Сустрэча з Віктарам Стахвюком у Нарве

У Нарве пра сваю творчасць расказваў Віктар Стахвюк. У Гміннай публічнай бібліятэцы прайшла сустрэча з беларускім пісьменнікам, сябрам аб’яднання «Белавежа».

Віктар Стахвюк расказаў нашаму радыё пра пачаткі свайго пісьменніцтва:

-  Я першы верш напісаў у 4 класе пачатковай школы. Мне было 11 гадоў. Трохі пісаў, у шафку кідаў. Калі жыў у Чэнстахове і чакаў цягніка, бо ехаць да жонкі 20 кіламетраў трэба было, то тады на сурвэтках пісаў. Недзе ў сшытках яны ляжалі. А аднойчы спадар Ян Чыквін, едучы з Мінска, сустрэў мяне ў цягніку і сказаў прынесці праз 2 тыдні мае вершы, каб выдаць зборнік. Я троху вершаў дапісаў і прынёс. Так і нарадзіўся мой першы зборнік. Гэта быў 2002 год. І так я стаў пісьменнікам.

“Важным месцам у маёй творчасці з’яўляецца Трасцянка, адкуль я родам,” – дадае Віктар Стахвюк. У найбліжэйшых планах пісьменніка выданне новага томіка паэзіі, у якім знойдуцца вершы,  напісаныя на беларускім дыялекце.

Мацей Рацінеўскі, "Беларускае Радыё Рацыя"