Смуткуем з нагоды смерці Анатоля Грыцкевіча

Учора ўвечары, 20 студзеня 2015 года, на 86-м годзе адышоў у лепшы свет знаны беларускі гісторык, прэзідэнт МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2001-2005 гг., прафесар Анатоль Грыцкевіч. Пра гэта кіраўніку МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” паведаміла яго жонка.

Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 года ў Мінску.

Ён быў правадзейным сябрам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганаровым сябрам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Маскоўскага гісторыка-радаводнага таварыства, ганаровым сябрам Таварыства беларускай культуры ў Літве, ганаровым сябрам гісторыка-культурнага клуба “Спадчына”. Апроч таго, ён адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы. Яго аўтарству належаць 7 манаграфій і больш як 1300 навуковых артыкулаў, улічваючы і артыкулы ў энцыклапедыях.

У 2008 г. быў узнагароджаны дыпломам "Пшэглёнду Всходнего" імя Аляксандра Гейштара ў Варшаўскім універсітэце за шматгадовую арганізацыйную дзейнасць у асяроддзі беларускіх гісторыкаў. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. Выступаў на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу.

У 2013 г. у залатой серыі "Беларускага кнігазбору" выйшла кніга гісторыка "Выбранае", а ўвосень 2014-га - "Сцягі Оршы", прысвечаная 500-годдзю бітвы пад Оршай. Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні родным і сябрам Анатоля Пятровіча ў сувязі з напаткаўшым іх горам. Гэта вялікая страта не толькі для блізкіх Анатоля Грыцкевіча, але і для ўсёй Беларусі. Вечная яму памяць!