Бібліятэкі і беларусы за мяжой – з кангрэса бібліятэкараў у Мінску

21-22 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску адбыўся III Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”.

Сёлета на бібліятэчным кангрэсе былі прадстаўленыя і лонданская Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны. Сакратар бібліятэчнай рады, Ігар Іваноў, узяў удзел у некалькіх секцыях кангрэса і сустрэўся з прадстаўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі для наладжвання супрацоўніцтва паміж галоўнай бібліятэкай краіны і беларускай бібліятэкай у Лондане ў такіх сферах як дакументаабмен, развіццё лічбавых рэсурсаў, прадастаўленне доступу да айчынных інфармацыйных рэсурсаў суайчыннікам у замежжы і іншым карыстальнікам па-за межамі краіны, выставачная дзейнасць, напаўненне бібліяграфічных рэсурсаў і тэхналагічная дапамога.

На пленарным пасяджэнні Кангрэса

Падчас круглага стала на тэму інфармацыйнага абслугоўвання замежных карыстальнікаў быў агучаны даклад пра Скарынаўскую бібліятэку – яе гісторыю, сучасныя прыярытэты і магчымасці супрацоўніцтва з бібліятэкамі Беларусі. Ігар Іваноў прапанаваў разглядаць беларускую дыяспару як патэнцыйнага партнёра бібліятэк і іншых арганізацый у самой Беларусі. Cуайчыннікі ў дыяспары часта з’яўляюцца добра абазнанымі ў мове, культуры і рэчаіснасці тых краін, дзе праца беларускіх устаноў можа быць запатрабаванай. Яны таксама адчуваюць патрэбу заставацца часткай беларускай нацыі і захоўваць сваю ідэнтычнасць. Варта, аднак, быць рэалістамі: большасць устаноў дыяспары існуе на валанцёрскіх пачатках.

На пасяджэнні круглага стала

Выступоўца адзначыў, што ў сітуацыі, калі сусветны фокус змяшчаецца з Еўропы ў бок Кітая, часткі арабскіх краін і Азіі наогул, а Беларусь не мае адпаведніка Інстытута Гётэ, Польскага інстытута і пад., беларусам – незалежна ад вызнаваных ідэалогій і каштоўнасцяў – як ніколі трэба клапаціцца пра папулярызацыю ўласнай спадчыны за мяжой, бо ніхто іншы за нас гэтага не зробіць.

Глядзі таксама: Кангрэс на Фэйсбуку Рэпартаж на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Здымкі Яўгеніі Красаўцавай