Восень прынесла беларускай дыяспары і ўсім аматарам беларускай культуры і мастацтва ў Малдове доўгачаканыя Дні культуры Беларусі. Гэтая грандыёзныя падзея ўвабрала ў сябе цэлы шэраг культурных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рэспубліцы з 30 верасня па 2 кастрычніка 2015. Пасля фактычна дзесяцігадовага перапынку практыка правядзення Дзён культуры Беларусі ў Малдове была адноўленая дзякуючы дамоўленасці, дасягнутай на пасяджэнні міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску 15 ліпеня гэтага года.
У рамках праграмы Дзён культуры Беларусі ў Малдове адбылася сустрэча Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова з кіраўнікамі грамадскіх аб'яднанняў беларускай дыяспары ў Малдове, якая прайшла ў памяшканні будучага Беларускага культурнага цэнтра, што ствараецца на базе беларуска-малдаўскага СП "Керамін-груп". На сустрэчы з Міністрам культуры РБ прысутнічалі Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Сяргей Чычук, саветнік Пасольства РБ у РМ Аляксандр Істомін, старшыня Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур з намесніцай Людмілай Гросу, старшыня Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова Юрый Статкевіч, старшыня Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова-Беларусь» Генадзь Зяньковіч, намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» Юрый Максімаў, знакаміты беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка, а таксама генеральны і камерцыйны дырэктара СП "Керамін-груп" Дан Фортунэ і Валянціна Панфілаў.
Сустрэча прайшла ў дружалюбным і канструктыўным ключы, быў абмеркаваны шэраг тэм, якія датычацца працы будучага Беларускага культурнага цэнтра і дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў беларускай дыяспары ў Малдове. Падымаліся пытанні аб дапамозе Міністэрства культуры РБ у правядзенні конкурсу на лепшы праект дызайну інтэр'ера для будучага Беларускага культурнага цэнтра ў Малдове, аб падтрымцы ва ўсталяванні помніка імя Францыска Скарыны ў Малдове. Уздымаліся тэмы атрымання актуальнай інфармацыі пра значныя культурныя мерапрыемствы і конкурсы, якія праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь і магчымасцях ўдзелу прадстаўнікоў аб'яднанняў беларусаў Малдовы ў іх, аб дапамозе ў набыцці камплектаў нацыянальных беларускіх касцюмаў для дзейнасці беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра «Куфар», што створаны пры БКРМ (Беларускі культурны рух Малдовы), аб выдзяленні метадычнай і мастацкай літаратуры, нацыянальнай сімволікі, а таксама аб дапамозе ў правядзенні асобных значных мерапрыемстваў беларусаў Малдовы. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў шчыра адказваў на ўсе пастаўленыя перад ім пытанні кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, падарыў удзельнікам сустрэчы выдатныя памятныя падарункі, паабяцаў і ў далейшым аказваць ўсебаковую падтрымку і дапамогу беларускай дыяспары ў Малдове, за што яшчэ раз атрымаў шчырую і вялікую ўдзячнасць.
Урачыстае адкрыццё Дзён культуры Беларусі ў Малдове адбылося ў цэнтры Кішынёва ў Нацыянальнай філармоніі ім. С.Лункевича з удзелам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова і Віцэ-Міністра культуры Рэспублікі Малдова Георгія Постикэ. Барыс Святлоў на ўрачыстым адкрыцці падкрэсліў, што культурныя сувязі паміж беларускім і малдаўскім народамі досыць традыцыйныя, доўгія, і сёння задача Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Малдова складаецца ў тым, каб гэтыя сувязі не згубіць і развіваць іх далей. Міністр культуры таксама падзякаваў малдаўскаму боку за тыя намаганні, дзякуючы якім, праз час, які падаўся досыць доўгім, на выдатнай малдаўскай зямлі адбылася зноў гэтая сустрэча.
Яркімі пазітыўнымі ўражаннямі напоўнілі гасцей выдатны вернісаж габеленаў беларускіх майстроў "Каляровая нiзка" і раскошны святочны канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Cвята", які доўга не адпускалі бурнымі апладысментамі са сцэны Нацыянальнай філармоніі. Выступленне ансамбля народнай музыкі "Cвята" таксама з бляскам прайшло ў паўночнай сталіцы Малдовы - г. Бельцы ў мясцовым Палацы культуры.
У Цэнтры культуры і мастацтва Odeon у Кішынёве ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Малдове цягам двух дзён адбываўся паказ беларускіх фільмаў. Гледачы ўбачылі карціны "Белыя росы. Вяртанне" і "Сляды апосталаў". Завяршыліся Дні беларускай культуры прэзентацыяй анімацыйных фільмаў студыі "Беларусьфільм" і паказам мастацкага фільма "Брэсцкая крэпасць", які, мяркуючы па колькасці чырвоных ад слёз вачэй, крануў да глыбіні душы кожнага гледача трагічнай і адначасова легендарна-гераічнай старонкай летапіса гісторыі беларускага народа.
Дні культуры Беларусі ў Малдове пад сваім дахам некалькі дзён запар збіралі вялікую колькасць высокапастаўленых гасцей, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, культурнай інтэлігенцыі, бізнес-эліты і сталі зноў выдатнай пляцоўкай для душэўнай сустрэчы нашых беларускіх землякоў, што жывуць у Малдове.
Успамін пра цёплае свята роднай беларускай культуры будзе яшчэ доўга грэць сэрца ўсім беларусам Малдовы.
Ганна Мазур