Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Першы з'езд беларусаў свету

8-10 ліпеня 1993 г.
г.Мінск



Прысутнічалі:

  • 486 дэлегатаў з замежжа: Англіі, Аргенціны, Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Канады, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Расіі, Украіны, Малдовы, Туркменіі, Казахстану, Кіргізіі, Узбекістана, Эстоніі, Літвы, Латвіі.
  • 510 дэлегатаў з Беларусі
  • Больш 200 чалавек гасцей.

На з’ездзе працавалі круглыя сталы: 
  • Беларуская дзяржаўнасць
  • Беларуская культура
  • Беларуская гаспадарка
  • Беларуская дыяспара

Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” абраны акадэмік Радзім Гарэцкі
Старшынёй Рады – Ганна Сурмач 

Выніковыя дакументы з’езду: 
  • Зварот беларусаў замежжа, удзельнікаў Першага з’езду беларусаў свету 
  • Зварот да беларускага народу 
  • Дэкларацыя аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва
  • Зварот да Парламента і Урада Рэспублікі Беларусь
  • Заява ўдзельнікаў Першага з’езду беларусаў свету па вайсковаму пытанню
  • Рэзалюцыя “Аб падтрымцы дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына”
  • Пастанова аб Радзе прадпрымальнікаў
  • Рэзалюцыя аб падтрымцы Беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода”
  • Зварот да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка
 
Прынятыя дакументы

 
З В А Р О Т
беларусаў замежжа, удзельнікаў
Першага з'езду беларусаў свету

Беларускі народзе! 

Мы, твае сыны і дочкі, разьнесеныя па цэлым шырокім сьвеце вятрамі нядолі, што напаткала наш край, зьехаліся з Поўначы і Паўдня, з Усходу і Захаду ў сталіцу суверэннай Беларускай Дзяржавы - Менск, каб удыхнуць гаючае па-ветра роднай зямлі, наталіць вочы лагоднымі беларускімі краявідамі, сустрэцца з дарагімі сэрцу сваякамі і суродзічамі, адчуць цеплыню іхных душау. У лучнасці з Бацькаўшчынай, гэтай жыватворнай духовай крыніцай, тоіцца сакрэт нашага супольнага выжывання, вытрываласці да перамогі над усімі цяжкасьцямі і перашкодамі на шляху да свабоды і дабрабыту. 

Божай воляй мы дачакаліся часу, калі можам зьязджацца з цэлага сьвету ў цудоўны край свайго паходжання, на свае вочы аглядаць яго, адчуваць пульс ягонага жыцьця, разам цешыцца і разам хвалявацца ды супольнымі намаганнямі шукаць выйсьця зь няпростага становішча. 

Мы ганарымся і радуемся, што Беларусь узышла на шлях нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Мы шчасьлівыя, што Бацькаўшчына ізноў сталася арганічнай часткай нашага быту, мрояў, надала большага сэнсу і мэтанакіраванасьці нашым намаганням. У гэтай супольнасьці - зарука таго, што эканамічная і культурная адбудова беларускай дзяржаўнасці будзе ісці далей. 

Мы заклікаем усіх вас, дарагія Суродзічы, да веры ў Беларусь, да патрыятызму, да дзеяньняў у імя свабоднай дэмакратычнай Беларускай Дзяржавы. Вера ў свой народ, у ягоныя здольнасці, у лепшую яго будучыню - гэта вялікая стваральная сіла. У гэтым пераканаліся мы, пражыўшы дзесяцігоддзі на чужыне з думкамі пра Родны Край. Вера ў саміх сябе, у тое, што з намі Бог, дапаможа нам і цяпер, калі мы разам, супольнымі сіламі выйдзем на шырэйшыя шляхі ў лепшую будучыню. 

Жыве Беларусь! 


З В А Р О Т
да беларускага народу

Браты і сёстры! Доўгія і складаныя пуцявіны вялі да паяднання беларускай нацыі, воляю лёсу раскіданай у свеце. Амаль усе еўрапейскія народы ўжо даўно перажылі сваё станаўленне ў якасці нацыянальнага адзінства. Перамогі і страты згуртавалі іх, умацавалі іх сілу і волю ў імкненні да самастойнага жыцця. Беларусы ж усё яшчэ пакутуюць на раздарожжы свайго гістарычнага шляху. Але надышоў час вырашаць свой лёс. Цяпер альбо ніколі! Беларусь атрымала гістарычны шанц набыць рэальную дзяржаўнасць, самастойнасць, поўны суверэнітэт. І гэты шанц неабходна выкарыстаць. Мы павінны мабілізаваць усе сілы, каб не толькі адстаяць першыя поступы дэмакратыі, незалежнасці, нацыянальнага адраджэння, але і рушыць далей, да вялікіх, зорных здзяйсненняў - адбудовы агульнага Беларускага Дому. Гэту высокую, наканаваную Богам місію мы здолеем выканаць толькі тады, калі адбудзецца ўсенароднае адбуджэнне да свядомага нацыянальнага жыцця, калі вернем сабе гістарычную памяць, якую ў нас адбіралі цэлыя стагоддзі, глыбока ўсвядомім, хто мы ёсць і кім павінны быць у гэтым свеце. Мы можам ажыццявіць гістарычную справядлівасць і назаўседы замацаваць незалежную Беларусь на карце Еўропы не як геаграфічнае паняцце, а як шанаваную, поўнавартасную дзяржаву беларускага народа і іншых народаў. што здаўна жывуць на нашай зямлі. Дасягнуць гэтага можна толькі аб'яднаўшы сілы беларусаў на Бацькаўшчыне і тых яе адданых дзяцей, што жывуць па-за межамі Беларусі, але захавалі ў сваіх сэрцах любоў да яе. Адольваючы ўсе перашкоды і нягоды, мы зможам дайсці да жаданай свабоды, зладзіць цывілізаванае, заможнае і культурнае жыцце для сябе і сваіх нашчадкаў. Жыве наша Бацькаўшчына! Жыве Беларусь! 



ДЭКЛАРАЦЫЯ
аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва

Першы з'езд беларусаў свету адбываецца ў год святкавання 75-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзеячы БНР распачалі працэс практычнага адраджэння беларускай дзяржаўнасці. Цяпер стварыліся рэальныя ўмовы для яго паспяховага завяршэння. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў, а 25 жніўня 1991г. надаў сілу канстытуцыйнага закону "Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі". 

Гэтыя акты стварылі юрыдычны падмурак для адбудовы новай беларускай дзяржавы на прынцыпах незалежнасці, дэмакратыі, павагі да правоў асобы і права беларускага народа на нацыянальнае адраджэнне. 

Рэалізацыі гэтай спрадвечнай мары беларусаў у цяперашніх умовах спрыяюць як унутраныя, так і міжнародныя абставіны. Таталітарная сацыяльна-палітычная сістэма ў Беларусі аб'ектыўна вычарпала свае магчымасці і не мае гістарычнай перспектывы. На абсягах былой савецкай імперыі распачаліся працэсы суверэнізацыі, нацыянальнага і эканамічнага адраджэння многіх народаў, якія павінны набыць незваротны характар. Толькі пры ўмове дакладнага разумення асаблівасцяў гістярычнай сітуацыі ўсімі палітычнымі сіламі грамадства з'явяцца падставы для нацыянальнага аб'яднання дзеля сумеснай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны, яе палітычнага, гістарычнага і культурнага адраджэння. 

Мы, ўдзельнікі Першага з'езду беларусаў свету, бачым будучыню вольнай, дэмакратычнай Беларусі як унітарнай, прававой, без'ядзернай дзяржавы, якая праводзіць палітыку міру і ўзаемакарысных добрасуседскіх адносін з усімі краінамі свету, якая мае развітую эканоміку, заснаваную на розных формах уласнасці, гарантуе сваім грамадзянам агульнапрызнаныя правы чалавека і клапоціцца пра стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця культуры беларускага народа, якая прызнае найвышэйшаю мэтаю дасягненне агульнага дабра і сацыяльнай справядлівасці у грамадстве. 

Мы лічым, што распачаць гэтую агромністую працу можа і павінен новы парламент, абраны на падставе дэмакратычнага закону, які створыць умовы для аб'ектыўнага волевыяўлення народа. Улічваючы небяспечны стан эканомікі і відавочную няздольнасць сённяшняй улады ажыццявіць карэнныя і хуткія палітычныя і эканамічныя рэформы, якія б разняволілі творчую актыўнасць народа, мы заклікаем народных дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь прыспешыць новыя выбары. Цяперашні склад Вярхоунага Савета прыняў шэраг прынцыпова важных рашэнняў і ўжо па гэтай прычыне застанецца ў гісторыі Беларусі. Але дзеля дабра нашага народа і захавання ўласнай годнасці ён мусіць зрабіць апошні адказны крок - забяспечыць канстытуцыйны і мірны шлях да пабудовы сапраўды незалежнай і заможнай Беларускай дзяржавы. Такі шлях есць -гэта правядзенне рэферэндуму, за які выказаліся каля 440 тыс. грамадзян Беларусі. Грамадская згода і супрацоўніцтва - гэта тыя каштоўнасці, якія павінны быць захаваны. 

Найважнейшы прынцып адбудовы беларускай дзяржаўнасці - правядзенне палітыкі нэўтралітэту. Імкненне да гэтага зафіксавана ў Дэкларацыі аб незалежнасці. Таму няма падстаў для далучэння да якіх-небудзь ваенных саюзаў. Права на нэўтралітэт Беларусь выпакутавала і акупіла незлічомымі ахвярамі ў многіх войнах. 

Свабода - гэта найважнейшая каштоўнасць. Толькі свабода, падмацаваная сваёй дзяржаўнасцю, стварае ўмовы для самарэалізацыі ўсіх патэнцыяльных магчымасцей народа. Мы жывем у час, калі гэта адвечная мара беларусаў можа быць здзейснена. Будзем жа годнымі ўскладзенай на нас лёсам высокай місіі! 

Жыве Беларусь!