Паважаныя суродзічы!
Ад імя Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) віншуем вас з 100-мі ўгодкамі абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі!
Узгадваючы падзеі стогадовай даўніны і палітычнае становішча, у якім тады знаходзілася Беларусь, можна толькі здагадвацца, якіх высілкаў каштавала абвешчаньне БНР яе заснавальнікам. Адное зразумела, што айцы БНР спраўдзілі мару некалькіх пакаленьняў беларусаў, якія змагаліся за волю і незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны яшчэ з часоў Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага.
Праз 73 гады пасьля абвешчаньня БНР, у 1991 годзе, беларусы ізноў атрымалі і не ўпусьцілі шанец адбудаваць сваю краіну – і так паўстала наша сеньняшняя Бацькаўшчына. Абвешчаньне БНР стала тым самым падмуркам, на якім збудавана Рэспубліка Беларусь.
Верым, што яшчэ прыйдзе той час, калі Беларусь стане сапраўды вольнай эўрапейскай дэмакратычнай краінай!
З удзячнасьцю і спадзяваньнем выказваем наш безумоўны давер Радзе БНР, якая ўжо 100 гадоў увасабляе і захоўвае ідэалы беларускай дзяржаўнасьці.
Жыве Беларусь!