Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Шосты з'езд беларусаў свету

23-24 ліпеня 2013 г. 

г. Мiнск

Дваццаць гадоў таму, у 1993 годзе, адбыўся Першы з’езд беларусаў свету, на які ўпершыню пасля доўгіх дзесяцігоддзяў расстання з радзімай прыехалі беларусы з далёкага замежжа. Той з’езд сабраў больш за 1200 дэлегатаў і гасцей. У гэты юбілейны год у Мінску адбыўся Шосты з’езд беларусаў свету, які завяршыў сваю працу 24 ліпеня. Гэты з’езд, як і папярэднія, быў, арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Усяго было вылучана 330 дэлегатаў з 22 краін замежжа і Беларусі.

Адкрыццё з’езду ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў адбылося 23 ліпеня. Па стане на 10 гадзін раніцы на з’ездзе прысутнічала 239 дэлегатаў і 95 гасцей з 18 краін замежжа і самой Беларусі. На з’езд завіталі таксама прадстаўнікі дыппрадстаўніцтваў Украіны, ЗША, Польшчы і Нідэрландаў, 14 прадстаўнікоў дзяржаўных установаў: Міністр культуры Барыс Святлоў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, а таксама прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрства эканомікі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Тэмай з’езду стала “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”.

Пасля вітання ўдзельнікам з’езду ад імя Згуртавання, з якім выступіла кіраўнік “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская, удзельнікаў з’езду прывітаў міністр культуры Барыс Святлоў. З вітальным словам ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта выступіў пратаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, вітанне ад апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі зачытаў айцец Яўген Усошын.

Вядучыя першага дня з’езду – Радзім Гарэцкі, Валеры Герасімаў, Алег Рудакоў зачыталі вітанні ад прадстаўнікоў суполак і дзеячаў беларускага замежжа, якія напярэдадні з’езду ішлі на адрас Згуртавання.

З асноўнымі дакладамамі  выступілі Алена Макоўская, даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка, старшыня гуртка Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Вашынгтоне Алеся Кіпель і сябра абласной Рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў. Яны акрэслілі асноўныя актуальныя праблемы беларускай дыяспары і шляхі іх вырашэння. У прыватнасці, былі адзначаныя неабходнасць прыняцця Закона аб беларусах замежжа, наладжвання супрацы ўладаў Беларусі з беларусамі замежжа на дэмакратычных умовах, спрыяння папулярызацыі беларускай мовы сярод беларусаў, пошуку спосабаў супраціву асіміляцыі беларусаў, якія выехалі ў замежжа (асабліва ў дачыненні да “новай” эміграцыі), арганізацыі ўзаемадзеяння эміграцыі розных пакаленняў, беларус-кага школьніцтва і інш. Асноўныя даклады чытайце на сайце zbsb.org.

З'езды беларусаў свету — добрая нагода не толькі абмеркаваць праблемы і поспехі беларускіх суполак, але і прааналізаваць ўласна дзейнасць Згуртавання. А за 4 гады паміж з'ездамі ўдалося зрабіць нямала. Нават паўгадзіны, цягам якіх старшыня Рады Ніна Шыдлоўская рабіла справаздачны даклад, не змаглі змясціць пералік усяго дасягнутага за 2009-2013 гады.

У з’ездзе бралі ўдзел беларусы розных краін, розных пакаленняў і розных поглядаў. Прадстаўнікі чыноўніцтва, бізнесу, дзеячы навукі і культуры выступалі з дакладамі і ўдзельнічалі ў дыскусіях. З’езд даў ім усім магчымасць сустрэцца і агучыць сваё меркаванне па розных тэмах, якія іх хвалююць. Цягам двух дзён удзельнікі з’езду абмяркоўвалі свае праблемы, дзяліліся поспехамі, выказвалі сваё бачанне адносна далейшага развіцця супрацы з беларускім замежжам.

Вельмі востра чарговы раз гучала праблема мовы, праблема нацыянальнай ідэнтычнасці. Нягледзячы на тое, што дэлегаты выказвалі розныя погляды на двухмоўе і на тое, ці можна лічыць беларусам таго, хто не размаўляе па-беларуску, панавала аднадушша, што беларуская мова – аснова нацыі. Па-рознаму ацэньвалі і стаўленне беларускіх дыппрадстаўніцтваў да беларускіх суполак у эміграцыі.

Больш грунтоўнае абмеркаванне праблемаў адбывалася на секцыях “Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці”, “Новая” і “старая” эміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця” і “Культурная спадчына беларускага замежжа”. Выступленне мадэратараў секцый і падагульненне іх працы адбылося на другі дзень з’езду.

Падчас з’езду была арганізаваная і культурная праграма. У гонар 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету дзякуючы сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і асабіста яго старшыні Вячкі Целеша, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” арганізавала выставу карцін, якія былі ўпершыню прадстаўленыя ў Беларусі, а таксама выставу фотаздымкаў Першага з’езду беларусаў свету (1993 г.). У фае была размешчаная выстава, падрыхтаваная Наталляй Гардзіенка (Беларусь) і Лявонам Юрэвічам (ЗША) “У літарах і вобразах: спадчына беларускай эміграцыі на захадзе”, у якую ўвайшлі прадметы матэрыяльнай культуры, рупліва сабраныя беларускімі цэнтрамі Англіі і ЗША. Выстава экспанавалася ў Беларусі ўпершыню.

Напрыканцы першага дня з’езду ўсіх удзельнікаў чакаў цудоўны канцэрт, у першай частцы якога выступалі беларускія калектывы і салісты з замежжа: іркуцкі гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, спявачкі Алена Капылова з Новасібірска і Анастасія Трубянкова з Томска, дуэт чэшскіх беларусаў Сяргея Доўгушава і Аляксандра Ясінскага. Таксама ў аўтарскім выкананні прагучалі вершы Іны Снарскай, беларускай паэткі, што жыве ва Украіне. У другой частцы музычнага вечара выступіў малады беларускі калектыў “Сваё неба” і вядомыя гурты “Pawa” і “Палац”.

24 ліпеня выступы дэлегатаў і гасцей з’езду працягваліся. Прадстаўнікі беларускіх суполак дзяліліся праблемамі і поспехамі, выказвалі свае думкі і ідэі. Таксама ў межах з’езду прайшла прэзентацыя культурных праектаў, у тым ліку кніг, выдадзеных прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Спецыяльна да 20-годдзя з правядзення з’езду была выдадзеная кніга Ганны Сурмач “Беларусь без межаў”. “Беларусь без межаў” – гэта тая беларуская супольнасць, якую мы будуем разам, пашыраючы беларускую прысутнасць на цэлы свет, без увагі на дзяржаўныя межы”, – зазначыла ў прывітальным лісце аўтар кнігі.

Таксама адбыліся прэзентацыі электроннай бібліятэкі “Камунікат”, кнігі Юрася Бушлякова “Жывая мова”, музычнага дыска “Пецярбургскі сшытак”, што з'яўляецца часткай вялікага праекта пад назвай “Беларускі Пецярбург”, ініцыяванага сябрам Вялікай Рады Згуртавання, гісторыкам Міколам Нікалаевым. Андрэй Залатар прадставіў ужо даступную для спампоўвання ў APP STORE першую беларускую азбуку для платформы IOS, створаную камандай грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і выдавецтва Kinderfox. Агулам было прэзентавана 10 праектаў і кніг, над якімі працавалі беларусы замежжа і якія з пэўнасцю зацікавяць беларусаў як на Радзіме, так і за яе межамі.

Галоўным вынікам працы з’езду стала прыняцце дакументаў, якія тычацца беларусаў незалежна ад месца пражывання. Перш за ўсё, гэта зварот да Нацыянальнага сходу, Урада і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, а таксама праграма “Беларусы замежжа” (2013–2017), якая ставіць мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грама-дзянскую супольнасць у Беларусі.

У прынятым звароце зазначаецца наступнае: “За больш чым 20 гадоў так і не створаная заканадаўчая і нарматыўна-прававая аснова для ўзаемадзеяння са шматмільённай беларускай дыяспарай: 1) не прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, не распрацаваны і заканадаўча не замацаваны статус “беларус замежжа”; 2) не прынятая дзяржаўная праграма “Беларусы ў свеце”; 3) не створаны ва Урадзе Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камітэт па справах беларусаў замежжа; 4) не створаная ў парламенце Камісія па справах беларусаў замежжа; 5) не створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навуковы цэнтр па вывучэнні беларускай дыяспары. Невыкарыстанне найбагацейшага патэнцыялу беларус-кай дыяспары прыносіць вялікія страты дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і ўсёй беларускай нацыі. Заклікаем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны сход, Урад паскорыць прыняцце закона “Аб беларусах замежжа” і Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” і ажыццявіць астатнія неабходныя арганізацыйныя захады для захавання і развіцця беларускага замежжа”.

На з’ездзе былі прынятыя наступныя рэзалюцыі: “Беларуская мова – галоўны фактар захавання беларускай нацыі”, “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны”, “Аб транслітарацыі най-менняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў”, а таксама выніковая рэзалюцыя з’езду, якую падаем ніжэй.

Усе дэлегаты з’езду пагадзіліся з рэзалюцыяй аб беларускай мове. “Звяртаемся да ўсіх беларусаў у Рэспубліцы Беларусь  і замежжы штодзень актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці”, – гаворыцца ў дакуменце.

У рэзалюцыі “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны” зазначаецца: “Каштоўныя аб’екты гіс-тарычна-культурнай спадчыны існуюць і ў замежжы і нароўні з помнікамі ў Беларусі патрабуюць увагі і абароны з боку беларускай дзяржавы”.

Рэзалюцыя “Пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб'ектаў” ухваляе замацаванне ў “Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў у Рэспубліцы Беларусь літарамі лацінскага алфавіта” перадачы геаграфічных назваў з беларускай мовы беларускай лацінкай і заклікае і надалей спрыяць ужыванню беларускай лацінкі як сістэмы транслітарацыі і пашыраць яе.

Акрамя таго, была прынятая заява “Аб акце добрай волі”. “Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні”, – гаворыцца ў ёй.

Усе прынятыя дакументы размешчаныя на сайце zbsb.org,  а таксама дасланыя ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы.

Пасля прыняцця выніковых дакументаў былі праведзеныя выбары кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Кіраўніком Згуртавання была пераабраная Алена Макоўская, старшынёй Рады – Ніна Шыдлоўская. Яны падзякавалі дэлегатам за аказаны ім давер і падкрэслілі, што займаць кіроўную пасаду ў грамадскай арганізацыі – гэта вялікі гонар, але ў той жа час вялікая праца і адказнасць. Намеснікамі старшыні сталі Валеры Герасімаў і Барыс Стук. Таксама быў абраны новы склад Вялікай Рады, якая традыцыйна складаецца з ”беларускіх” сяброў аб’яднання і ”замежных”. Гэтым разам у склад Рады ўвайшлі 50 чалавек ад Беларусі і, адпаведна, такая ж колькасць ад замежжа. Рашэннем з’езду 13 сябраў Вялікай Рады атрымалі статус ганаровага сябра. У адпаведнасці са Статутам Ганаровым сябрам абіраецца сябра аб’яднання па прадстаўленні Управы за актыўную дзейнасць у складзе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” на ніве нацыянальнага адраджэння.

Напрыканцы працы з’езду прайшло першае паседжанне новаабранай Вялікай Рады, дзе адбылося ўручэнне ганаровым сябрам памятных медалёў да 20-годдзя Першага з’езду беларусаў свету.

 

 

***

Выніковыя дакументы, прынятыя на Шостым з'ездзе беларусаў свету

1. Зварот да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу, Ураду пра стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа

2. Праграма “Беларусы замежжа”  (2013 — 2017 гг.) 

3. Рэзалюцыя “Беларуская мова — гарантыя захавання беларускай нацыі”

4. Заява дэлегатаў Шостага з’езду беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Аб акце добрай волі”

5. Рэзалюцыя  "Пра захаванне гістарычна-культурнай спадчыны"

6. Рэзалюцыя Шостага з’езду беларусаў свету "Пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб'ектаў"

7. Выніковая рэзалюцыя дэлегатаў Шостага з’езду беларусаў свету

 

***

Асноўныя даклады па тэме з'езду: “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”:

Наталля Гардзіенка. Беларускае замежжа: сучасны стан, праблемы і перспектывы

Алеся Кіпель. Параўнанні і досвед змены хваляў і пакаленняў беларусаў у Амерыцы

Алена Макоўская. Актуальныя праблемы ўзаемадачынення дыяспары і метраполіі

Алег Рудакоў. Перспектывы развіцця беларускага патрыятызму ў адрыве ад метраполіі

 

 

***

Даклады і тэксты выступаў удзельнікаў з'езду:

Алег Краўцоў (Масква). Прамова да VI З’езду беларусаў свету

Хведар Нюнька. Даклад на VI З'ездзе беларусаў свету

***

Спіс сябраў Вялікай Рады, зацверджаны на Шостым з'ездзе беларусаў свету.

 

***

Фотасправаздача Аляксандра Ждановіча з Шостага з'езду беларусаў свету

Фотасправаздача Надзеі Бацілавай з Шостага з'езду беларусаў свету