Беларусы ўзялі ўдзел у адкрыцці ў Вашынгтоне мемарыялу ахвярам Галадамору

У суботу, 7 лістапада, у Вашынгтоне адбылася адметная падзея, пасля якой у сталіцы ЗША афіцыйна існуе памятка пра адну з трагічных старонак ХХ ст. — Галадамор ва Украіне ў 1932-33 гадох. У гэты дзень адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Мемарыяла памяці ахвяраў Галадамору.

Падчас мітынгу выступілі прадстаўнікі амерыканскіх уладаў, дзеячы ўкраінскай эміграцыі, з Украіны прыехала жонка прэзідэнта Марына Парашэнка, было паказана відэа з прывітальным словам Пятра Парашэнкі.

На ўрачыстасць з’ехаліся ўкраінцы з цэлай Амерыкі, з Нью-Ёрку таксама прысутнічала вялікая грамада. БАЗА атрымала запрашэнне узяць удзел і наша дэлегацыя ў складзе 15 асобаў разам з украінцамі з Нью-Ёрку таксама выехала ў Вашынгтон. Мы лічылі патрэбным падтрымаць нашых суседзяў і раздзяліць з імі радасць і смутак. Стараліся мы як найбольш выразна прадставіць нашу прысутнасць на мітынгу, разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, зрабілі плакат з Пагоняю і надпісам «Беларусь». Так што абыйсці ўвагаю нашу групу было амаль немагчыма, шмат людзей падыходзілі, пыталіся, рабілі фота. Там мы сустрэлі даўняга сябра беларусаў - амерыканскага дыпламата і выдатнага фатографа Джона Кунстадара, які таксама наведаў урачыстасць.

Мы былі прыемна ўражаныя, як добра ўсё было арганізавана, як было ўсё зручна зроблена для людзей, як урачыста і ўзнёсла адбывалася цырымонія. Спадабаўся і сам Мемарыял, які ўяўляе сабою сцяну даўжынёю 10 м. са стылізаванымі пшанічнымі каласамі на ёй. Калоссе як сімвал урадлівых украінскіх палёў, надавала асаблівае гучанне трагедыі. Багаты ўраджай і голад — дзве несумяшчальныя рэчы маглі быць аб’яднаныя толькі злой воляю тых, хто зламысна справакаваў Галадамор.

Варта парадавацца за ўкраінцаў, за іх салідарнасць, за іх высокую самасвядомасць, за іх адказнасць перад сваёй краінай, гісторыю якой яны вяртаюць з забыцця. Агульнымі высілкамі яны здолелі аднавіць і ўшанаваць памяць пра ахвяраў Галадамору, паставілі ім помнік у Кіеве і цяпер ў цэнтры сталіцы ЗША, гэтую памяць ужо не сцерці. Мы бачылі вакол сябе людзей у вышыванках, з адухоўленымі, натхнёнымі тварамі. Верыцца, што і сённяшнюю бяду ўкраінская нацыя пераадолее і пабудуе новае больш шчаслівае жыццё.