У Крынках беларуская моладзь паказала п’есу “Ой даўно, даўно. Беларускія гісторыі з Падляшша”. Вучні выступаюць з гэтым спектаклем ад пачатку 2011 года. За гэты час яны змаглі расказаць успаміны сваіх дзядоў у амаль 40 мясцінах на цэлым Падляшшы. Усюды спектакль выклікаў вялікія эмоцыі, кажуць маладыя акцёркі.
- Самае важнае для нас было гэтае ўражанне старых людзей, якія да нас падыходзілі і казалі, што яны таксама і смяяліся, і плакалі. Нават падчас спектакля яны паўтаралі сабе “так было, так было”.
- Думаю для нас гэтыя выступы ўнеслі ў нашае жыццё вельмі многа, таму што мы ездзілі да нашых дзядуляў, бабуляў і распытвалі пра даўнія гісторыі. Яны казалі нам тое з сэрцам.
“Ой даўно, даўно. Беларускія гісторыі з Падляшша” апошні ўжо раз будзе можна паглядзець 26 сакавіка ў беластоцкай Тэатральнай акадэміі. Тады таксама пройдзе афіцыйная прэм’ера кніжкі, у якой змяшчаюцца гісторыі падляшскіх беларусаў, сабраныя вучнямі. Арганізатарам праекта з’яўляецца Аб'яднанне на карысць дзяцей і моладзі ”АБ-БА”.