ІТБК імя Яна Чэрскага справіла Дажынкі ў Сібіры

26 верасня актыў Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага» правёў Дажынкi ў сяле Андрушына Куйтунского раёна Іркуцкай вобласці. Кіраўнік адміністрацыі Аляксандр Лаўшук (прадзеды з Мінскай вобласці) з жонкай Людмілай Аляксандраўнай паклікалі беларусаў з суседніх раёнаў на поле. Уборачная завяршылася, і для жнеяў камбайны пакінулі пшаніцу. З азартам жанчыны ўзяліся за сярпы, падбадзёрваючы адна адну песнямі. Завілі бараду, падзякавалі Зямли за ўраджай (у многіх раёнах Іркуцкай вобласці праз засуху збожжавыя не выспелі, а ў Куйтунскім сабралі добры ўраджай і нават гатовыя падтрымаць збожжам Бурацію), а ніўцы пакінулі хлеб, каб і ў наступным годзе яна «нарадзіла». Вакол снапоў, гаспадара павадзілі карагоды.

Уручыўшы дажыначны сноп і вянок гаспадарам (пасяўную яны пачнуць з гэтага збожжа) з песнямі ўсёй талакой адправіліся ў сяло, дзе замест звыклага застолля чакаў «Бульбяш»!

Арганізацыйную падтрымку аказалі: Міністэрства культуры і архіваў Іркуцкай вобласці, Цэнтр культуры карэнных народаў Прыбайкалля, аддзел культуры адміністрацыі Куйтунскага раёна», адміністрацыя Андрушына.

Мэта мерапрыемства - адраджэнне, захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры ў Іркуцкай вобласці.

Свята пачалося з карагода дружбы і параду удзельнікаў. Пасля вітання свята працягвалася конкурснай праграмай. Дзеянне свята разгарнулася на дзвюх пляцоўках. На галоўнай сцэне праходзілі выступленні калектываў - удзельнікаў вакальнага конкурсу. 

На пляцоўцы працавала дэгустацыйная зона, дзе госці свята змаглі акунуцца ў атмасферу самабытнай беларускай кухні і пакаштаваць нацыянальныя стравы і напоі. Свята ўпрыгожыла выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і вырабаў з прыроднага матэрыялу, гародніны новага ўраджаю.

Паводле Вольгі Рукавічнікавай,

спецыяліста Цэнтра культуры карэнных народаў Прыбайкалля