Навуковая адзінка складаецца з выкладчыкаў, якія не могуць займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларусі праз палітычныя рашэнні.
Перадусім, прафесарскі склад складаецца з рэпрэсаваных выкладчыкаў Гарадзенскага ўніверсітэта. Цэнтр беларускіх даследаванняў будзе арганічнай адзінкай Інстытута Усходняй Еўропы, гаворыць дырэктар Ян Маліцкі:
– Гэта будзе арганічная частка Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта.
Адрозніваецца ад іншых тым, што не будзе мець уласных студэнтаў.
Асобы, якія цікавяцца Беларуссю, польска-беларускімі стасункамі змогуць пачуць погляды і меркаванні беларускіх даследчыкаў на гэтыя тэмы.
Кіраўнік новастворанага Цэнтра беларускіх даследаванняў Алесь Краўцэвіч не выключае, што ў будучыні навуковая адзінка стане платформай для навучання беларусаў:
– Калі гэта ўсё добра пойдзе пры лепшым аптымістычным прагназаванні і пры добрым развіцці падзеяў, у Польшчы можа паўстаць нейкі адукацыйны цэнтр для беларускіх студэнтаў. Але гэта трэба разглядаць як часовую з’яву. Таму што, сапраўды, мы павінны вучыць беларускіх студэнтаў у Беларусі. Цэнтр беларускіх даследаванняў будзе мець свой друкаваны орган, які будзе выдавацца раз на год. Асноўнай мовай навуковай адзінкі будзе беларуская.