На віленскіх могілках Росы адновяць помнік Францішку Аляхновічу

У Вільні адновяць помнік на сімвалічнай магіле Францішка Аляхновіча. Пасля некалькіх гадоў зваротаў у розныя інстанцыі ўдалося знайсці патрэбную суму грошай для таго, каб замяніць часовы, пастаўлены яшчэ ў пачатку 90-х гадоў, помнік – на больш трывалы. 

Кажа старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” Людвіка Кардзіс:
– Нашчадкі Францішка Аляхновіча ў Польшчы гатовыя прафінансаваць помнік свайго дзеда і прадзеда. Таксама далучылася трохі віленскіх людзей да збору грошай на гэты помнік. Скульптар, які прапаноўвае зрабіць гэты помнік з больш трывалага матэрыялу, будзе рабіць дакладна такі ж як быў, копію. Я думаю, дасць Бог, да Новага году гэтая справа зрушыцца.
 
Беларускі драматург і грамадскі дзеяч Францішак Аляхновіч пахаваны на былых пратэстанцкіх могілках у Вільні. У пачатку 90-х адбылася сімвалічнае перапахаванне зямлі з магілы Аляхновіча на могілках Росы.
Людвіка Кардзіс спадзяецца, што з часам адбудзецца і рэальнае перапахаванне парэшткаў беларускага драматурга на найстарэйшых віленскіх могілках.