Дарагія сябры!
Сёння Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” адзначае цудоўную дату - сваё 25-годдзе! Многія з вас памятаюць правядзенне ўстаноўчай канферэнцыі ў 1990-м годзе і тую атмасферу, што тады панавала. Гэта быў час Адражэння, час спадзеваў і веры, час вяртання нацыянальнай годнасці. Думка пра яднанне беларусаў, параскіданых воляй лёсу па прасторах усяго свету, лунала ў паветры маладой дзяржавы, што здабывала сваю незалежнасць. І, падхапіўшы гэтую думку, пачынальнікі Згуртавання з гарачым імпэтам узяліся за гэтую вялікую справу.
Успаміны пра першы з’езд беларусаў свету дагэтуль кранаюць сэрцы многіх - тады багата беларусаў упершыню за многія дзесяцігоддзі вярнуліся на Радзіму. З усіх куткоў планеты з’ехаліся яны, каб сустрэцца разам на сваёй зямлі.
Сёння Згуртаванне яднае беларусаў і беларускія арганізацыі з больш як 25 краінаў свету, дапамагае ім знаходзіць і падтрымліваць кантакты адно з адным, рупіцца пра захаванне эмігрантамі сваёй беларускай ідэнтычнасці і тут, у Беларусі, робіць вялікія намаганні, каб беларусы і на сваёй Радзіме адчувалі гэтую ідэнтычнасць і ганарыліся сваёй нацыянальнай прыналежнасцю.
Шаноўныя сябры! Мы ўсіх вас шчыра віншуем з гэтым агульным для ўсіх нас святам! Згуртаванне мае багатую гісторыю, але шмат яшчэ ў нас наперадзе! І новую гісторыю нам ствараць разам з вамі!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
10 верасня 2015 года