У Маскве адкрылася выстава, прысвечаная Янку Купалу

«Я шлях, якому век няма спакою ...» - урачыстае адкрыццё выставы пад такой назвай адбылося 17 верасня 2015 у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі. Госці пазнаёміліся з экспанатамі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прысвечанымі асобе, жыццю і творчасці народнага паэта Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (1914-1918 гг.).

Падчас урачыстага адкрыцця былі прадстаўлены дзве экспазіцыі: выстава “Завуся я толькі Янка Купала”, прымеркаваная да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці паэта, і выстава "Янка Купала ў кніжнай графіцы», у якую ўвайшлі работы ў тэхніцы афорта, лінагравюры і літаграфіі вядомых беларускіх графікаў розных пакаленняў Арлена Кашкурэвіча, Георгія Паплаўскага, Васіля Шаранговіча, Міхаіла Басалыгі, Віктара Аляксандровіча.

Гасцямі выставы сталі кіраўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Расіі Дзмітрый Бак, Дзяржаўнага музея А.С.Пушкіна Яўген Багатыроў, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Віктар Фёдараў, член праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Сабіла, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, навукоўцы, мастацтвазнаўцы, беларуская дыяспара. Назву выставе даў паэтычны радок Янкі Купалы з антываеннага цыклу “Песнi вайны", патлумачыла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Наталля Стрыбульская. Паэт знаходзіўся на ваеннай службе ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, працаваў у харчовым камітэце Заходняй вобласці, геаграфія яго паездак у ваенныя гады была шырокай: Вільня, Масква, Мінск, Полацк, Смаленск. Упершыню ў Маскве экспануецца унікальны фотаальбом, у які патрапілі здымкі таго самага атрада, у якім ён служыў. Дзмітрый Бак адзначыў веліч і маштаб беларускага паэта, якія раскрываюцца ў яго вершах. Кіраўнік расійскага музея распавёў аб падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве з літаратурным музеем беларускага паэта ў Мінску. Яркім дадаткам ўрачыстага адкрыцця стала акцыя «Чытаем Купалу разам». Творы беларускага паэта прагучалі на розных мовах свету ў прачытанні акрэдытаваных у Маскве дыпламатаў з Венесуэлы, Казахстана, Кубы, Сербіі, Туркменістана.

Мерапрыемства суправаджалася таксама выступам хору Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага і ансамбля цымбалістаў «Лілея» Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.