На Хведара Нюньку падалі чарговую апеляцыю ў пракуратуру яго апаненты

Супраць Хведара Нюнькі  падалі чарговую апеляцыю ў пракуратуру яго апаненты.

Нагадаем, што Хведар Нюнька быў старшынёй Таварыства беларускай культуры Літвы з 1989 па 2014 гг., таксама ён з’яўляецца сябрам Рады БНР і сябрам Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Прыкладна год таму ў Таварыстве беларускай культуры ў Вільні адбыўся канфлікт, у выніку якога быў абраны новы старшыня, а апаненты Хв. Нюнькі з ліку сяброў ТБК падалі заявы на свайго былога старшыню ў пракуратуру, суд і крымінальную паліцыю Літвы. Таксама была распачата кампанія публічнага цкавання Хв.Нюнькі.

Тады Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” разам з акадэмікам Радзімам Гарэцкім, рэдактарам  Нью-Ёркскай газеты “Беларус”, старшынёй Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Ганнай Сурмач, Таварыствам беларускай мовы распаўсюдзілі адкрытыя лісты ў абарону гонару і годнасці Хведара Нюнькі, у якіх заклікалі спыніць публічную кампанію па цкаванні чалавека, які столькі годнага зрабіў для захавання і папулярызацыі беларускай культуры ў Літве. Толькі літоўскі суд мае кампетэнцыю даваць прававую ацэнку па абвінавачваннях, агучаных апанентамі Хведара Нюнькі.

У 2015 годзе, пасля разгляду абвінавачанняў, вылучаных супраць Хв. Нюнькі, літоўская пракуратура вырашыла спыніць справу з прычыны адсутнасці злачынных дзеянняў з боку апошняга. Тым не менш, апаненты сп. Нюнькі зноўку звярнуліся ў пракуратуру, паколькі літоўскае заканадаўства не абмяжоўвае колькасць падачы апеляцый.

Падрабязна пра «віленскі канфлікт» піша даўні паплечнік Хведара Нюнькі Алег Аблажэй.

Хведар Нюнька

У даўнія ўжо часы, калі Літва толькі-толькі адрадзіла незалежнасць, адначасова аднавілі сваю дзейнасць нацыянальныя суполкі. І старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька даведаўся, што да трох драўляных дамкоў на вул. Жыгіманта ў Вільні мелі дачыненне беларусы. А менавіта, яны належалі Друйскім айцам­-марыянам і былі збудаваны на беларускія складкі.

А значыць, ёсць сэнс патрабаваць іх вярнуць ва ўласнасць цяперашняй беларускай грамадзе.

Я сам быў сведкам, як Лявон Луцкевіч казаў спадару Хведару -- "Чалавеча! Кінь пустое, нічога з гэтага не атрымаецца!" А той не здаваўся. Клопатаў было нямала, сустрэчы і перапіска з уладамі, і адбыўся цуд! Выйшла пастанова аб перадачы ўсіх трох дамкоў Таварыству! Але нядоўга цешыліся беларусы -- айцы - марыяне, ужо сучасныя, абурыліся: пры чым тут свецкая беларуская арганізацыя! І пастанову адмянілі. Аднак дамкі былі ў такім стане, што марыяне пагадзіліся на іншую маёмасць, больш прыстойную і ў іншым месцы. Беларусам жа перадаваць дамкі не спяшаліся, ніводзін не быў вызвалены.

Зноў была доўгая тузаніна, у рэшце рэшт выдзелілі памяшканне ў адным з дамкоў. Але ненадоўга -- пільныя асобы ва ўладзе спахапіліся, што ў Літве няма закону аб перадачы маёмасці юрыдычным асобам і грамадзкім аб'яднанням. Выйшла чарговая пастанова, паводле якой ТБК мела ў кароткі час вызваліць і гэта невялікае памяшканне. Усё пачалося спачатку -- просьбы, хадайніцтвы,перапіска з найвышэйшымі ўладамі. Памяшканне ўдалося адстаяць, хоць і на "птушыных правах". Але -- карысталіся, і нават занялі некалькі пустых пакояў у суседнім дамку, дзе размясцілася рэдакцыя "Нашай Нівы". Часы былі нястрогія, ліберальныя. А побач з асноўным памяшканнем, дзе была кухня, знайшоўся маленькі пакойчык, у якім пасялілася маладая беларуская сям'я з дзіцем, якая не мела ўласнага кутка. 

Далей было б, як у казцы -- і сталі беларусы жыць - пажываць, ды дабра нажываць. З "дабром" атрымлівалася не надта - двойчы абкрадалі, а сам дом быў у аварыйным стане, пайшлі трэшчыны, высветлілася, што дом... не мае падмурку! Ацяпленне было пячное, зімой было холадна, тым больш, што палілі толькі перад імпрэзамі, пайшла плесня, з'явіўся спецыфічны смурод. Але ж неяк трывалі. Маладая сям'я прыдбала сваё жытло, на іх месца пасялілася іншая. І тут ледзь не здарылася трагедыя: газавая інсталяцыя на кухні прагніла настолькі, што калі б ноччу хтось пстрыкнуў выключальніку, выбух быў бы немінучы. Кухняй карыстацца стала немагчыма. Але й гэта было яшчэ паўбяды -- ды выйшла са строю яшчэ й прыбіральня! 

Як жа сорамна было і самім хадзіць і гасцям паказваць на бліжэйшыя кусцікі!  І праблемы такога кшталту толькі нагрувашчваліся -- у сцены ўбіўся грыбок, што было невылечна. Дапамогі чакаць не было адкуль,спадар Хведар прынцыпова не звяртаўся з просьбамі аб падтрымцы да ўладаў Беларусі. Мясцовыя кіраўнікі таксама не рваліся дапамагаць.  І тут з'явілася прапанова абмену гэтай руіны на добраўпарадкаваную чатырохпакаёвую кватэру ў цагляным доме брэжнеўскай забудовы непадалёк вакзалу, меншую па плошчы, але прыгодную для карыстання, бо была і кухня, і прыбіральня, і ванна.  Які быў выбар -- чакаць з мора пагоды, спыніць дзейнасць, ці пагадзіцца? Пытанне было вынесена на Раду ТБК, і было вырашана -- мяняць! Тым больш, што, як ужо было сказана, правы на плошчу ў дамку на Жыгіманту не былі пацверджаны заканадаўствам Літвы.

Такім чынам ТБК перабралася на вуліцу Бролю, 9 - 86. Вядома, было цеснавата, у зале ўсяго 40 месцаў, затое цёпла, светла. Прыязджалі госці з Беларусі, тым больш, што былі ўмовы пераначаваць, адпачыць, падсілкавацца. Адбываліся сустрэчы,сходы,адзначаліся святы, юбілеі, невялічкія канцэрты. Знайшлося месца для бібліятэкі. Клопатаў было таксама нямала -- утрыманне такой кватэры ў Вільні каштуе нямала, асабліва зімой. Неяк выкручваліся -- частку аплочваў сам старшыня ТБК, частку студэнты, якія пасяліліся ў вольным пакойчыку, не зусім легальна, бо ТБК паводле статуту не мела права займацца прыбытковай дзейнасцю. Большасць праблемаў вырашаў спадар Нюнька, які за гэты час набыў аўтарытэт не толькі ў беларускім асяроддзі, стаў чальцом Рады БНР, але і ў кіруючых колах Літвы. Вядома, як многа значаць асабістыя кантакты ва ўрадзе, Сойме, міністэрствах. За будучыню арганізацыі спадар Хведар быў спакойны: з'явілася кандыдатура, якой можна было даверыць кіраўніцтва ТБК у бліжэйшай перспектыве. Гэта быў малады гісторык, які працаваў над доктарскай дысертацыяй, добра валодаў беларускай мовай, Аляксандар Адамковіч. У яго былі праблемы з жытлом -- ён жыў у нейкім сутарэнні, за якое плаціў досыць вялікую суму. Спадар Нюнька саступіў яму пад жытло за значна меньшую плату ўласны кабінет у ТБК -- і арганізацыі капейчына, і чалавеку палёгка.

Да ўсяго вызвалялася пасада дырэктара Беларускай гімназіі ў Вільні, і спадар Хведар атрымаў ад мэра Вільні Артураса Зуокаса абяцанне, што Адамковіч гэта месца зойме.(З гэтага нічога не атрымалася, бо Адамковіч ня меў літоўскага  грамадзянства).

І тут ідылія, якая цягнулася каля 11 гадоў, раптоўна скончылася. Спадар Нюнька здаўна меў нядобразычліўцаў, як сярод "амбасадаўскіх" (яго нават пазбавілі візы ў Беларусь за арганізацыю шматлікіх пікетаў у абарону палітзняволеных), так і сярод землякоў у Вільні. Прычыны былі самыя розныя -- хтось пакрыўдзіўся за тое, што яму не хапіла месца ў чарговай паездцы, іншы напазычаў грошай, а вяртаць не хацеў... І вось сфармавалася група "актывістаў", якія пачалі настойліва распаўсюджваць наступную версію абмену плошчы: мала таго,што атрыманая плошча значна меншая за аддадзеную, але і страчанае месца было куды больш прэстыжнае, ды ўвогуле беларусам належалі ўсе тры дамкі, пра што Нюнька не казаў. Цяпер жа яны разам з пляцам каштуюць каля 7 мільёнаў літаў, а абмен адбыўся зусім без даплаты! Куды падзелася розніца?

Вядома, куды -- у кішэню прагнага старшыні ТБК!  Мала таго -- ТБК атрымлівала розныя гранты, аплату праектаў, ахвяраванні, карацей, арганізацыя мела грошай, як дурань махоркі, -- але ўсе яны затойваліся ад грамады і ішлі на асабістыя патрэбы старшыні. Наіўныя ж сябры ТБК былі ўпэўнены, што суполка голая, як сакол.

Трэба аддаць належнае лялькаводам гэтай правакацыі  -- задумка сапраўды "элегантная": знішчыць кіраўніка адзінай беларускай суполкі, якая 25 гадоў нязменна была апазіцыйнай да менскага рэжыму, рукамі саміх беларусаў. "Путч" узначаліў той самы Адамковіч, лёсам якога так клапаціўся спадар Хведар. Дзейнічалі рашуча -- напісалі заявы адразу ў тры месцы: у суд, пракуратуру, крымінальную паліцыю. Склікалі сход ТБК, на якім абралі новую Раду, і, патрасаючы "дакументамі" сабралі подпісы пад патрабаваннем сурова пакараць былога старшыню і вярнуць беларусам дамкі.

Адамковіч пераконваў усіх, што справа бяспроігрышная, нават, калі маёмасць не вернуць, то будзе грашовая кампенсацыя. Агаломшвае тое, з якой лёгкасцю грамада паверыла паклёпнікам.

Выпадкова захавалася відэаздымка мерапрыемства ТБК, на якое уварвалася група "путчыстаў". Ганебнае відовішча -- перакошаныя нянавісцю твары, дзікія крыкі, лаянка... амаль суд Лінча!

Знарок стараюся называць як найменш прозвішчаў -- гэтым людзям яшчэ жыць і жыць, і не трэба траціць надзеі, што яны калісь усвядомяць, якой бруднай справай займаліся. Да кампаніі ачарнення былога старшыні новая Рада ТБК падключыла нават радыё "Свабода", і такога палітычнага "зубра", як Станіслаў Шушкевіч. А ў Раду БНР паляцела патрабаванне выключыць спадара Нюньку з яе шэрагаў. На шчасце, на гэту заяву там не адрэагавалі.

Следства цягнулася, апытваліся сведкі, чамусь толькі тыя, што сведчылі супраць былога старшыні (новым стаў Адамковіч). І ўсё ж, нягледзячы на актыўнасць "путчыстаў", справа не клеілася. Урэшце наняты імі адвакат сфармуляваў абвінавачванне ажно з 32 пунктаў. І патрабаванне спагнаць з Хведара Нюнькі на карысць ТБК 32 608 еўра 68 цэнтаў. (Асабліва расчульваюць гэтыя 68 цэнтаў!). Усё гэта цягнулася доўгія месяцы, апісваць увесь працэс -- шкода месца. Аднак да суда справа не дайшла. Галоўны пракурор уважліва разгледзеў усе матэрыялы і вынес вердыкт -- спыніць справу з прычыны адсутнасці злачынных дзеянняў з боку падазраванага Хведара Нюнькі. Здавалася б, можна ўздыхнуць з палёгкай! Але дзе там... 

Літоўскае заканадаўства дазваляе падаваць апеляцыі колькі заўгодна разоў, толькі пакрывай выдаткі. Хто так шчодра аплочвае "путчыстам" іхняе "змаганне за праўду", невядома. Зразумела, не яны самі, бо сумы сур'ёзныя. 

Гэтак вось спадар Хведар атрымаў "калядны падарунак" -- у адказ на чарговую апеляцыю пракуратура прыняла рашэнне распачаць следства нанова...

Каляды я ўзгадаў не выпадкова -- і сам Адамковіч, і ягоныя паплечнікі усюды падкрэсліваюць, што яны глыбока веруючыя хрысціяне. Імпрэзы, якія ладзіць новая Рада ТБК, рэдка абыходзяцца без святара. А ў адной са сваіх адозваў яны напісалі -- "З намі Бог!" Але ў Бібліі сказана, што аб людзях трэба меркаваць "па справах іх". Удумаемся, што значыла б для пенсіянера Нюнькі выплата 32 608 еўра? Продаж кватэры, бяздомнасць... Ну, ці ж не хрысціянскі ўчынак? Даўно заўважана -- ад таго, хто шмат і квяціста разважае пра веру, пускае слязу ў касцеле ці царкве, у звыклым жыцці так і чакай "падлянкі".

Сэнс новай апеляцыі не ў дамках, якіх ніхто не верне, бо яны ТБК і не належалі. І не ў грашах -- літоўскія суды не настолькі крыважэрныя, каб выкідваць на вуліцу 88-гадовага чалавека дзеля капрызу жменькі "дзеячаў". Мэта іншая, наколькі простая, настолькі мярзотная -- як мага больш азмрочыць, апаганіць фінальны перыяд жыцця  спадара Хведара. Каб ён пакінуў  гэты свет не як чалавек, які ўсе свае сілы аддаў змаганню за вольную Беларусь, а як прайдзісвет, што думаў толькі пра нажыву. Ды вось праблема -- не на таго нарваліся. Спадар Хведар Нюнька -- чалавек старога гарту, перажыў вайну, пасляваенны голад і нястачы, страту самых блізкіх людзей, і не сагнуўся, не зламаўся. І годна трымаецца дагэтуль. Калі чалавек мае чыстае сумленне, ніякія суды яму не страшныя. А вось паклёпнікам варта задумацца пра сябе  -- законы кармы ўзніклі не на пустым месцы,  і расплочвацца за свае дзеянні, рана ці позна, давядзецца. 

Алег Аблажэй

Вільня 10.01.2016 г.