Новая беларуская капліца ў Лондане адлюструе сутнасць беларусаў

У Лондане ў паўночнай частцы горада ў Вудсайд-парку, на тэрыторыі Беларускай каталіцкай місіі, праз год з’явіцца драўляная капліца памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO гутарыць з натхняльнікам і кіраўніком будаўніцтва, душпастырам для беларусаў — католікаў усходняга абраду а. Сяргеем Стасевічам.

— Айцец Сяргей, прыход, якому будзе належаць будучая святыня, мае слаўную і багатую гісторыю, з якой сёння, на жаль, школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі маладое пакаленне не знаёмяць. Нагадайце, калі ласка, яе вехі.

— Гісторыя Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане налічвае больш за 60 гадоў. Яна была заснаваная ў 1947 годзе з ухвалы кардынала Грыфіна. Місія з’яўляецца часткай Беларускай грэка-каталіцкай царквы — адной з нешматлікіх цэркваў усходняга абраду ў Вялікабрытаніі.

Па завяршэнні Другой сусветнай вайны ўжо ўздужалая беларуская супольнасць Лондана разраслася за кошт беларускіх салдатаў, якія служылі ў польскіх дывізіях і якія не пажадалі пасля дэмабілізацыі вяртацца на радзіму з-за «жалезнай заслоны».

— Пасляваеннае пакаленне выразна адрознівалася ад сучаснага не толькі пабожнасцю, але і жаданнем удзельнічаць у грамадскім жыцці, патрыятычнымі памкненнямі…

— Менавіта ў гэты час Вудсайд-парк стаў ключавым месцам для беларускай супольнасці. У 1948 годзе была пабудаваная невялікая капліца святых Пятра і Паўла. У 1971 была заснавана адзіная бібліятэка па-за тэрыторыяй Беларусі, матэрыялы якой прысвечаныя выключна беларусазнаўству і ўяўляюць сабой самы поўны збор працаў па гэтай тэме ў Заходняй Еўропе.

Нядзіўна, што многія мясцовыя называюць гэты раён «Беларускай вёскай». Дарэчы, будучая капліца будзе акружаная ліпамі, а таксама чатырма бярозамі, пасаджанымі памерлым у 1981 годзе біскупам Чэславам Сіповічам у памяць аб любай радзіме.

— Айцец Сяргей, вы ўзводзіце капліцу з дрэва. Выбар матэрыялу прадыктаваны ландшафтам?

— Для таго, каб вобраз новай капліцы адлюстроўваў сутнасць беларускага народу, архітэктар праекта выправіўся ў Беларусь, каб азнаёміцца ​​з узорамі уніяцкага драўлянага дойлідства. Знешні выгляд такіх цэркваў значна адрозніваецца ад цэркваў рускага ўзору з купаламі-«цыбулінамі».

На працягу стагоддзяў беларусы будавалі амаль усё з дрэва. Доктар Тамара Габрусь, вядомы гісторык Беларусі, піша: «Нашы продкі нараджаліся і жылі ў бесперапынным і сакральным кантакце з лесам. Нованароджаных клалі ў драўляную люльку, хатняе начынне было зробленае з дрэва, і ў апошні шлях беларус таксама выпраўляўся ў драўлянай труне. Яны будавалі з дрэва дамы для сябе і для Бога… і ў гэтых храмах яны маліліся перад абразамі, напісанымі на дрэве, іканастасы, упрыгожванні і скульптуры таксама былі зробленыя з дрэва».

З гэтай прычыны капліца будзе з дрэва. Вокны будуць вельмі вузкімі, бо абразы і іншыя рэліквіі вельмі чуйныя да святла.

Вокны храма будуць уладкаваныя такім чынам, што будуць прапускаць святло, але будуць цалкам абмяжоўваць агляд знутры, фактычна робячы капліцу «без вокнаў». Такая канструкцыя адпавядае інтравертным візантыйскім літургічным традыцыям. Дызайн знешніх сценаў быў створаны пад уплывам знешняй ашалёўкі беларускіх уніяцкіх цэркваў, пабудаваных у стылі барока, папулярным у часы падпісання Берасцейскай Уніі.

Каментуючы вонкавае аблічча будучай пабудовы, Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, піша: «Нягледзячы на ​​тое, што з 40-х гадоў беларускія арганізацыі валодалі шэрагам будынкаў у Лондане, Манчэстары і Брэдфардзе, гэты праект з’яўляецца беспрэцэдэнтным, ствараючы новую славутасць Вялікабрытаніі, якая валодае мастацкай сувяззю з Беларуссю… Акрамя гістарычнай сувязі, знешні выгляд новай капліцы будзе нагадваць пра трагічныя страты многіх паселішчаў у выніку Чарнобыльскай катастрофы. Магчыма, хвалістыя шэрагі вертыкальных лініяў, намаляваных на сценах капліцы, нагадаюць беларусам пра прыгажосць лясоў іх роднага краю. Акрамя гэтага, новы праект таксама стане часткай архітэктурнага ландшафту Вялікабрытаніі і ўзорам сучаснай ангельскай архітэктуры. Для ўсіх людзей беларускага паходжання незалежна ад іх веравызнання гэтая капліца павінна стаць бачным духоўным знакам прысутнасці беларусаў у Вялікабрытаніі».


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение