы, эканоміцы, культуры, рэлігіі. Кароткі руска-беларуска-нямецкі слоўнік спатрэбіцца ўсім, хто не валодае гэтымі мовамі», — паведаміла Рахлей.
Аўтары падкрэсліваюць, што гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з гісторыяй развіцця еўрапейскага кантыненту і гісторыяй еўрапейскіх войнаў. Даведнік апісвае асаблівасці культурнага і дзяржаўнага станаўлення краіны. «Менавіта таму мы «ўпісалі» ў даведнік не самыя прываблівыя з пункту гледжання чыстага турызму мясціны. Наша канцэпцыя: «Краіна і яе культура — гэта больш, чым можна ўбачыць вачамі», — зазначыла сааўтар.
Кніга, якая са снежня будзе рэалізоўвацца ў нямецкамоўных краінах і інтэрнэт-магазінах, прапаноўваецца «падарожнікам і тым, хто хоча пазнаёміцца з Беларуссю бліжэй».
У Германіі кніга будзе каштаваць 21,59 еўра (412 тыс. рублёў), у Аўстрыі — на 1,01 еўра даражэй.