7 лістапада 2015 года ў Таронта “Мова Нанова” пры падтрымцы Згуртавання беларусаў Канады распачала свой першы сезон інтэрактыўных заняткаў беларускай мовы.
Журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская, заснавальнікі курсаў “Мова Нанова” ў Беларусі, прывіталі ўдзельнікаў “Мовы Нанова” ў Таронта праз загадзя запісаны відэазварот, бо розніца ў часе не дазволіла зрабіць гэта анлайн. У Беларусі ў гэты час была акурат ноч.
Граматычны блок прадставіў старшыня Згуртавання беларусаў Канады, лінгвіст Зміцер Эльяшэвіч.
Тэмай першых заняткаў сталася “Здаровае харчаванне”. Доктар малекулярнай біялогіі Алена Лявончанка падрыхтавала прэзентацыю, наўзвочна прадэманстравала хімічныя працэсы, якія адбываюцца ў нашым арганізме падчас стрававання, і як карысная і некарысная ежа ўплывае на нашае здароўе.
Нягледзячы на глыбокую ноч па беларускім часе, жывы голас з Беларусі ўсё ж такі быў пачуты. Скайп-госць з Беларусі, дацэнт Медычнага ўнівэрсітэта Віталь Кошалеў цярпліва чакаў відэазлучэння з Таронта і з задавальненнем адказаў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства пасля сваёй прэзентацыі пра здаровае харчаванне.
Госць тэматычнага блоку - сямейны лекар Юлія Барыла, якая практыкуе ў Таронта, таксама адказала на пытанні, што хвалявалі ўдзельнікаў “Мова Нанова” ў Таронта.
Працягам музычнага блоку выступаў беларускі фольк-гурт з Таронта “Яваровы людзі”. Слухачы разам з гуртом спявалі песні й гралі на музычных інструментах.
Ірына Тоўсцік, вядучая й адна з ініцыятараў “Мовы Нанова” ў Таронта, пра курсы: “Атрымалася такая ўтульная, цікавая, займальная й пазнавальная сустрэча. Хочацца адзначыць, што “Мова Нанова” ў Таронта - гэта не толькі вывучэнне мовы й культуры Беларусі, гэта таксама яднанне, наладжванне сувязяў (networking) сярод беларусаў Таронта. Для дзетак у нас былі арганізаваныя столікі з алоўкамі, маляванкамі й самаробкамі, каб бацькі, якім няма з кім пакінуць дзетак, таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць у нашых занятках. Мы шчыра запрашаем усіх зацікаўленых беларусаў на нашыя наступныя сустрэчы. Заняткі будуць адбывацца раз на месяц у будынку Беларускага грамадска-рэлігійнага Цэнтру Таронта 524 St.Clarens Ave. Toronto M6H 3W7 Canada.
Расклад наступных заняткаў Мова Нанова ў Таронта на 2015-2016
• 12 снежня 2015 Тэма: Каляды
• 24 студзеня 2016 Тэма: Беларускія стравы
• 28 лютага 2016 Тэма: Масленіца
• 12 сакавіка 2016 Тэма: Вясна
• 16 красавіка 2016 Тэма: Вялікдзень
• 7 траўня 2016 Выпускны