На чале з Вінцэнтам Жук-Грышкевічам

У серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" выйшаў новы том пра Раду БНР.

Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы. Мінск: Кнігазбор, 2014. — 309 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 23)

Летась да 110-годдзя з дня нараджэння першага Прэзідэнта паваеннай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка ў кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пабачыла свет кніга ”Рада БНР (1947–1970): Падзеі. Дакументы. Асобы“. Цяпер жа з друку выйшаў наступны том, які стаў яе лагічным і храналагічным працягам, - гэта кніга ”Рада БНР (1970–1982): Падзеі і дакументы“. Абодва выданні сталі вынікам сумеснай працы гісторыкаў і архівістаў Наталлі Гардзіенка і Лявона Юрэвіча і з’явіліся дзякуючы Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускаму інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ).

Кніга, што выйшла летась, выклікала жывую дыскусію, на яе з’явілася некалькі рэцэнзій. У прадмове да новага выдання ўкладальнікі выказваюць падзяку за гэтыя водгукі і адказваюць на некаторыя заўвагі. Таксама ў прадмове да кнігі адзначаецца, што дзейнасць Рады БНР пры Вінцэнце Жук-Грышкевічу значна лепш задакументаваная. Гэта зрабіла пошукі матэрыялаў для кнігі прасцейшымі, калі параўноваць з працай над леташнім выданнем. Трэба падкрэсліць, што ў выданні сабрана шмат дакументаў, якія раней шырока не публікаваліся, і гэта надае кнізе дадатковую каштоўнасць.

Наталля Гардзіенка гаворыць: “Новая кніга прысвечаная перыяду дзейнасці на пасадзе Старшыні Рады БНР канадскага беларуса Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Структура новага выдання падобная да папярэдняга: ёсць гістарычны нарыс, дзе разглядаюцца асноўныя напрамкі дзейнасці Рады БНР у згаданы час, далей ідзе публікацыя пратаколаў пасяджэнняў Прэзідыуму ды Сесіяў Рады БНР, а таксама дакументаў і ліставання дзеячаў. Ёсць бібліяграфія ды хроніка дзейнасці Рады БНР.

Прадстаўлены ў нашай новай кнізе перыяд цікавы як адметнымі знешнімі ўмовамі функцыянавання Рады БНР (актывізацыя беларускага грамадска-культурнага жыцця на Захадзе ды перыяд ”разрадкі“ ў міжнародных дачыненнях), так і ўнутранымі зменамі, што адбываліся ў самой Радзе БНР”.

Кнігу ”Рада БНР (1970–1982): Падзеі і дакументы“ ўжо можна набыць у сталіцы ў Цэнтральнай кнігарні (пр-т Незалежнасці, 19) і Акадэмкнізе (пр-т Незалежнасці, 72). Неўзабаве яна з’явіцца і ў іншых беларускіх кнігарнях. Сачыце за інфармацыяй на нашым сайце!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”