Пра што запытваюць беларускую бібліятэку ў Лондане

Як і ў старыя часы, Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны застаецца важнай крыніцай інфармацыі пра Беларусь для даследчыкаў, беларусазнаўцаў і аматараў нашай краіны і культуры.

Лонданская Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны – не толькі ўстанова, дзе навуковец можа знайсці багатую калекцыю кніг, перыядычных выданняў і іншых матэрыялаў пра Беларусь. Сюды часта звяртаюцца па інфармацыю пра Беларусь, яе культурную спадчыну і нават па турыстычныя парады.

Большасць нашых наведвальнікаў прыходзяць на кароткі час – пабачыць музей, пазнаёміцца асабіста, распавесці пра тэму сваіх зацікаўленняў. Іншыя робяць менавіта бібліятэчную калекцыю прадметам сваёй увагі – для напісання курсавых прац ці артыкулаў. Так, адзін з нашых суайчыннікаў, мясцовы студэнт, адважыўся напісаць дыпломную працу па архітэктурнай рэстаўрацыі ў Беларусі. Без Скарынаўкі ўзяцца за такую тэму ў Брытаніі было б немагчыма: ніякая іншая ўстанова не валодае адпаведнымі зборамі.

Таксама прыязджаюць сюды даследчыкі з іншых краін, бывае і на даволі працяглы час – на тыдзень і больш. Скарынаўка заўсёды была месцам, дзе беларусазнаўцы маглі напоўніцу выкарыстаць патэнцыял сваіх акадэмічных адпачынкаў і камандзіровак. Такія візіты плануюцца загадзя і часта фінансуюцца з адпаведных акадэмічных грантаў.  Напрыклад, ужо цяпер мы ведаем, што два навукоўцы з Беларусі і Польшчы плануюць наведаць бібліятэку ў наступным годзе, каб пачаць пісаць тут кнігу і дысертацыю.

Найчасцей у бібліятэку прыходзяць запыты праз электронную пошту і твітар. Напрыклад, нядаўна пацікавіліся, ці “Тутэйшыя” Купалы і “У кіпцірох ГПУ” Аляхновіча перакладаліся на ангельскую мову. У абодвух выпадках адказ быў “не” – ні наша калекцыя, ні злучаны каталог бібліятэк Беларусі не паказваюць такіх перакладаў. Таксама цікавіліся матэрыяламі, звязанымі з Лявонам Вiтан-Дубейкаўскім – архітэктарам, педагогам, грамадсскім дзеячам і паэтам з Заходняй Беларусі. З гэтым нам было складаней, бо бібліятэка пакуль не змагла каталагізаваць сваіх збораў, таму хутка знайсці ўсе матэрялы на пэўную тэму цяжка ці нават немагчыма. Прасцей, калі пытанне датычыць пэўнага выдання, як, напрыклад, альбом “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-XVII стагоддзяў”, ілюстрацыю з якога мы нядаўна дапамаглі атрымаць даследчыцы з Харватыі.

Звяртаюцца ў бібліятэку з прапановамі арганізаваць ці падтрымаць самыя розныя падзеі: візіты беларускіх аўтараў, выставы і падобнае. Так, напрыклад, у лістападзе ў Лондане адбудзецца выстава сучасных беларускіх ікон, рэкламныя ўлёткі якой распаўсюджваюцца сярод наведвальнікаў бібліятэкі, хоць Скарынаўка да арганізацыі падзеі не мела дачынення.

Звяртаюцца па дапамогу і журналісты. Напрыклад, калі Лявон Вольскі прыязджаў з канцэртам у Англію, рэкламная кампанія шукала шляхі распаўсюду інфармацыі пра канцэрт сярод брытанскіх беларусаў. Мы дапамаглі перакласці іх прэс-рэліз на беларускую мову і зацікавілі навіной агенства БелаПАН. З іх дапамогай навіну падхапілі некалькі беларускіх СМІ, якія актыўна чытаюцца брытанскімі беларусамі. А калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, мы не паспелі знайсці, хто б мог пракаментаваць яе творчасць для амерыканскага агенства Associated Press – усё ж адчуваецца, што магчымасці валанцёраў абмежаваныя.

За год такіх запытаў набіраецца багата, за добрую сотню дакладна. Як і ў старыя часы, Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны застаецца важнай крыніцай інфармацыі пра Беларусь для даследчыкаў, беларусазнаўцаў і аматараў нашай краіны і культуры.

Ігар Іваноў