У нядзелю, 11 кастрычніка, беларусы Нью-Ёрка сабраліся ў грамадска-царкоўнай зале на Атлянтык Авеню, 401. Амаль кожны тыдзень у гэтым беларускім цэнтры адбываюцца нейкія імпрэзы, мерапрыемствы, акцыі. Гэтая была асабліва цікавая, бо чакаўся канцэрт вядомай спявачкі Таццяны Матафонавай з Мінску. Таццяну нью-ёркскія беларусы добра ведаюць. У 2009 годзе яна ўжо была тут з канцэртам і пакінула самыя добрыя ўражанні і ўспаміны . Таму цяпер яе віталі з асаблівай цеплынёй і цікавасцю. Шчымлівыя родныя беларускія мелодыі расхвалявалі прысутных, адгукнуліся у сэрцах болем і смуткам па далёкай Бацькаўшчыне. У многіх былі слёзы на вачах. Прысутныя сардэчна дзякавалі таленавітай спявачцы і актыўнай прапагандыстцы беларускай культуры. Запрашалі ў будучыні ізноў завітаць у Нью-Ёрк.
Таццяна Матафонава ў Нью-Ёрк прыехала з нагоды прафесійных музычных студыяў і адначасна пагадзілася парадаваць сваімі спевамі амерыканскіх беларусаў у Нью-Ёрку і Кліўлэндзе. Канцэрт гэты ніяк не быў прымеркаваны да той палітычнай падзеі, якая ў гэты дзень адбывалася ў Беларусі. Аднак у слухачоў ён выклікаў не толькі эмацыйныя пачуцці, але і абвострыў цікавасць да так званых прэзіыдэнцкіх выбараў. Пасля канцэрту ўвага прысутных накіравалася на вялікі экран на сцэне, дзе можна было назіраць наўпроставы рэпартаж пра акцыю пратэсту ў цэнтры Мінска супроць несумленных выбараў.
Таццяна Матафонава спявае песню на словы Зянона Пазьняка: слухаць.
Таццяна Матафонава спявае "Пагоню": слухаць.
Таццяна Матафонава спявае песню "Зорачкі": слухаць.