У нядзелю 1 лістапада беларуская грамада ў Нью-Ёрку адзначыла Дзень памяці продкаў - нашы традыцыйныя Дзяды. У Саборы Св. Кірылы Тураўскага пасля нядзельнай літургіі была адслужана паніхіда ў памяць памерлых - тых, хто аддаў свае жыцці ў змаганні за беларускую справу, хто загінуў у войнах, хто трапіў у жорны сталінскіх рэпрэсіяў, хто заўчасна адыйшоў праз наступствы Чарнобыля, каго загубіў сённяшні рэжым, хто апынуўся ў выгнанні і памёр на чужыне. Кожны з прысутных таксама згадваў пра свае страты блізкіх, сяброў і паплечнікаў і маліўся за супакой іх душаў.
Далей дзея працягнулася ў грамадскай зале, дзе была наладжана сумесная бяседа за сталом. Дзяліліся ўспамінамі, згадвалі, як адзначалі Дзяды на Бацькаўшчыне. Алена Рыдзеўская распавяла пра гістарычныя карані адзначэння Дня памяці продкаў. Ганна Сурмач згадала пра тое, што пяць гадоў таму ў такія ж сумныя лістападаўскія дні страціла маці, а перад гэтым і адзінага брата, і толькі тады зразумела, што сапраўднае развітанне з Радзімаю адбываецца , калі страчваеш там родных. Дзіяна Маракова, дачка Леаніда Маракова і радня рэпрэсаванага пісьменніка Валеры Маракова, згадала, як было цяжка ёй слухаць ад настаўнікаў у школе пра тое, што Сталін быў вялікім дзеячам. Яе бацька шмат гадоў займаўся даследаваннем лёсаў рэпрэсаваных беларусаў. Алена Рыдзеўская паведаміла, што менавіта з кнігі Маракова яе сям'я даведалася пра лёс іхных блізкіх, што былі знішчаны падчас рэпрэсіяў. Госця з Польшчы, журналістка "Еўрарадыё", Анастасія Ільіна згадала, як адзначаліся Дзяды ў Берасці, адкуль яна родам. Ала Караткевіч нагадала, што беларусы ў Нью-Ёрку павінны памятаць у такі дзень і пра тых нашых папярэднікаў, хто сарганізавалі беларускае жыццё, набылі маёмасць і стварылі ўмовы для нашага пакалення эміграцыі, цяпер наша задача захаваць усё гэта.
У гэты сумны дзень усё ж разыходзіліся ў добрым настроі, што пабылі разам, разам адзначылі Дзяды і ўшанавалі памяць тых, каго ўжо няма з намі.
Ганна Сурмач