Беларускі фолк-гурт з Таронта запрашае ахвотных далучыцца

«Беларускі фолк-гурт «Яваровы людзі» адкрывае сезон 2015-2016 гг. і запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да нас! Гэты сезон для нас юбілейны — у канцы вясны мы будзем святкаваць 15-годдзе калектыву!», — напісала ў сваім фэйсбуку кіраўнік гурту Віялета Кавалёва.

Фота з фэйсбука Віячеты Кавалёвай

«Мы спяваем песні і танчым народныя танцы, ставім спектаклі і здымаем фільмы, выступаем з канцэртамі на розных пляцоўках, святкуем Каляды, Купалле і іншыя святы народнага календара, можам правесці вяселле і радзіны паводле беларускіх народных традыцыяў. Наяўнасць досведу альбо спецыяльнай музычнай падрыхтоўкі не патрабуецца, адзіная ўмова — жаданне ўсяму гэтаму навучыцца і пазітыўны настрой!

Навінка гэтага сезону: мы абвяшчаем набор у дзіцячую групу (дзеці ад 3 гадоў і старэйшыя). Дзень рэпетыцый з дзецьмі пакуль не вызначаны, паведамім пра гэта асобна. Звяртайцеся на тэлефон 416-503-9527 альбо пішыце на vkovaleva @ hotmail.com.

Запрашаем таксама людзей, якія ўмеюць граць на музычных інструментах. У нашых планах — стварэнне інструментальнага фальклорнага гурта.

Мы збіраемся кожную сераду а 18:00 у памяшканні Беларускага грамадска-культурнага цэнтра Таронта па адрасе: 524 St. Clarens Ave (побач са станцыяй метро Lansdowne). Першая рэпетыцыя — 7 кастрычніка.

Чакаем сустрэчы са старымі і новымі сябрамі!