25-гадовы шлях "Бацькаўшчыны". Гутарка з Лідзіяй Савік

Сёння Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” святкуе немалы юбілей - 25-годдзе. 10 верасня 1990 года адбыўся ўстаноўчы сход, на якім было прынятае рашэнне пра стварэнне арганізацыі, якая б злучыла ў адну супольнасць беларусаў замежжа і беларусаў, што жывуць на Радзіме. Пачатак 1990-х звязваюць з нацыянальным пад’ёмам, новымі надзеямі, адраджэннем. Настроі гэтага часу і сёння жывыя ў памяці тых, хто актыўна ўдзельнічаў у тагачасных падзеях.

Мы пагутарылі з даследчыцай літаратуры Лідзіяй Савік, якая з’яўляецца адной са заснавальнікаў Згуртавання “Бацькаўшчына”, і распыталі яе пра тое, як паўставала арганізацыя, папрасілі ацаніць шлях, які Згуртаванне прайшло за гэтыя 25 гадоў, а таксама пацікавіліся, ці шмат яшчэ скарбаў хаваюць літаратурныя архівы беларусаў замежжа.

Вы адна са стваральнікаў і актыўны сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Раскажыце, якія ў Вас былі думкі і пачуцці, калі паўставала гэтая арганізацыя?

“Бацькаўшчына” паўставала, калі былі 1990-я гады. Пачала распаўсюджвацца беларуская нацыянальная ідэя, зноў усім нам захацелася да сваіх каранёў, да сваёй мовы, гісторыі, культуры. І таксама стала вядома, што вельмі многа нашых беларусаў жыве за межамі - называлася лічба каля трох мільёнаў. Мы ведалі, што вялікая дыяспара ёсць у Амерыцы, у Англіі, у Канадзе, у Аўстраліі, у еўрапейскіх краінах. Таму ўзнікла ідэя гэтай арганізацыі, каб даследаваць, аб’яднаць, вярнуць на Бацькаўшчыну ўсё тое каштоўнае, што там створана, вярнуць імёны тых беларусаў у нашыя энцыклапедыі. Там жа былі і мастакі, і спевакі - выдатныя людзі: той жа Пётра Конюх ці Забэйда-Суміцкі. А якія ў нас былі выдатныя ўрачы! Той жа Шчорс, Марыя Дзямковіч, Мітрафан Рэпкаў-Смаршчок. Былі і вучоныя, і людзі самых розных спецыяльнасцяў… І тады сярод нашай інтэлігенцыі, па газетах, часопісах мы пачалі расшукваць адрасы нашых суайчыннікаў. Шмат работы прарабілі, наладзілі сувязь з замежжам, ездзілі знаёміцца з беларусамі ў іншыя краіны. Тады ўсё ішло ў рукі і былі магчымасці: мяне, радавога суппрацоўніка, у Амерыку адправілі і нават дарогу аплацілі!

У мяне назбіраўся вялікі архіў, багатая перапіска з беларусамі замежжа, шмат фотаздымкаў. Я многіх ведала, з Наталляй Арсенневай па тэлефоне размаўляла, мяне вазіў па Амерыцы Янка Запруднік, я была ў бібліятэцы БІНіМа… Гэта ж усё ўпершыню адкрывалі, усё было так цікава! Пра гэта хацелася пісаць, і я вельмі шмат артыкулаў апублікавала пра замежжа.

Мы правялі ўстаноўчы сход у Саюзе пісьменнікаў, мяне тады выбралі першым сакратаром Управы, я вяла ўсе дакументы. Я памятаю, як мы хадзілі рэгістраваць арганізацыю, і калі я туды прыходзіла і гаварыла па-беларуску, на мяне гэтыя чыноўнікі так глядзелі! Я там стала сваім чалавекам, бо яны сто разоў мяне туды-сюды адпраўлялі. Мы рабілі ўсё з энтузіязмам, і сіл хапала, і настойлівасці. А як зарэгістраваліся, пачалі рыхтаваць Першы з’езд беларусаў свету.

Гэта была такая эйфарыя! Мы дзень і ноч працавалі. У замежжы беларусы памяталі Бацькаўшчыну, мову памяталі, выдавалі творы - гэта вельмі нас прываблівала. Божа, колькі людзей прыехала! Мы ездзілі іх сустракаць, а яны сыходзілі з самалётаў, падалі на калені… Мы адчувалі, што мы, беларусы, значная нацыя, не горшая за іншыя. Тады ўздым быў, людзі загаварылі па-беларуску, столькі падзей было!

Пра з’езд быў вялікі розгалас, і не толькі ў Беларусі, бо сюды амаль з усяго свету людзі прыехалі. Дзякуючы нашым эмігрантам свет даведаўся, што ёсць такая краіна - Беларусь.

Цяпер старэйшае пакаленне тое адыходзіць, і ўжо таго ўздыму, той эйфарыі няма. Шмат ёсць анекдотаў пра тое, як многія нашыя беларусы пасля 50-ці гадоў у замежжы прыязджалі і пачыналі па-беларуску гаварыць, а на Бацькаўшчыне беларускай мовы не чулі: вакол усе па-руску размаўлялі. Іх найперш гэта ўразіла. Шмат роспачы ў развагах пра гэта Масея Сяднёва. Яны ішлі на катаргу ў Магадан, усё аддавалі за беларускую справу, за беларускую мову, і за мяжой яны толькі ёю карысталіся - а беларусы на Радзіме мову не збераглі.

Жонка Масея Сяднёва кажа: Вольга Філіпаўна, мы столькі грошай патрацілі на выданне гэтых кніжак! А гэта ж выданні на беларускай мове, не на англійскай, гэта ж даражэй! Яны ўсе грошы трацілі на гэтыя кніжкі, а тым часам яны ляжалі ў кабінеце Сяднёва стосамі, бо хто там колькі купіць тых кніг? Я калі вярнулася з Амерыкі, пайшла ў наша МЗС, прасіла: давайце мы возьмем кнігі гэтых эмігрантаў у нашыя бібліятэкі! Ян Пятроўскі мне прысылаў цэлыя дзве пачкі сваіх кніг, у яго надзвычай цікавая бібліятэка была беларуская – дзе яна дзелася? Дзеці эмігрантаў, канечне, ужо амерыканцы, мала хто з іх ведае беларускую мову.

Колькі я прасіла – давайце забіраць гэтыя кнігі! А ў выніку яны прывезлі мне некалькі экземпляраў, нібы я для сябе гэта прасіла. Я сама сабе кучу кніг прывезла – у мяне ніякага багажу, акрамя кніг, не было. Не дзеля сябе прасіла. Ніхто з чыноўнікаў не паклапаціўся, і кнігі гэтыя папрападалі. Ужо калі беларусы замежжа пачалі ездзіць у Беларусь, то пачалі ў нашыя бібліятэкі самі нешта прывозіць, там-сям іх кнігі з’явіліся - але ж можна было ўсё забраць. А для многіх чыноўнікаў гэта ж здраднікі, гэта калабаранты – ніхто не разумее, што яны сапраўдныя беларусы былі. Таму вельмі цяжка, што мы не можам пахваліцца тым, што мы іх з распасцёртымі абдымкамі сустракалі – хаця мы іх і прымалі, і вазілі па беларускіх мясцінах, калі я маладзейшая была. Гэта цяпер ужо сілы не тыя - і тое я ж не кідаю сваю справу, і рабіла б больш, але каму гэта цяпер патрэбна? Дзе якія грошы ў каго на выданне выпрасіць? Што я, за сваю пенсію буду выдаваць кніжку?

Як Вы ацанілі б шлях, які ўжо прайшло Згуртаванне “Бацькаўшчына”?

Вельмі добра, што была створаная такая арганізацыя, якая вельмі шмат зрабіла для беларускай справы. Не дае згаснуць гэтай беларускай свечачцы, дагарэць да палічкі і знікнуць зусім. Хоць нешта мы робім. Нават гэтыя з’езды - яны ж таксама вялікае значэнне маюць. Я іншы раз думаю - як нашыя дзяўчаты там спраўляюцца? Гэта ж вялікія высілкі! Але слава Богу, што яна існуе, і хай бы і далей яшчэ існавала.

Канечне, на з’езды прыязджае ўжо не столькі людзей, як на першы – той быў самы значны, самы вялікі, падзея была: тады ж яшчэ і ўрад прычыніўся, і газеты, і часопісы шмат пісалі. Але я лічу, што вельмі правільная пазіцыя была, калі мы стваралі гэтую арганізацыю, – захаваць беларушчыну, захаваць нашую нацыю, культуру, гісторыю. Вялікая падзея ў тым, што беларуская эміграцыя прыхінулася, прыехала, вярнулася на Бацькаўшчыну – усё ж гэта дзякуючы нашай арганізацыі. Я лічу, што Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” – вельмі вялікае дасягненне беларускай нацыянальнай ідэі. А што такое нацыянальная ідэя? Гэта патрыятызм, захаванне сваёй мовы, сваёй культуры, гісторыі. І дзякаваць Богу, што Бацькаўшчына ўсё-ткі існуе, нягледзячы на такія нялёгкія апошнія 20 гадоў умовы, і нешта робіць, і нейкія сувязі падтрымлівае, і хоць трошачкі нешта выдае з кніг. Я лічу, што “Бацькаўшчына” – адна з самых уплывовых і значных нашых арганізацый па ажыццяўленні беларускай нацыянальнай ідэі.

Як даследчык эмігранцкай літаратуры, раскажыце, як Вам бачыцца, ці шмат забытых або невядомых беларусам пісьменніцкіх імёнаў яшчэ хаваюць беларускія архівы замежжа? Якой працы патрабуе іх адкрыццё?

Многае ўжо вернута, многае мы ведаем. А ў 1990-я гады, калі я паехала ў Амерыку, я была першым даследчыкам той літаратуры і першая пачала пісаць пра тых пісьменнікаў у нашым друку, адкрываць гэтыя імёны. Некаторыя нашыя старэйшыя супрацоўнікі ведалі імёны, але творы гэтых людзей да нас не даходзілі. На сёння яшчэ шмат засталося не тое што неадкрытых, а яшчэ не выдадзеных твораў. Я ў асноўным рыхтавала да выдання кнігі паэтаў беларускага замежжа, якіх мы лічым найбольш таленавітымі, - Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Алесь Салаўя, які апынуўся ў Аўстраліі, Міхася Кавыля, які, дарэчы, яшчэ жыве, хоць ён нарадзіўся ў 1915 годзе - яму ўжо 100 гадоў, Рыгора Крушыны… Але многа засталося невыдадзенага, многа ёсць тых, якія не паспелі шмат напісаць, якія толькі пачыналі друкавацца і з розных прычынаў, апынуўшыся ў іншамоўным асяроддзі, іх творчасць не паспела настолькі развіцца. Той жа Пётра Сыч, які напісаў выдатную аповесць пра Монтэ-Касіна. Таленавіты пісьменнік, ён рана памёр і мала што паспеў зрабіць, адну толькі рэч напісаў. Былі там і празаікі, і драматургі - дастаткова ўспомніць Аўгена Кавалеўскага, які жыў у Парыжы. Я з яго жонкай перапісвалася, ён таксама вельмі рана памёр, дзе-небудзь толькі пачатак твора пакінуў. Але творы яго цікавыя. Мне здаецца, нават гэтыя творы можна было б сабраць, але пакуль яшчэ рукі не даходзяць.

Цяпер у Амерыцы Лявон Юрэвіч, працуе ў архівах, выдае творы, і тут, у Беларусі ўжо пачалі выдаваць.

Вось Леў Гарошка - выдатны наш пісьменнік, святар, ён вельмі сябраваў з  Барысам Кітам. Барыс Кіт вельмі яго хваліў, гаварыў: які таленавіты святар быў, адукаваны пісьменнік! Ірына Багдановіч збіраецца выдаць яго творы.

Я пачала была пісаць ужо пра малавядомых празаікаў, але потым ужо ніхто не быў зацікаўлены выдаваць, даследаваць іхную творчасць. Я ў Лондане працавала цэлы месяц у айца Аляксандра Надсана, у яго вельмі багатая бібліятэка, і ён мне тады сказаў: калі вас там не выдадуць, звяртайцеся, мы дапаможам. Так і атрымалася. У мяне другая частка гатовая пра беларускіх празаікаў, крытыкаў, драматургаў замежжа, але хто цяпер яе выдасць? Як потым распаўсюджваць? Даследчыкаў ніхто не  тое што не стымулюе, але і не плануюць нідзе такой тэмы. Магчыма, пазней, калі нешта зменіцца, будзе магчымасць выдаць гэтую кніжку.

Ці шмат з’яўляецца новых імёнаў у эмігранцкай літаратуры сярод сучасных беларусаў замежжа?

Сучасная беларуская эміграцыя - гэта ў асноўным эканамічная эміграцыя. Пасля вайны ад’язджалі людзі, вельмі адданыя беларускай справе. Гэтая нашая старая эміграцыя адыходзіць, і ўсё тое, што імі было створана - вельмі каштоўнае, гэта як бы другая частка нашай беларускай літаратуры, якая пісалася ў вольным свеце, якая не падвяргалася сацрэалізму, розным забаронам. А там яны пісалі, пра што хацелі. А ў сённяшняй эміграцыі практычна няма нікога з беларускіх пісьменнікаў, нейкай літаратурнай плыні няма - хаця, можа быць, з часам штосьці праявіцца.