Пад Казанню з'явіцца помнік Купалу

Да 135-х угодкаў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы ў сяле Пячышчы пад Казанню з’явіцца помнік Песняру   

  Дамову падпісалі Алена Ляшковіч і Сяргей Кандыбовіч

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж музеем і Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Расіі”. І першы сумесны праект, над якім ужо працуюць музей і нашы супляменнікі, гэта ўстаноўка помніка Янку Купалу ў сяле Пячышчы (Расія, Рэспубліка Татарстан). Менавіта там жыў паэт разам з жонкаю пасля эвакуацыі з Мінска на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У тым татарскім сяле дзейнічае адзіны ў Расіі музей беларускага Песняра (пра тое газета нядаўна пісала: “На Волзе шануюць Купалу”, ГР, №36,  24.09.2015), які, паводле словаў ганаровага консула Беларусі ў Казані, старшыні беларускай суполкі “Спадчына” Сяргея Марудэнкі, уключаны ў турысцкія маршруты.  Старшыня Савета ФНКА “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч упэўнены: справа ўзвядзення помніка Янку Купалу аб’яднае не толькі беларусаў Татарстана, але і ўсёй Расіі. Як тое было ў 2006-м, калі ўсталёўвалі помнік Песняру на Кутузаўскім праспекце ў Маскве. А дырэктар Купалаўскага музея Алена Ляшковіч дадала: праект павінен быць канчаткова завершаны ў 2017-м, да 135-х угодкаў паэта.  На падпісанні дамовы паміж Літаратурным музеем Янкі Купалы і аўтаноміяй “Беларусы Расіі” прысутнічаў Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Ён павіншаваў прысутных са знакавай падзеяй і адзначыў важнасць замацавання папярэдніх сяброўскіх дамоўленасцяў на паперы.