Пазьняк: каб быў літаратурны рынак, то Міцкевіч бы пісаў па-беларуску

Палітык расказвае, якія імёны трэба вярнуць у беларускую літаратуру і чым небяспечная раз'яднанасьць народа. 

Якія дзеячы беларускай культуры спачываюць на польскай зямлі? Чые імёны былі незаслужана забытыя ў Беларусі і павінныя быць вернутыя ў школьныя падручнікі? Чаму патрыётам павінен быць і слесар і прафесар? Пра гэта распавядае Зянон Пазьняк. У Дзень усіх святых палітык з групай беларусаў наведаў галоўны некропаль польскай сталіцы – Паванзкоўскія могілкі. На Дзяды больш за паўсотні беларусаў наведалі магілы ўраджэнцаў беларускай зямлі, якія знайшлі вечны спакой у Варшаве. Яны запалілі знічы на магілах нявесты Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, пачынальніка беларускай і польскай фатаграфіі Яна Булгака, вялікага кампазітара Станіслава Манюшкі.
Імёны пісьменнікаў Адама Плуга і Вінцэнта Каратынскага, ці пахаванага ў Вільні паэта Уладзіслава Сыракомлі ведае кожны польскі школьнік. Але мала хто памятае, што гэтыя людзі выхаваліся ў беларускай культуры, пражылі ў Беларусі большую частку свайго жыцця й пісалі частку твораў па-беларуску. Манюшка й Булгак пісалі па-польску, але палякамі сябе не лічылі – падкрэслівае Зянон Пазьняк. 
З. Пазьняк: Яны самі сябе не лічылі палякамі. Паводле паходжання, этнічнай культуры яны беларусы. А паводле палітычнага самавызначэння яны былі «краёўцамі» – патрыётамі Вялікага Княства Літоўскага. Такім быў мастак Фердынанд Рушчыц. Такім быў Ян Булгак. Яны ведалі беларускую мову, але гаварылі па-польску, пісалі па-польску, лічылі, што супольная дзяржава Рэч Паспалітая – гэта добрая справа і яе трэба адрадзіць. Людзі, якія называлі сябе краёўцамі, патрыётамі Літвы, безумоўна, адносяцца як да здабыткаў нашай,так і да здабыткаў польскай культуры. 
Чаму ж Адам Плуг і Вінцэнт Каратынскі, якія ведалі й любілі беларускую мову, напісалі на ёй толькі адзінкавыя творы?
З. Пазьняк: Для гэтага павінна быць асяродзьдзе. Гуртку ў два-тры чалавек замала. А для літаратуры яшчэ павінен быць рынак. Каб быў беларускі літаратурны рынак, каб было асяродзьдзе, то Міцкевіч бы пісаў па-беларуску. Ян Чачот яго да гэтага намаўляў. Уладзіслаў Сыракомля меў шмат дзяцей і жыў з таго, што ён пісаў. Яму далі замову напісаць нарыс пра Мінск па-польску. Ён яго напісаў, атрымаў за гэта грошы. А беларускага рынку не было. Па-беларуску ён пісаў толькі для душы. А вось Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ахвяраваў свае сродкі. Ён за ўласны кошт выдаў паэму «Сялянка». Ён сачыў за тым, як яна прадаецца. Марцінкевіч пераадолеў тую мяжу, якую не змаглі перайсці Адам Плуг ці Уладзіслаў Сыракомля. Хоць у літаратурным плане яны стаялі вельмі высока – можа нават Плуг стаяў вышэй за Марцінкевіча. 
Творы Сыракомлі, Плуга ці аўтара знакамітай аповесці «Знахар» Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча павінныя быць перакладзеныя на беларукую мову, вернутыя ў беларускую культуру – лічыць Зянон Пазьняк.
З. Пазьняк: Абавязкова трэба перакласці Адама Плуга. Трэба перакласці Далэнгу-Мастовіча, яго «Кар’еру Нікадэма Дызмы», «Знахара», «Дзённік пані Ганкі». Гэтыя працы павінен весці дзяржаўны інстытут перакладу. І ў першую чаргу павінныя быць перакладзеныя творы польска-беларускіх аўтараў: яшчэ не поўнасцю перакладзеныя Міцкевіч, Чачот... Гэта праца для цэлага аддзела. 
Беларусы наведалі таксама й магілу Міхала Федароўскага – паляка, які зрабіў неацэнны ўклад у беларускую культуру. Ён склаў 8-томную этнаграфічную энцыклапедыю «Люд беларускі на Русі Літоўскай» – кнігу, якая стала асновай для беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі. Федароўскі паказаў цэласнасць і ўзаемасувязь народнай культуры, якая спалучае розныя слаі грамадства – зазначыў Зянон Пазьняк. 

Трагедыя беларусаў заключаецца ў тым, што на працягу дзесяцігоддзяў улады Расійскай імперыі ды СССР настройвалі просты люд супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. На Украіне міна, закладзеная яшчэ ў савецкія часы, прывяла да трагедыі. Прадухіліць яе паўтарэнне ў Беларусі можа толькі правільная нацыянальная адукацыя – заявіў палітык.

З. Пазьняк: У такое становішча трапілі не толькі мы, але й Украіна, Малдова. Большасць еўрапейскіх народаў у гэтым плане іншыя. Ляжыць пад плотам нейкі, напрыклад, румын. Падымі яго – на якой мове ён будзе гаварыць? На румынскай! Ён разумее, што ён румын. Калі будзе вайна й яго забяруць у войска, ён будзе бараніць Румынію...

Калі ж нізы не атрымалі нацыянальнай адукацыі, не ведаюць гісторыі, не маюць памяці й іх настройваюць супраць уласнага народу – тады такі чалавек з нізоў робіцца магільшчыкам сваёй нацыі. Так было ў трыццатых гадах. Беларусаў выкарыстоўвалі, каб вынішчыць беларускую інтэлігенцыю. Прымушалі іх пісаць даносы... Гэтыя даносчыкі, запалоханыя старшыні калгасаў не атрымалі адукацыі, яны ўжо не былі чальцамі сваёй нацыі ў культурным плане, хоць этнічна яны былі беларусамі. Яны сталі вінцікамі акупацыйнай дзяржавы. Акупацыйная асімілятарская палітыка прыводзіць да сацыяльна-нацыянальнай дэзінтэграцыі грамадства.

Таму я кажу, што нацыя павінна быць адзінай – ад апошняга бамжа да акадэміка, кардынала й пісьменніка. Але забяспечыць гэта можа толькі нацыянальная дзяржава. Мы дасягнулі незалежнасці, але ўлады здабыць не змаглі, таму што нам не было на каго абаперціся. Якім чынам цяперашнія ўлады знішчаюць беларускія школы, беларускую культуру? Пры дапамозе людзей, якія кажуць: «Зачэм мне этат беларускій язык? Зачэм я буду пасылаць рэбёнка в беларускую школу? А патом как?» Вось на што робіцца стаўка! На разбалансаванне нацыі. А нацыя павінна быць культурна адзінай – ад нізу да верху.

І асабліва гэтае правіла праяўляецца, калі пачынаецца выпрабаванне вайной. Ва Украіне – хто пайшоў ваяваць у першую чаргу? Журналісты, нават пісьменнікі, інтэлігенцыя! А людзі з нізоў, якія былі ўжо дэнацыяналізаваныя, сталі «цітушкамі». А гэта ж тыя самыя ўкраінцы. Але іх выкарыстоўвалі для знішчэння Украіны! Гэта вынік разбалансаваньня нацыі.

У нацыі павінна быць так, каб кожны знайшоў сваё месца. Напрыклад, нехта можа быць Васем-выпівохам, але ў часы небяспекі ён становіцца патрыётам і гатовы пакласці жыццё за сваю Бацькаўшчыну. У нацыі не павінна быць лішніх людзей. Кожны чалавек мае сваю каштоўнасць. І так да людзей трэба адносіцца.

Размаўляў Аляксандр Папко


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение