17 кастрычніка Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны мела гонар вітаць намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушу – госця пачатку святкавання ў Вялікабрытаніі 500-годдзя беларускага кнігадруку. Спадар Суша сустрэўся з радай Скарынаўскай бібліятэкі і з беларускай супольнасцю Лондана.
Падчас сустрэчы з сябрамі Бібліятэчнай рады былі агучаны шэраг прапаноў па супрацоўніцтве паміж дзвюма ўстановамі для ўзаемнага пашырэння доступу да калекцый карыстальнікам у Беларусі і Вялікабрытаніі, алічбавання матэрыялаў з калекцыі Скарынаўкі, выставачнай дзейнасці, тэхналагічнаму садзейнічанню і магчымасці карыстання экспертнымі напрацоўкамі Нацыянальнай бібліятэкі. Наперадзе – багата карпатлівай працы, якая павінна прынесці добрыя плёны.
Сустрэча з беларускай супольнасцю пачалася ў Marian House – сядзібе Беларускай каталіцкай місіі і будынку, ад якога гісторыя Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны бярэ свой пачатак.
Джым Дынглі, сябра рады Скарынаўскай бібліятэкі і вядомы беларусазнаўца, распачаў вечарыну аповедам пра тое, што яшчэ ў 1995 г. першы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны шукаў магчымасці для кантактаў і супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай і Скарынаўскай бібліятэкай, але спатрэбілася 20 гадоў, каб першы візіт да суайчыннікаў у Брытаніі прадстаўніка галоўнай беларускай бібліятэкі адбыўся. Яго нагодай стаў пачатак святкавання ў Лондане 500-годдзя беларускага кнігадруку, які прыпадае на жнівень 2017 г.
Ігар Іваноў, сакратар Бібліятэчнай рады Скарынаўкі, расказаў, чаму беларускі асяродак у раёне Фінчлі з’яўляецца вельмі дарэчным месцам для ўшанавання нашых нацыянальных кніжных здабыткаў. Тут жыў і дзеіў а. Аляксандр Надсан –адметны скарыназнаўца, які не толькі вывучаў, перакладаў і папулярызоўваў спадчыну беларускага першадрукара, але і прыклаў вялізарныя намаганні для таго, каб іншыя даследчыкі мелі магчымасці рабіць свае даследванні ў гэтай галіне. Выступоўца таксама распавёў пра кур’ёзны факт стварэння а. Надсанам камп’ютэрных шрыфтоў, стылізаваных пад графіку Скарынавых друкаў. Гэта, верагодна, былі першыя беларускія шрыфты для камп’ютэраў Apple Macintosh.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша прывёз у падарунак для беларускай бібліятэкі ў Лондане першыя восем ужо надрукаваных тамоў факсімільнага ўзнаўлення ўсіх скарынавых выданняў. Ён таксама расказаў пра запланаваную праграму святкавання юбілея беларускага кнігадруку ў Беларусі і замежжы.
Да падзеі была падрыхтавана невялікая, але захапляльная выстава выбраных старадрукаў, манускрыптаў і скарыназнаўчых выданняў, якія складаюць гонар Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, у тым ліку фрагменты Першай кнігі Царстваў (1518 г.), якія захоўваюцца ў тут. Гэтыя скарбы ўпершыню выстаўляліся разам. Прыемным сюрпрызам для прысутных стала непадрыхтаваная загадзя, імправізаваная, але вельмі цікавая і натхняльная міні-экскурсія па выстаўленых экспанатах, якую зрабіў Алесь Суша.
Гэта была першая падзея ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку ў Вялікабрытаніі. Рыхтуюцца іншыя падзеі, у тым ліку ў Брытанскай бібліятэцы і іншых знакавых бібліятэках краіны – з удзелам Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.
Тэкст – Ігар Іваноў; здымкі – Алесь Суша; відэа – Яраслаў Крывой