Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла павіншавала суайчыннікаў з Днём Волі

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Івонка Сурвілла павіншавала суайчыннікаў з Днём Волі.  25 сакавіка 1918 года беларускі народ абвясціў свету, што ён "скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці" і што "ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка — незалежная, вольная дзяржава", адзначаецца ў звароце.  "Дзякуючы адвазе і рашучасці нашых продкаў, мы ўвайшлі не як расейская губерня ў склад Савецкага Саюза, а — прынамсі на паперы — як асобная рэспубліка, а ў 1991-м годзе мы дамагліся Незалежнасці, і Рэспубліка Беларусь як дзяржава заняла сваё адметнае месца на паверхні Зямлі", — гаворыцца ў віншаванні.  "На жаль, імперскі цмок, на якога шмат нашых людзей перасталі звяртаць увагу пад уплывам штодзённага прамывання мазгоў маскоўскай і прамаскоўскай прапагандай, зноў разбудзіўся. Незалежнасць Беларусі зноў апынулася пад пагрозай, і ў сённяшніх умовах мы не здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага свету", — лічыць Сурвілла. "Любоў да свайго краю, салідарнасць між намі і нашы паводзіны ёсць адзінай зброяй, якой мы валодаем, каб захаваць незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, — упэўненая старшыня Рады БНР. — Толькі калі цывілізаваны свет зразумее, што мы ёсць стары еўрапейскі народ, які нічым не розніцца ад іншых еўрапейскіх народаў, і што мы таксама заслугоўваем еўрапейскія ўмовы жыцця ў сваёй уласнай вольнай дзяржаве, ён зверне ўвагу на нашу нядолю".  "Але дзеля гэтага трэба, каб іншыя народы бачылі, што мы заслугоўваем іхні давер і іхнюю павагу, — адзначае Сурвілла. — Вольны свет не паможа маскоўскім паплечнікам ці саюзнікам. Нават калі мы ўважаем, што дапамога, якую аказаў Захад Украіне, была недастатковай, каб абараніць яе тэрытарыяльную цэласнасць, — без салідарнасці Захаду палова Украіны была б у руках маскоўскага агрэсара. Без гэтае салідарнасці не дамо рады і мы".  Старшыня Рады БНР заклікае суайчыннікаў "зрабіць сваёй мэтай спрычыніцца да волі зямлі сваіх продкаў і да лепшай долі сваіх унукаў і праўнукаў". "Каб усе мы маглі разам марыць пра тую Беларусь, пра якую марыў і беларускі народ, калі прыняў Акт 25 сакавіка 1918 года", — дадае Сурвілла.  Рада БНР называе сябе "найвышэйшай ўстановай і адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народу‚ які выконвае функцыі дзяржаўнага заканадаўчага органа і ўрада ў выгнанні".