Алеся Бяляцкага падтрымалі ў Канадзе

Алеся Бяляцкага падтрымліваюць ва ўсім свеце. Адно з апошніх пасланняў зняволены лідар праваабарончага цэнтра “Вясна” атрымаў з Канады.

Алеся Бяляцкага падтрымліваюць ва ўсім свеце. Адно з апошніх пасланняў зняволены лідар праваабарончага цэнтра “Вясна” атрымаў з Канады. Вядомы літаратар Норман дэ Бэльфёй перадаў палітычнаму вязню свой паэтычны зборнік “Мой шум” з аўтарскім прысвячэннем.

Як кажа Ірына Пракопчык, - шырокая міжнародная падтрымка звязаная з “Марафонам Салідарнасці”:

- Ён атрымаў ад супрацоўніцы “Amnesty International” з Манрэаля такі ліст, у якім яна падсумоўвае вынікі акцый. Адной з іх была акцыя пад назвай “Кнігі, як паветра”, якая праводзілася на Манрэальскай кніжнай выставе. Туды прыйшлі ўсе літаратары, якія  лічаць сваім грамадзянскім абавязкам падтрымаць сваіх калегаў, якія знаходзяцца ў розных краінах свету.

Такім чынам адбылося знаёмства беларускага літаратара-вязня з яго манрэальскім калегам. Як напісаў у адным са сваіх лістоў Алесь Бяляцкі, гэтая зіма выдалася для яго “цёплай”, дзякуючы шматлікім лістам салідарнасці.

Лідар “Вясны” асуджаны на 4,5 гады зняволення нібыта за нявыплату падаткаў у буйным памеры. Пры гэтым усе грошы з замежных рахункаў Бяляцкага ішлі на праваабарончую дзейнасць і дапамогу рэпрэсаваным.

"Алесю, сябру невядомаму, далёкаму і ўсё ж такому блізкаму.

Бывае, што нават у тых, хто, як лічыцца, валодае імі як майстэрствам, раптам не хапае словаў, яны ўслізваюць, вырываюцца... Тады застаецца толькі адно - проста засведчыць свае пачуцці і бясконцую салідарнасць. Занадта шмат пісьменнікаў у нашыя дні забываюць, што яны павінны б быць таксама - а магчыма і ў першую чаргу - грамадзянамі, у поўным сэнсе гэтага слова, а значыць - залучанымі, празорлівымі і "неадсутнымі", бачнымі ў грамадскай прасторы. ВЫ гэта зразумелі ... і цяпер ВЫ плаціце за гэта. Мае думкі, мая салідарнасць і брацкія да Вас пачуцці ідуць услед за Вамі ў Вашых выпрабаваннях!

Норман дэ Бэльфёй,сябра невядомы і ўсё ж ЗУСІМ БЛІЗКІ"

Яна Запольская, "Беларускае Радыё Рацыя"