Вячка Целеш шукае матэрыялы пра Пётру Мірановіча

Вячка Целеш, старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябра Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” працуе над новай кнігай. Прысвечаная яна будзе  беларускім мастакам Латвіі мінулага стагоддзя. І каб завяршыць працу над гэтым грунтоўным, Вячку Целешу трэба дапамога. Найперш, тэрмінова патрэбная інфармацыя пра мастака Пётру Мірановіча, які нарадзіўся ў Латгаліі. Мы распыталі спадара Вячку пра працу над яго кнігай і пра тое, якой інфармацыі пра Пётру Мірановіча для яе не хапае.

Пётра Мірановіч - адзін з найвыбітнейшых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя. Першую палову жыцця ён  жыў і працаваў у Латвіі, пасля ж пераехаў у Амерыку, дзе таксама вёў актыўную творчую дзейнасць. Аднак нярэдкія выпадкі, калі нават пра вельмі значных дзеячаў можна знайсці толькі самую сціплую інфармацыю. А наколькі на сёння даследавана творчасць і жыццёвы шлях Пятра Мірановіча?

Творчасць, творчы шлях мастака Пётры Мірановіча, на жаль, да сёння амаль не даследаваны. У 1940-х гадах  пра мастака пісалі Уладзімір Сядура і Кастусь Езавітаў. У. Сядура даваў цікавую інфармацыю пра мастака і  ў пасляваенны час у ЗША. У некаторых выданнях беларускай эміграцыі таксама згадвалася імя П. Мірановіча. Сам мастак у штогодніку “Запісы” пісаў пра беларусаў Латвіі, але, на жаль, ён не напісаў нідзе пра свой творчы шлях мастака. Дваццаць гадоў таму ў часопісе “Мастацтва” ў Мінску былі надрукаваны ўспаміны Валянціна Сельвясюка пра яго сустрэчу з мастаком у Брукліне, там жа была інфармацыя пра Пётру Мірановіча Валянціны Трыгубовіч. У той час і я ўжо працаваў над даследаваннем жыцця і творчасці беларускага мастака з Латвіі. У 1993 г. у часопісе "Сьвітанак", а ў 1995 г. у зборніку рэфератаў “Беларусіка” быў мой матэрыял пра Пётру Мірановіча. У 2002 г. да стагоддзя Мірановіча ў Рызе я арганізаваў выставу, прысвечаную мастаку, у якой узялі ўдзел не толькі беларускія мастакі з аб’яднання “Маю гонар”, але і мастакі розных нацыянальнасцяў Латвіі, і тады давалася сціслая інфармацыя пра яго. На гэтым і скончылася ўвага да таленавітага мастака і педагога Пётры Мірановіча.

Калі і як у вас паўстала задума напісаць аб гэтым мастаку?

Задума напісаць пра Мірановіча з'явілася ў канцы 1980-х гадоў. У пачатку 1980-х гадоў у Рызе я сустракаўся з беларускім паэтам у Латвіі, выпускніком Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі 1925 года Пятром Саколам (Масальскім), які расказваў пра беларускіх мастакоў, што скончылі гэтую і Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназіі. Адным з іх быў Пётра Мірановіч. У 1989 годзе я атрымаў адрас П. Мірановіча ад Ірыны Вількель (Сахаравай), дачкі вядомага беларускага педагога і фалькларыста. У яе захавалася пару пейзажаў і два партрэты бацькі, намаляваныя Пётрам Мірановічам. Я тады напісаў ліст мастаку ў Амерыку, каб ён мне напісаў пра сябе, але, на жаль, не атрымаў адказу: аказалася, мастак ужо моцна хварэў і хутка памёр. 

На жаль, тады па розных прычынах у мяне не атрымалася адразу і своечасова скончыць працу па даследаванні яго творчасці. Аднак я паспеў яшчэ ў 1990-х гадах атрымаць успаміны пра яго ад Раісы Жук-Грышкевіч, ад Вітаўта Кіпеля, які, дарэчы і зараз абяцаў мне сёе-тое даслаць.

Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна, як ідзе збор матэрыялу для кнігі? З якімі складанасцямі Вам даводзіцца сутыкацца?

У Латвіі я даследаваў жыццё і творчасць Пётры Мірановіча ў архівах і на месцах, дзе нарадзіўся і жыў мастак, атрымаў успаміны ад яго родзічаў, знайшоў некаторыя яго працы.

Цяпер мне для таго, каб скончыць працу, неабходна атрымаць інфармацыю пра яго жыццё ў Амерыцы. Найперш патрэбныя каляровыя фотаздымкі яго карцін, якіх ён там шмат намаляваў, і яны ёсць амаль у кожнага вядомага беларуса Амерыкі і Канады. Вельмі патрэбныя здымкі карцін Мірановіча, якіх было шмат у яго доме ў Брукліне.

На жаль, вялікая праблема ў  атрыманні гэтых здымкаў. Я разумею, старое пакаленне беларусаў ЗША і Канады ў такім узросце, што складана нешта рабіць, але на мае просьбы пакуль не адгукнуліся нават маладзейшыя беларусы. Можа, гэтая наша гутарка нагадае ім яшчэ раз аб маёй просьбе, можа, адгукнуцца і дапамогуць мне і тыя, хто да гэтага не ведаў аб маёй працы і пошуках. Я вельмі буду ўсім удзячны і ў кнізе не забуду згадаць пра іх дапамогу, і, канечне, усе яны атрымаюць выдадзеную кнігу.

Як Вы мяркуеце, калі кніга можа быць гатовая?

Калі я атрымаю дастаткова матэрыялу для кнігі да сакавіка гэтага года, то, магчыма, сёлета яна будзе надрукаваная.

Шаноўныя сябры! Калі вы маеце магчымасць дапамагчы Вячку Целешу ў зборы матэрыялаў па амерыканскім перыядзе жыцця Пётры Мірановіча, мы заклікаем вас адгукнуцца. Даслаць здымкі карцін мастака і іншыя матэрыялы вы можаце праз электронную скрынку zbsb@tut.by, або  celess@inbox.lv

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Даведка

 

Вячка Целеш — беларускі мастак, краязнавец, філакартыст. Нарадзіўся ў 1938 годзе на Гарадзеншчыне, жыве ў Рызе. Сябра Вялікай Рады Згуртавання Беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Сябра Саюза мастакоў Беларусі і Латвіі. Стваральнік і старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Ініцыятар стварэння і першы дырэктар беларускай школы ў Рызе, якая нядаўна адзначыла сваё 20-годдзе. Аўтар шматлікіх партрэтаў беларускіх і латышскіх дзеячаў, іншых жывапісных і графічных работ. Яго карціны маюцца ў музеях і прыватных зборах Беларусі, ЗША, Канады, Кітая, Расіі, Ізраіля, Латвіі, Даніі, Партугаліі, іншых краін Еўропы. У 2006 годзе ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвіі — Ордэнам Трох Зорак.

Вячка Целеш - аўтар кніг: “Мінск на старых паштоўках”,  “Рыга на старых паштоўках”, “Гарады Беларусі на старых паштоўках” (гэтая кніга  чатыры разы перавыдавалася, апошняе яе выданне пабачыла свет у снежні мінулага года),таксама аўтар кнігі “Адсюль наш род, тут мой прычал” (2013 г.)

Пётра Мірановіч — выбітны беларускі мастак. Нарадзіўся ў Латвіі ў 1902 годзе. Скончыў Латвійскую акадэмію мастацтваў. Таксама вучыўся ў майстэрнях знаных латышскіх майстроў жывапісу - прафесараў Яніса Кугі ды Гедэрта Эліяса. Ранняя творчасць мастака была прысвечаная пейзажам Латгаліі, тэматыцы вясковага жыцця латгальскіх беларусаў, партрэтам беларускай інтэлігенцыі. Для алтара Піедруйскага касцёла Пётра Мірановіч намаляваў абраз Божай Маці.

Пасля заканчэння акадэміі Мірановіч шмат займаўся педагагічнай дзейнасцю, быў сябрам Таварыства беларускіх настаўнікаў Латвіі.

У 1944—1945 Мірановіч вучыўся ў Венскай акадэміі мастацтваў у Аўстрыі. У 1950 пераехаў з сям’ёй у Нью-Ёрк, дзе напісаў шмат партрэтаў беларускіх эмігрантаў. Яго карціна “Беларускія эмігранты” атрымала вялікую папулярнасць. Таксама ён працягваў ствараць вобразы латгальскіх пейзажаў, малюючы іх з накідаў і фотаздымкаў, якія прывёз з сабою. У 1964 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва зладзіў персанальную выставу Мірановіча ў Нью-Ёрку, дзе экспанаваліся 63 ягоныя працы.

Цягам усіх 40 гадоў, што ён жыў у Амерыцы, Пётра Мірановіч удзельнічаў у мастацкіх выставах, чытаў лекцыі, пісаў артыкулы пра беларускую культуру і асвету, афармляў выставы. Памёр мастак у 1990 годзе.