Урачыстае адкрыццё залы беларускай дыяспары адбылося ў пасольстве Беларусі ў Расіі

16 кастрычніка 2015 у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі (ДКК) адбылося ўрачыстае адкрыццё Залы беларускай дыяспары.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Задзіран, статс-сакратар - намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па справах нацыянальнасцяў Расіі Павел Сямёнаў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бабцоў, прадстаўнікі расійскіх і беларускіх органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычны корпус, акрэдытаваны ў Расійскай Федэрацыі, студэнты і суайчыннікі, якія пражываюць у Расіі.
 
З прывітальным словам выступіў Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Ярашэвіч. Ён адзначыў, што яркім сведчаннем зацікаўленасці дзяржавы ва ўмацаванні і развіцці сувязяў з суайчыннікамі за мяжой з'яўляецца рэалізацыя прынятага ў чэрвені 2014 года Закона «Аб беларусах замежжа» і стварэнне ў сакавіку 2015 пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. «У склад савета ўвайшлі шэсць кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў, якія дзейнічаюць у Расійскай Федэрацыі», - падкрэсліў Юрый Ярашэвіч.
Паводле словаў старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі Сяргея Кандыбовіча, адкрыццё залы беларускай дыяспары - значная і важная падзея для ўсіх беларусаў Расіі. "Дзякуючы гэтаму адкрываюцца новыя магчымасці для ўмацавання сувязяў нашых суайчыннікаў з Беларуссю, захавання і развіцця сваёй нацыянальна-культурнай самабытнасці", - заявіў ён.
На пляцоўцы Залы беларускай дыяспары плануецца правядзенне курсаў па вывучэнні беларускай мовы, лекторыяў і семінараў па беларускай гісторыі, навуцы і культуры, рэалізацыя разнастайных творчых, дзелавых, навуковых мерапрыемстваў, канцэртных выступленняў і мастацкіх выстаў, а таксама арганізацыя работы бібліятэкі.
У рамках адкрыцця адбылося падпісанне пагаднення паміж Пасольствам і Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Беларусі аб стварэнні на пляцоўцы ДКК Цэнтра прававой інфармацыі, які дае доступ да дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў; а таксама пагадненні з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі аб стварэнні віртуальнай чытальнай залы, якая дае доступ да актуальных і грамадска-значных матэрыялах аб нашай краіне.