Беларускі культурны рух Малдовы адзначыў першую гадавіну сваёй этнакультурнай дзейнасці

Беларускі культурны рух Малдовы (БКРМ) нядаўна адзначыў першую гадавіну сваёй этнакультурнай дзейнасці. БКРМ – маладое самастойнае грамадскае аб'яднанне беларускай дыяспары Рэспублікі Малдова са свежымі поглядамі і ініцыятывамі для людзей, якія адносяць сябе да беларускага этнасу альбо праяўляюць цікавасць да беларускай культуры. Беларускі культурны рух Малдовы ўпэўнены ў тым, што менавіта культура ва ўсе часы была, ёсць і будзе найлепшым сродкам гарманізацыі міжнацыянальных зносін. Сёння ў нашых шэрагах каля 100 чалавек, якія падтрымліваюць нашы ініцыятывы і пачынанні.

Урачыстае святкаванне адбылося ў Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова і  сабрала шмат сяброў аб'яднання, высокапастаўленых гасцей і прадстаўнікоў этнакультурных аб'яднанняў у Малдове. Прагучала шмат цёплых сяброўскіх словаў як на адрас самога аб'яднання і яго актыву, так і да яго Старшыні спадарыні Ганны Мазур, якая нарадзілася 7 чэрвеня. Павіншавалі з добрым і плённым пачынам маладую арганізацыю старшыня Беларускай абшчыны ў Рэспубліцы Малдова спадар Юрый Статкевіч, старшыня Міжнароднага таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова-Беларусь» спадар Генадзь Зяньковіч, намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» спадар Ігар Белакавыльскі, старшыня Грамады ўкраінскіх жанчын у Малдове спадарыня Валянціна Марару, старшыня Саюза палякаў Малдовы спадар Васіль Казіміровіч і шмат іншых прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі Рэспублікі Малдова.

Як адзначыў у сваёй прамове Саветнік Пасольства Беларусі ў Малдове Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў, за гэты кароткі перыяд Беларускаму культурнаму руху Малдовы, улічваючы цалкам валанцёрскай аснову яго дзейнасці, удалося ўжо вельмі многае, на што іншым аб'яднанням спатрэбіліся б гады. Ён сардэчна выказаў вялікую падзяку старшыні Праўлення БКРМ спадарыні Ганне Мазур за плённую і выдатна праведзеную працу па папулярызацыі беларускай культуры ў Малдове і пажадаў вялікіх творчых поспехаў на працягу доўгіх гадоў.

Самыя актыўныя ўдзельнікі руху ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаныя Ганаровымі граматамі за значны ўклад у развіццё новага грамадскага аб'яднання, за актыўную, добрасумленную, валанцёрскую працу па захаванні і папулярызацыі беларускай культуры, мовы, традыцый беларускага народа ў  Рэспубліцы Малдова. Самыя маленькія сябры Руху атрымалі ад Старшыні Ганны Мазур асаблівую падзяку і Ганаровыя граматы за выдатныя пачынанні.

Першы год дзейнасці грамадскага аб'яднання «БКРМ» быў адзначаны мноствам значных падзей, мерапрыемстваў і сустрэч. Рух наладзіў цеснае супрацоўніцтва з шэрагам дзяржаўных і няўрадавых структур у Рэспубліцы Малдова і ў Рэспубліцы Беларусь: з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, з Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова, з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур Рэспублікі Беларусь, з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, з беларускім таварыствам па сувязі з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма». Рух усталяваў добрыя адносіны з многімі грамадскімі аб'яднаннямі ў Малдове, якія прадстаўляюць украінцаў, рускіх, палякаў, латышоў, яўрэяў, балгар, грузін, гагаузаў, азербайджанцаў і іншыя этнасы. Зробленыя першыя крокі па ўзаемадзеянні з Міністэрствамі культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Малдова, з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, з Апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Сёння ўжо маюцца першыя станоўчыя і вельмі значныя вынікі нашага садзейнічання, якія сталі прадметам асаблівага гонару для ўсіх беларусаў у Рэспубліцы Малдова. Гаворка ідзе пра ўручэнне ўпершыню ў гісторыі беларускай дыяспары Малдовы медаля імя Францыска Скарыны нашаму земляку, выдатнаму мастаку Ігнаценку В.М. Хадайніцтва для прадстаўлення да ўзнагароджання мастака гэтай высокай дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь было ініцыяванае менавіта Праўленнем БКРМ.

 Выдатным вынікам узаемадзеяння Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова і Беларускага культурнага руху Малдовы стала мерапрыемства «Каляднае свята» ў Пасольстве Беларусі, якое спрыяла папулярызацыі і развіццю беларускіх аўтэнтычных калядных традыцый, а таксама беларускай мовы ў Малдове. Упершыню дзеці беларусаў Малдовы, а з імі і дарослыя атрымалі магчымасць прысутнічаць на Навагодняй ёлцы ў Амбасадзе РБ, атрымалі падарункі і масу незабыўных уражанняў і эмоцый. Таксама выдатнымі паказчыкамі сумеснай працы Пасольства Беларусі ў Малдове і Беларускага культурнага руху Малдовы сталі прадстаўленне «Беларускага павільёна» на навагоднім дабрачынным кірмашы ў выставачным цэнты «Moldexpo», і праведзены ў Пасольстве  майстар-клас «Гуканне вясны» для маленькіх і дарослых беларусаў Малдовы.

БКРМ акрэдытаваны пры Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова і сябра Каардынацыйнага савета этнакультурных аб'яднанняў пры Бюро. Узаемадзеянне Руху з Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова спрыяла актыўнаму ўдзелу аб'яднання ў такіх значных рэспубліканскіх мерапрыемствах Малдовы як Дні славянскага пісьменства і культуры, Фестываль этнасаў. Дзякуючы гэтаму беларускі народ і яго культура сталі яшчэ шырэй прадстаўленыя ў Рэспубліцы Малдова, больш упэўнена гучыць родная беларуская мова.

Прадмет асаблівага гонару для нашага маладога аб'яднання - выступ Старшыні Праўлення БКРМ з прывітальным словам ад імя беларускага народа на Першым форуме нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Малдова, які адбыўся ў Палацы Рэспублікі ў верасні 2014 г. Удзел у афіцыйнай сустрэчы ў Парламенце Рэспублікі Малдова са Старшынёй Ігарам Корманам, дзе былі абмеркаваныя асноўныя стратэгіі міжэтнічных узаемадзеянняў ў Рэспубліцы Малдова, таксама стала для БКРМ важкай падзеяй.

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Рэспубліку Малдова падараваў для беларусаў Малдовы у поўным сэнсе гiстарычную падзею. Дата 25 верасня 2014 года загалоўнымі літарамі ўпісаная як у гісторыю першай гадавіны дзейнасці БКРМ, так і ў гісторыю ўсёй беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова, паколькі адбылася сустрэча беларусаў Малдовы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

Першы год грамадскай дзейнасці БКРМ быў адзначаны рэгулярным удзелам нашых актывістаў у розных канферэнцыях і семінарах. Рух выступіў у якасці члена арганізацыйнага актыву Другога агульнанацыянальнага форуму: «Малдова новага пакалення».

За першы год сваёй дзейнасці культурны рух наладзіў кантакты з дзяржаўнымі СМІ БелТэлерадыёКампаніяй і з ТэлеРадыёМалдова, з установай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь рэдакцыяй газеты «Савецкая Беларусь», а таксама з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў Рэспубліцы Малдова. Нашыя актывісты ўзялі ўдзел у шэрагу рэспубліканскіх тэлевізійных і радыёпраграм. Сюжэты і рэпартажы аб дзейнасці БКРМ былі паказаныя ў такіх тэлеперадачах як «Mesager», «Sub acelasi cer» на тэлеканале «Малдова 1», у праграме «Доброе утро» на тэлеканале СТС, у рэаліці-шоу «Школа мадэляў» на тэлеканале TVC21. Мы самым цесным чынам супрацоўнічаем з радыёперадачай аўтара Генадзя Зяньковіча «Беларуская Крыніца», якая выходзіць штомесяц на рэспубліканскім «Радыё Малдова». У апошнім выпуску Генадзь Аляксандравіч і Ганна Мазур (Старшыня Праўлення БКРМ) выступілі ў якасці сувядучых. Інфармацыя аб нашай этнакультурнай дзейнасці неаднаразова публікавалася на першых палосах штотыднёвай міжнароднай газеты для беларусаў свету «Голас Радзімы» і штомесячнага перыядычнага выдання - бюлетэня «Беларусы ў свеце».

Улетку 2014 года Рух здзейсніў праект «Дзверы да этнічных каранёў», які быў накіраваны на азнаямленне этнічных беларускіх дзяцей і моладзі з культурай іх гістарычнай Радзімы - Рэспублікі Беларусь.

Актывісты Беларускага культурнага руху маюць унікальны для беларускай дыяспары Малдовы вопыт правядзення этнічных спектакляў паводле старажытных абрадаў. На сённяшні дзень налічваецца 4 пастаноўкі цалкам на беларускай мове: «На Каляды», «Гуканне Вясны», «Вясновы Кліч» і «Каляднае свята». У сувязі з гэтым у якасці падарунка аб'яднанню да першай гадавіны дзейнасці Праўленне БКРМ прыняло рашэнне аб стварэнні Народнага беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра пад назвай «Куфар». Вельмі сімвалічна, што слова «Куфар» у беларускай і малдаўскай мовах гучыць аднолькава і, як вы ведаеце, азначае выраб корпуснай мэблі (скрыня) з адкідной альбо здымнай верхняй крышкай (накрыўкай). «Куфар» - гэта заўсёды сімвал чагосьці каштоўнага, свяшчэннага, прызначанага для захавання, перадачы ў спадчыну, пераемнасці. Для нас назва «Куфар» з'яўляецца сімвалам велізарнага багацця беларускіх і малдаўскіх культурных традыцый, якія мы жадаем захоўваць і папулярызаваць, спрыяць іх сімбіёзу.

13 сакавіка 2015 года ў сувязі прыняццем новага закона РБ № 162-3 “Аб беларусах замежжа” Міністрам замежных спраў У.У. Макеем быў  падпісаны загад аб зацвярджэнні персанальнага склада Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС РБ: Старшыня Праўлення БКРМ ў складзе Савета. Аб'яднанне цяпер рыхтуе свае прапановы да першага пасяджэння Кансультацыйнага савета, у якім возьме ўдзел 1 ліпеня 2015 г. у г. Мінску. Таксама ў сувязі з распрацоўкай дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце на 2016-2020 гады» Праўленне Руху накіравала шэраг прапановаў па магчымых значных мерапрыемствах для беларускай дыяспары ў Малдове.

Дзейнасць БКРМ у першую чаргу нацэленая на захаванне, вывучэнне, развіццё і папулярызацыю беларускай культуры, беларускай мовы, гісторыі, традыцый, звычаяў, нацыянальнай і этнакультурнай самабытнасці, духоўных і маральных каштоўнасцей беларускага народа. Мы імкнемся да сімбіёзу (узаемакарыснага суіснавання) культур беларускага і малдаўскага народаў. Садзейнічаем умацаванню двухбаковых сяброўскіх адносін паміж Рэспублікай Малдова і Рэспублікай Беларусь. Нацэленыя на развіццё міжкультурнага дыялогу, талерантнасці, узаемаразумення, супрацоўніцтва і сяброўскіх адносін паміж беларускім народам і прадстаўнікамі іншых этнасаў і нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць як на тэрыторыі Рэспублікі Малдова, так і за яе межамі. Мэты нашага аб'яднання цалкам сугучныя з ідэяй непарыўнай сувязі ў шматнацыянальнай дзяржаве патрыятычнага выхавання і фарміравання культуры міжнацыянальных зносін, выхавання дзяцей і моладзі ў духу дружбы народаў.

 

Ганна Мазур