Грамніцы ў Іркуцку

2 лютага іркуцкія беларусы правялі сустрэчу, прысвечаную Грамніцам - старадаўняму беларускаму абраду, які адкрывае ў народным календары цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на паскарэнне прыходу вясны на зямлю. Асноўным атрыбутам свята з'яўляецца грамнічная свечка, якая запальваецца ад жывога агню, атрыманага шляхам трэння або высякання іскры. Асвечанаяы ў гэты дзень свечка набывае магічную сілу і з'яўляецца адным з найбольш магутных абярэгаў, якім нашы продкі актыўна карысталіся на працягу ўсяго года.

Сёлета нашы Грамніцы ўпершыню прайшлі ў два этапы: акрамя ўласна абрадавай часткі, якая адбылася 2 лютага, напярэдадні свята, 31 студзеня, мы сабраліся каб разам зрабіць васковыя свечкі. Ідэя самастойна зрабіць да свята свечкі ўпершыню паўстала яшчэ некалькі гадоў таму, але да яе рэалізацыі справа не даходзіла. Толькі адна свечка ў выглядзе вопыту была зроблена да леташніх Грамніц. Але гэтым разам літаральна ў апошнія дні перад святам усё ж мы вырашылі яшчэ на крок наблізіцца да традыцыі і зрабіць сапраўдныя свечкі. На найбліжэйшы вольны вечар была прызначаная сустрэча. Пачалося знаёмства з этнаграфічнымі матэрыяламі аб грамнічных свечках. І трэба ж было такому атрымацца: са здзіўленнем мы прачыталі, што нашы продкі займаліся іх вырабам не калі-небудзь, а ў апошнюю суботу перад святам - у той жа дзень, на які і мы, нічога пра гэта не ведаючы, прызначылі наш майстар-клас. Воск для свечак у нас быў самы сапраўдны - не з крамы, і нават не вычышчаны ад рознага пчалінага смецця - яго нам даў наш стары сябар Леанід Ільіч Лабейка, гаспадар невялікі пчальніка, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Для кноту выкарыстоўвалася натуральная льняная нітка. Тэхналогія вырабу была абраная найбольш простая і найбольш старажытная - нітка раз за разам акунаецца ў расплаўлены воск, у выніку чаго паступова пакрываецца ўсё таўсцейшым яго пластом. Уся працэдура, якая заняла не менш за дзве гадзіны, суправаджалася расповедам пра традыцыі святкавання Грамніц і песнямі. Нягледзячы на тое, што шмат у каго свечкі атрымаліся крывабокімі і неакуратнымі, уражанні засталіся толькі станоўчыя. А праз два дні, 2 лютага, нашы самаробныя свечкі былі запаленыя ад жывога агню, атрыманага ад іскры, і набылі такім чынам сваю магічную сілу.

Адзначым таксама, што паралельна з Грамніцамі, падрыхтаванымі і праведзенымі Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага, у той жа дзень у Іркуцку прайшлі другія Грамніцы, арганізаваныя Алегам Рудаковым на адкрыцці беларускай выставы ў іркуцкім Доме рамёстваў.

Аляксей Кухта