21 сшытак з успамінамі беларуса, рэпрэсаванага ў маладосці

Быў некалькі дзён па працы ў камандзіроўцы на поўначы Іркуцкай вобласці ў горадзе Усць-Кут.

Вядома, гэта яшчэ не сама Поўнач. Усць-Кут – горад, размешчаны там, дзе рака Кута ўпадае ў раку Лена. 650 км. па прамой на поўнач ад Іркуцка. Ляцеў на самалёце АН-24 адну гадзіну 20 хвілін. Паводле нашых мерака зусім побач... Камандзіроўка атрымалася ўдалай. Вырашыў рабочыя моманты станоўча. Хоць прыйшлося пабыць там даўжэй, чым планавалася.

Але не гэта важна. А важна, што я там змог наведаць аднаго дзеда-беларуса, якому сёлета споўнілася 90 гадоў. Ён нарадзіўся 25 чэрвеня 1925 у "Шаркаўшчызне" (як ён сам кажа), г.зн. у Шаркаўшчыне, якая была на той момант пад Польшчай. Дзед - вельмі ўнікальны. Быў рэпрэсаваны за тое, што адмовіўся ў 19 гадоў стаць інфарматарам Смерша. Падчас акупацыі Беларусі немцамі вучыўся ў Настаўніцкай семінарыі ў Паставах.

Клічуць Дзеда - Бахір Уладзімір Іванавіч.

На жаль, ён два гады таму перанёс інсульт. І цяпер кажа "з опрежением", г.зн. яго думкі апярэджваюць словы. Пачынае гаварыць адно, а заканчвае сказ іншай думкай. Мне яго было цяжка зразумець.

Але ва ўзросце 80 гадоў у 2005 годзе ён напісаў успаміны. 21 школьны сшытак. Гэта ўнікальныя запісы! Яго сын Аляксандр Уладзіміравіч і яго нявестка Людміла ласкава далі гэтыя сшыткі мне для расшыфроўкі. Калі я іх сеў чытаць, не мог адарвацца. Прачытаў, праўда, выбарачна толькі пра вайну пакуль. Але ўжо гэта мяне ўразіла: зусім іншы погляд на вайну, на тыя трагічныя гады. Да таго ж ён змог і закахацца, і быць кавалерам, ды яшчэ не адной дзяўчыны... Зрэшты, я абавязкова расшыфрую ўсе яго нататкі і прыкладу максімум намаганняў, каб іх апублікаваць!

Хачу падзякаваць за арганізацыю гэтай сустрэчы Аляксею Тупіцыну, майму раней фэйсбучнаму, а цяпер і вочнаму Сябру. Гэта менавіта ён мне расказаў пра гэтага Дзеда.

І яшчэ! Наша сустрэча была вельмі ветлівай. Дзед разумее ўсё. Рэагуе адэкватна. Калі б вы бачылі, як ён узрадаваўся, што я яго зямляк з Полацка, што мы віцебскія «мальцы». Я яму падарыў сваю новую футболку з эмблемай Полацка. Ён са слязьмі яе прыняў і тут жа папрасіў сына дапамагчы яе апрануць. А як ён узрадаваўся майму значку з эмблемай "Пагоня"! Гэты значок я таксама быў вымушаны яму падарыць, бо для яго, як мне здалося, ён быў важнейшы...

Так што нашая сустрэча атрымалася вельмі чулай і ветлай. Мы абодва аказаліся не толькі блізкімі землякамі (Полацк і Шаркаўшчына знаходзяцца кіламетрах за 60 адзно ад аднаго), але і праўдзівымі беларускімі патрыётамі сваёй роднай зямлі. А, як водзіцца, калі ты далёка ад Радзімы, кожны зямляк раднейшы за брата!

Алег Рудакоў