Міхась Андрасюк: Я маю абавязак захаваць у сваіх кнігах тутэйшы свет

Пісьменнік з Беласточчыны Міхась Андрасюк папоўніў сваю бібліяграфію.“Гэтым разам я вырашыў напісаць не зборнік апавяданняў, а больш буйны твор”, – кажа пра сваю новую кнігу аўтар. У Беластоку ён прадставіў літаратурную навінку ў межах фестывалю «Zebrane». З Міхасём Андрасюком пагутарыў Алесь Аркуш.  

РР: Міхась, адразу віншую цябе з выхадам новай кнігі. У цябе ўжо склалася ўласная невялікая бібліятэчка. Але прызнайся, у чым прычына, што і новая кніга выйшла па-польску? Міхась Андрасюк: Гэта вельмі складанае пытанне. І шмат хто ў мяне пра тое пытае, чаму па-польску. А чаму людзі пытаюць? Таму і пытаюць, што я беларускі пісьменнік і апошнім часам пішу па-польску. Тым не менш першыя ўсе мае кнігі былі на беларускай мове. Адказаць на гэтае пытанне вельмі складана. І нават не ведаю чаму. Мова – проста інструмент. У маім выпадку, я нарадзіўся ў Польшчы, мае бацькі нарадзіліся ў Польшчы, усё жыццё я пражыў у Польшчы, і польскую мову паралельна з беларускай лічу сваёй мовай. Магу карыстацца дзвюма мовамі. Але адна з прычынаў, што я пішу час ад часу на польскай мове, такая: на Беласточчыне ў калялітаратурным і літаратурным асяроддзі ўзнікла такое меркаванне, што гэтыя беларускія пісьменнікі ў Польшчы, гэта чорт ведае што, – самі пішуць, самі сябе выдаюць, самі сябе хваляць, што яны такія цудоўныя аўтары. І мне захацелася проста даказаць, што справа не ў мове. Такім чынам з’явілася мая першая кніга па-польску, гэта быў 2010 год, а кніга называлася “Wagon drugiej klasy”. І аказалася, што яна выклікала вялікае зацікаўленне польскамоўнага чытача. І ў цэлым польскага асяроддзя. Кніга адразу патрапіла ў фінал літаратурнай прэміі Казанэцкага, у самай прэстыжнай літаратурнай прэміі на Беласточчыне. А праз год Марцін Рэмбач пераклаў маю беларускую кнігу “Белы конь” на польскую мову, і аказлася, што гэтая кніга атрымала прэмію Казанэцкага. Гэта быў першы выпадак за 20 гадоў існавання прэмія імя Веслава Казанэцкага, калі перамагла беларуская кніга ў перакладзе на польскую мову. Такім чынам, я думаю, што неяк даказаў нашым польскім сябрам, што мы, беларускія аўтары, усё ж такі не горшыя.
РР: На літаратурным фестывалі «Zebrane», які нядаўна адбыўся ў Беластоку, твой выступ быў перад выступам Анджэя Стасюка, і ты пабачыў, што на яго сабралася больш людзей. Я дарэчы пацікавіўся, колькі кніг напісаў Стасюк, – недзе каля 20-ці. Выглядае, што табе трэба яшчэ шмат пісаць? Міхась Андрасюк: Канешне, Анджэй Стасюк ў сучаснай польскай літаратуры значная асоба. Гэта вельмі важны аўтар. І ніякае дзіва, што больш людзей прыйшло паслухаць і паразмаўляць са Стасюком, чым з Андрасюком. Гэта нармальна. Тым не менш, я не думаю, што справа ў колькасці кніжак. Але ўсё наперадзе. І я думаю, што яшчэ можа дагонім не толькі Стасюка. (абодва смяюцца)
РР: Давай тады вяртаемся да тваёй новай кнігі. Гэтая кніжка мае назву „Krzyżyk”. І ў мяне адразу ёсць два пытанні. Першае, чаму „Krzyżyk”? А другое пытанне наступнае. Як раз на сустрэчы на «Zebrane» прагучала такая думка, што ўсе твае кніжкі ў прынцыпе можна аб’яднаць у адну вялікую кнігу. І такое пытанне ўзнікае: а чым усе твае кніжкі павязаныя, што там ёсць агульнае? Сюжэту агульнага нібыта няма, а нешта агульнае ёсць, і гэтае агульнае пазнаюць чытачы. Міхась Андрасюк: Агульнае – месца, у якім усе гэтыя літаратурныя гісторыі адбываюцца. Гэта Падляшша. Беларускае Падляшша. Гайнаўшчына. Наваколле Белавежскай пушчы. Тое месца, дзе я нарадзіўся і дзе пражыў амаль усё сваё жыццё. І вось гэтае месца і гэтыя людзі – героі ўсіх маіх кніжак. Па-першае, таму што, калі не я, дык хто? Калі мне дадзеная такая магчымасць, магчымасць пісаць, быць пісьменнікам, то я павінен гэтую магчымасць скарыстаць. Скарыстаць, каб захаваць, каб перадаць неяк, праз кнігу, праз літаратуру, гэты наш свет. Калі не я, то хто гэта зробіць? Другое, мне вельмі зручна рухацца ў гэтым свеце, які я добра ведаю, але не ведаю яго да канца. І гэта таксама добра. Бо ўсё яшчэ застаецца прычына для чарговай кнігі. Гэты наш прыпушчанскі, беларускі, падляшскі, польска-беларускі таксама, свет. Я гартаю, гартаю, адкрываю чарговы пласты, і стараюся суб’ектыўна яго запісаць. Запісаць і перадаць свету, такім чынам, што гэтыя мае запісы ідуць у свет. У выпадку польскамоўных – яны вандруюць у Польшчы, і палякі ў Познані, у Варшаве, і дзесьці там яшчэ даведваюцца, што ёсць такі беларускі свет у Польшчы, на ўскраіне Белавежскай пушчы. Гэта таксама яшчэ адна прычына чаму я карыстаюся польскай мовай. РР: А чаму „Krzyżyk”? Міхась Андрасю: А чаму „Krzyżyk”? „Krzyżyk” – гэта тое, што ідзе з намі ад пачатку да канца. Калі чалавек выходзіць на свет, нараджаецца, ён атрымлівае імя, хрэст, так можна сказаць. Калі памірае, над магілай яму ставяць крыжык. А паміж першым і апошнім крыжыкам чалавек таксама робіць пэўныя выбары, менавіта ставячы крыжык. Хаця б гэтыя палітычныя выбары, калі ён выбірае сваіх прадстаўнікоў у парламент, ці ў мясцовае самакіраванне. І ставіць крыжык побач з прозвішчам нейкага кандыдата. Гэта розныя крыжыкі. Але тым не менш усе яны важныя. РР: Ёсць такі наваполацкі празаік Вінцэсь Мудроў. Усе падзеі ў ягоных аповедах адбываюцца прыкладна ў адным часе – у 70-ыя гады. Гэта заўважна па антуражы, як размаўляюць, што п’юць ягоныя галоўныя героі. А ў якім часе адбываюцца падзеі ў тваіх кнігах? Міхась Андрасюк: Ну, па-першае, хачу сказаць, што Вінцэсь Мудроў адзін з маіх улюбёных аўтараў. Мая апошняя кніга адбываецца цягам аднаго дня, нават аднаго вечара. Тым не менш ніколі чалавек не жыве толькі актуальнай хвілінай. Таму што ў яго заўсёды ёсць успаміны і ёсць планы на будачыню. І такім чынам ён вяртаецца ўспамінамі ў мінулае, а ў сваіх планах, марах, меркаваннях выходзяць у будучыню. Гэта толькі фізічна ён знаходзіцца ў хвіліне сёння. А скажам псіхічна, псіхалагічна чалавека стварае тое, што было і тое што будзе. Ну і спадзяюся, што атрымалася мне гэта паказаць у новай кнізе, хоць падзеі нібыта зафіксаваныя толькі ў адным адвячорку.
Міхась Андрасюк і Алесь Аркуш
РР: На гэтай апошняй сустрэчы з чытачамі ты абмовіўся пра тое, што ўжо пачалася праца над новай кнігай. І ты нават сказаў, які жыццёвы вопыт збіраешся скарыстаць у напісанні гэтай кнігі. Ці мог бы паведаміць штосьці пра свае творчыя планы?  
Міхась Андрасюк: Канешне. Быў такі час у маім жыцці, калі ў мяне была свая фірма і я займаўся каменячоствам. Што мы рабілі? Між іншым надмагільныя помнікі. Могілкі – гэта вельмі важнае месца ў жыцці нашага грамадства, гайнаўскага таксама. І таму мая новая кніга, якая выйдзе не ведаю яшчэ калі, тым не менш яна адбудзецца на гэтых могілках. Могілкі ў Гайнаўцы гэта вельмі файнае месца. На ўскраіне Белавежскай пушчы, дзе выходзіць дарога на Белавежу. Па правы бок – савецкія вайсковыя, затым, таксама па правы бок, – праваслаўныя, і па левы бок – каталіцкія. І гэта дае такія своеасаблівыя магчымасці для літаратуры. Дзе гэтыя могілкі спалучаюцца? У небе, пад зямлёй, пад дарогай, над пушчай, пад пушчай?.. Думаю, зашмат пакуль няма пра што казаць. Але вось гэтая тэма мяне хвалюе, цікавіць. Рана-позна кніга будзе. Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя