У нядзелю 25 кастрычніка свой 65-гадовы юбілей адзначала газета беларускай дыяспары ў Амерыцы — «Беларус». Першы нумар газеты выйшаў у Нью-Ёрку 20 верасня 1950 года. Залажыла выданне, створанае паваеннай эміграцыяй ў 1949 годзе, Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА).
Газета цалкам выдаецца на ахвяраванні сваіх чытачоў і рыхтуецца рэдакцыйнымі калектывамі цягам усіх гэтых гадоў на грамадскіх пачатках. Да сённяшняга часу у свет выйшла 616 нумароў.
«Беларус» — адно з найстарэйшых перыядычных беларускіх выданняў у замежжы. Можна сказаць, што гэта сёння амаль адзіная эміграцыйная газета, якая ўтрымалася такі доўгі час. «Беларус» адлюстроўвае не толькі жыццё амерыканскіх беларусаў, але і падае інфармацыю пра беларускія асяродкі ў розных іншых краінах, а таксама і пра навіны з Бацькаўшчыны. Ад пачатку і да сёння газета трымаецца ў сваім змесце патрыятычных поглядаў, падтрымлівае ідэю дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, ідэі дэмакратыі і свабоды, прапаганды і абароны беларускай культуры і мовы.
Юбілейная імпрэза адбылася у Беларускім цэнтры на Атлантык Авеню 401 у Нью-Ёрку. Ганаровым госцем і асноўным прамоўцам быў сп. Вітаўт Кіпель.
Шмат гадоў ён супрацоўнічаў з газетаю і ўкладаў сваю працу ў яе выданне разам са сваёй жонкаю Зораю і блізкімі палечнікамі. Сп. Кіпель зачытаў прывітальны ліст ад сп. Янкі Запрудніка, які цягам 15 гадоў быў галоўным рэдактарам, але ў гэты дзень не здолеў прыйсці на юбілей. Ад імя цэлай сваёй адданай беларускай справе вялікай сямьі сп. Вітаўт зрабіў сапраўды «царскі» падарунак газеце — ахвяраванне на 1 тыс. дал.
Сучасны галоўны рэдактар газеты сп-ня Ганна Сурмач зачытала атрыманыя віншаванні з юбілеем — ад сп-ні Івонкі Сурвіллы — старшыні Рады БНР, ад Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», ад Згуртавання беларусаў Канады і Парафіі Св. Кірылы Тураўскага з Таронта, ад сп. Валеры Барташа з Севастопаля. Яна таксама згадала гісторыю выдання, кожнага з ягоных папярэдніх галоўных рэдактараў, прадэманстравала першы нумар газеты і запрасіла прысутных азнаёміцца з падрыхтаванай у зале выставай.
Сябра Рэдакцыі сп-ня Таццяна Красоўская распавяла, як даносіцца газета да чытачоў, куды ідзе рассылка, зачытала некаторыя атрыманыя лісты са словамі падзякі. Сябра Рэдакцыі, які ажыццяўляе кампутарны набор нумароў газеты, сп. Мікола Шыдлоўскі заклікаў прысутных больш актыўна супрацоўнічаць з газетаю, падаваць свае допісы, каб змест газеты стаў больш шырокім.
Расціслаў Гарошка, як адзін з найстарэйшых чытачоў газеты, пажадаў выданню поспехаў, каб яно працягвала жыць у будучыні.
Імпрэза скончылася ўспамінамі пра розныя адметныя моманты ў жыцці газеты, смешныя выпадкі. Так, сп. Гарошка нагадаў, як жонка аднаго з былых рэдактараў газеты цягам 20 гадоў - сп. Станіслава Станкевіча - прасіла сяброў на нейкім сходзе БАЗА: "Не адбірайце ў яго газэту, бо ён памрэ". Дзякуючы такім вось энтузіястам і дажыў «Беларус» да гэтага паважнага 65-гадовага веку.
Ганна Сурмач, фота і відэа Belarusworld Baza