«Беларускай культурай зачаруем Сібір!» - так называўся дакументальны фільм, прымеркаваны да 15-годдзя Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. Фільм не вельмі працяглы, але змясціў асноўныя падзеі ў жыцці цэнтра, пачынаючы з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага руху ў Сібіры, і да нашых дзён. І ў назве гэтай сапраўды адбілася велізарная культурна-асветніцкая дзейнасць цэнтра. Створаны ў 2000 годзе Пастановай кіраўніка Адміністрацыі вобласці як бюджэтная ўстанова, цэнтр увесь гэты час вёў сталую працу па адраджэнні, захаванні і развіцці беларускай нацыянальнай культуры. Як вынік - 16 філіялаў, з якімі цэнтр пастаянна падтрымлівае сувязь і ў будні, і ў святы. Будні - гэта дапамога самадзейным калектывам у забеспячэнні метадычнай літаратурай, рэпертуарам, арганізацыя семінараў па народных рамёствах з прыцягненнем майстроў, праца з юным пакаленнем па засваенні беларускай мовы.
А ўжо святы - гэта сапраўдны феерверк, песенны і танцавальны, які збірае гасцей з усяго Сібірскага рэгіёна. Грацыёзны бусел, імя якога носіць традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці, даўно пераляцеў не толькі межы Беларусі і Расіі, але і суседняга Казахстана. З беларусамі прыгранічнага Паўладара адбываецца пастаянны абмен творчымі калектывамі.
Па многіх раёнах Новасібірскай вобласці падарожнічаюць і знакамітыя персанажы беларускага фальклору - Лявон з Лявоніхай, якія ў гульнявой форме прапаведуюць вечныя чалавечыя каштоўнасці, узаемадапамогу, добрасуседскія стасункі, нормы паводзін у грамадстве.
Гэтым разам традыцыйнае восеньскае свята «У гасцях у Лявоніхі» супала з юбілеем НЦБК. З'ехаліся найлепшыя, ужо вядомыя самадзейныя калектывы з вобласці, з усяго сібірскага рэгіёну. У фае ДК Кастрычніцкай рэвалюцыі, быў арганізаваны сапраўдны беларускі кiрмаш, дзе народныя ўмельцы выставілі мудрагелістыя вырабы з дрэва, керамікі, саломкі, праводзілі майстар-класы.
З асаблівым смакам дэгуставаліся беларускія стравы, на нядаўнім выставе-кірмашы харчовых і прамысловых тавараў з Беларусі, які прайшоў у Новасібірску, гараджане высока ацанілі іх якасць.
Так што на свяце знакамітыя дранікі і іншыя нацыянальныя стравы былі нарасхват. Весялілі народ традыцыйныя героі - Лявон з Лявоніхай.
Увогуле, усё як заўсёды. Толькі праходзіла гэтае свята ўпершыню без яго галоўнага арганізатара, нязменнага кіраўніка цэнтра Ніны Васільеўны Кабанавай. Яна актыўна рыхтавалася да гэтай знамянальнай даты, бударажыла сваіх супрацоўнікаў, але зусім незадоўга пайшла з жыцця.
Чалавек, шчыра адданы нацыянальнай беларускай ідэі, Ніна Васільеўна сваім несуцішным тэмпераментам здолела аб'яднаць усіх, хто неабыякавы да нацыянальнай культуры беларусаў.
Яе шчодрасць, гасціннасць, арганізатарскія здольнасці вядомыя ўсім, хто з ёй меў зносіны. Таму болем і смуткам адгукнулася ў сэрцах усіх, хто ведаў Ніну Васільеўну, вестка пра яе раптоўную трагічную смерць.
І ў афіцыйных віншаваннях са святам гучала высокая ацэнка працы Цэнтра, з якім непарыўна звязана імя яе нязменнага дырэктара.
Мэр горада А.Е.Локаць у сваім вітальным пасланні падзякаваў Цэнтру за цеснае супрацоўніцтва з горадам-пабрацімам Новасібірска - Мінскам. Бо дзякуючы Цэнтру было наладжана актыўнае і плённае супрацоўніцтва з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у РФ, з міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, з Дзяржаўнай установай «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур», Домам народнай творчасці Магілёўскай вобласці, Беларускім таварыствам па сувязях з суайчыннікамі «Радзіма», г. Мінск, Інстытутам культуры Беларусі, беларускімі грамадскімі арганізацыямі гарадоў Расіі, Казахстана, Алтая.
Ніна Васільеўна з'яўлялася членам Кансультатыўнага савета пры міністры культуры Рэспублікі Беларусь з 2010 г. по 2014 г., а з 2014 года - членам Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў РБ, членам Савета Федэральнай аўтаноміі беларусаў Расіі, членам Савета па міжнацыянальных адносінах пры губернатару Новасібірскай вобласці. Сярод яе шматлікіх узнагарод - медаль Францыска Скарыны. І калі прагучала прапанова ўшанаваць хвілінай маўчання памяць Ніны Васільеўны, устала ўся перапоўненая зала. Гэта натуральна: новасібірцам добра знаёмыя добрыя справы Цэнтра, які значна ўзбагачае культурную палітру шматнацыянальнага горада.
Былі і падарункі, і падзякі за запрашэнне ад артыстаў з Томска, Казахстана, іншых гарадоў. Беларускую песню выканала 8-гадовая ўнучка Ніны Васільеўны - чароўная Сонечка, якую яе знакамітая бабуля старанна далучала да беларускай культуры, не раз вазіла яе на гістарычную Радзіму.
Увогуле, жыццё працягваецца!
Шмат добрых слоў і пажаданняў прагучала ў адрас супрацоўнікаў цэнтра: Анжалікі Несцеркінай, Крысціны Карпавай, якая зусім нядаўна прыйшла ў цэнтр, асабліва Анастасіі Трубянковай, прызначанай выконваючай абавязкі кіраўніка. Насцю, вядомую салістку Цэнтра, удзельніцу шматлікіх міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў, Ніна Васільеўна песціла і выхоўвала, бачачы ў ёй сваю пераемніцу. Так што кола не замкнулася.