Польскі лінгвіст: многія палякі Віленшчыны размаўляюць па-беларуску

У Літве на Віленшчыне пражывае шмат людзей, якія лічаць сябе палякамі, але размаўляюць пры гэтым “па-просту”. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Zw.lt польскі лінгвіст, супрацоўнік Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук Мірослаў Янковяк.

“Я беларусіст і ведаю беларускую дыялекталогію, і “простая мова” для мяне з’яўляецца сінонімам беларускай”, — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што польская мова для гэтых людзей ёсць мовай “культурнай, высокай і мовай інтэлігенцыі”.

Навуковец паведаміў таксама пра рознасць беларускіх гаворак у Літве. Так, у Рымшанах (Ігналінскі раён) моцныя ўплывы паўночных беларускіх гаворак і шмат рускіх словаў, тады як у астатніх раёнах Літвы пераважаюць цэнтральныя беларускія гаворкі.

Мірослаў Янковяк адзначыў таксама, што ў розных мясцовасцях Віленшчыны людзі размаўляюць па-рознаму. Так, у Падброддзю, Няменчыне і Свянцянах дамінуе польская мова, а найбольш беларускімі з’яўляюцца Дзевянішкі і іншыя памежныя з Беларуссю раёны. “Асобы, якія перад вайной хадзілі да польскай школы, больш пачуваюцца палякамі і ў іх простай мове будзе больш паланізмаў”, — сказаў ён.

“Што цікава, аўтар першай граматыкі беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч паходзіў з-пад Лаварышак, і можна казаць, што яго гаворка, ці яго “простая мова”, стала ў вялікай ступені падставай для кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы. Памятаю, як першы раз прыехаў на Віленшчыну ў 2009 годзе і папрасіў, каб людзі размаўлялі са мной часткова па-польску, а часткова “па-просту”, дык здзівіўся, навошта гэтыя людзі размаўляюць са мной беларускай літаратурнай мовай”, — дадаў лінгвіст.

Мірослаў Янковяк адзначыў, што 90% яго суразмоўцаў называлі сябе палякамі, віленскімі палякамі ці “пілсудскімі палякамі”. Пры гэтым ён дадаў, што с аповедаў мясцовых людзей вынікае, што “па-просту” людзі тут размаўлялі прынамсі з другой паловы ХІХ стагоддзя.

“Цяжка сказаць, ці гэта беларусы, якія спаланізаваліся, ці палякі, якія патрапілі пад беларусізацыю, ці літоўцы, якія спачатку беларусізаваліся, а потым паланізаваліся. Гэта пытанне для гісторыкаў. Трэба было б таксама даследаваць гісторыю кожнай сям’і, кожнага чалавека. Маўленчая гісторыя, ці памяць маіх суразмоўцаў, сягае канца ХІХ стагоддзя. Як лінгвіст я далей не магу сягаць”, — заявіў супрацоўнік Польскай акадэміі навук.

Само ж існаванне беларускай мовы ў Літве навуковец назваў феноменам, бо паводле розных моўных тэорый беларускія гаворкі мусілі знікнуць за дзясяткі год паланізацыі, дзвесце гадоў русіфікацыі, а пазней і літуанізацыі. “Але маем ХХІ стагоддзе, стагоддзе глабалізацыі, бярэм дыктафон, ідзем у вёску і маем паўсюль чыстую беларускую гаворку з добра захаванай структурай. Мяркую, што ў значнай ступені гэта вынікае з таго, што мова гэтая, добра зразумелая іншымі народнасцямі, з’яўляецца вельмі добрым сродкам камунікацыі”, — падкрэсліў лінгвіст.