Бельскі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча адсвяткаваў 70-годдзе

26 верасня 2014 года ў II Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 70-годдзя заснавання і  дзейнасці навучальнай установы.

Удзел ва ўрачыстасцях узялі Пасол Беларусі ў Польшчы А. Авер’янаў, ваявода падляскі М. Жыўна, кіраўнікі органаў мясцовага самакіравання гміны, горада і павета Бельск Падляскі, прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства, шматлікіх адукацыйных устаноў Падляскага рэгіёна, лідары беларускіх грамадскіх аб’яднанняў у  Польшчы, выпускнікі ліцэя і іншыя.

У віншавальным слове Пасол Беларусі ў Польшчы падзякаваў кіраўніцтву, настаўнікам і бацькоўскаму камітэту ліцэя за захаванне беларускага характару навучальный установы, якая на працягу свайго існавання была і застаецца важным асяродкам развіцця беларускай культуры і асветы, вывучэння беларускай мовы ў Польшчы. У якасці падарунка ліцэю быў перададзены камплект мультымедыйнай апаратуры для выкарыстання ў навучальным працэсе. З Рэспублікі Беларусь свае віншаванні з нагоды юбілею ліцэя даслалі Міністр адукацыі С. Маскевіч, Міністр культуры Б. Святлоў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і  нацыянальнасцей Л. Гуляка, Брэсцкі і Гродзенскі аддзелы Саюза пісьменнікаў Беларусі, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і іншыя.

Дырэктарам ліцэя А. Сцепанюком была выказана ўдзячнасць беларускаму боку за сталае супрацоўніцтва, дапамогу і ўдзел у дзейнасці навучальнай установы, што, як было падкрэслена, стала добрай традыцыяй. Ім было выказана спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва школы з Беларуссю дзеля падтрымкі і пашырэння традыцый беларускай адукацыі на Беласточчыне.

Падчас урачыстасці дзейнасць ліцэя была адзначана ваяводай падляскім М. Жыўна, кіраўніцтвам дэпартамента асветы Маршалкоўскай управы Падляскага ваяводства, кіраўнікамі мясцовага самакіравання гміны, горада і павета Бельск Падляскі, старшынёй Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Я. Сычэўскім, старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы Я. Вапам і іншымі. Віншавальныя лісты ў адрас ліцэя былі дасланыя Мітрапалітам Варшаўскім і ўсёй Польшчы Савам, дэпутатам польскага Сейма А. Соснам, шматлікімі выпускнікамі навучальнай установы, якія пражываюць у Польшчы і па-за яе межамі.

Святкаванне 70-годдзя ліцэя было спалучана з урачыстасцю прысягі вучняў першых класаў навучальнай установы. У ліцэі былі арганізаваныя выстава мастацкіх прац ліцэістаў, фотавыстава аб гісторыі школы. Перад гасцямі выступіў мастацкі калектыў “Спадчына”, які дзейнічае пры ліцэі.