10 галоўных фактаў пра а. Аляксандра Надсана

7 верасня ў Гародні ў парафіяльным цэнтры Маці Божай Фацімскай прэзентавалі кнігу а. Аляксандра Надсана. Збор твораў духоўнага лідара беларусаў замежжа выйшаў у кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор”. Гарадзенцам кнігу прадставілі яе ўкладальніца Ірына Багдановіч і айцец Сяргей Стасевіч. Прэзентацыя прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Мы абралі дзесяць фактаў з біяграфіі легендарнага 88-гадовага грэка-каталіцкага святара, якія мусіць ведаць кожны беларус, што паважае сябе.

1. Апошнія 30 гадоў свайго жыцця штораніцы і штовечар айцец Аляксандр служыць літургію і вячэрню ў царкве св. Пятра і Паўла ў Лондане. Нават калі на службу больш ніхто не прыходзіць. А. Аляксандр і ягоны асістэнт а. Сяргей Стасевіч – адзіныя пастаяльцы лонданскай беларускай парафіі. У нядзелі, паводле словаў а. Сяргея, на службе бывае “чалавек 10”.

2. Першая беларускамоўная імша пасля развалу СССР у Гародні адбылася ў 1992 годзе, згадвае паэтка Данута Бічэль. У Францішканскім касцёле яе правёў а. Аляксандр Надсан. Тады ён часта ездзіў у Беларусь, бо вазіў лекі для дзяцей з Чарнобыльскай зоны. Публічную грэка-каталіцкую літургію, першую за 150 гадоў пасля скасавання Уніі ў 1839 г., адслужыў таксама а. Надсан. Гэта адбылося ў Мінску ў Кальварыйскім касцёле ў 1990 годзе. Праз некалькі дзён а. Надсан правёў яшчэ адну літургію. Пра рэзананс падзеі кажа тое, што на яе прыехала здымачная група культавай на той час перадачы “Взгляд”.

3. Увогуле першы пасля доўгай эміграцыі прыезд Аляксандра Надсана ў Беларусь ў тым жа 1990 годзе выглядаў яквялікая патрыятычная акцыя. Мінск. Сакавік. 5 раніцы. На пероне вакзала поўна людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і сімваламі Чарнобыльскага шляху. Так людзі прыйшлі сустракаць з цягніка старшыню дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў замежжа.

4. А. Аляксандр пераклаў на беларускую мову з грэцкай больш за 40 літургічных тэкстаў – фактычна на ўсе выпадкі царкоўнага жыцця: службы святочныя, нядзельныя і штодзённыя, акафісты і малебны. Сёння гэтымі тэкстамі афіцыйна карыстаецца Беларуская грэка-каталіцкая царква.

5. Калі вы будзеце ў Лондане, разам з Букінгемскім палацам і музеем мадам Цюсо абавязкова наведайцеСкарынаўскую бібліятэку. А. Надсан пачаў збіраць яе ў 1971 годзе. Ён сачыў за кніжнымі аўкцыёнамі, падтрымліваў сувязі з букіністамі і беларускімі дыяспарамі, каб набываць кнігі, карты, архівы, каштоўныя рэчы, звязаныя з Беларуссю. У фондзе бібліятэкі больш за 40 000 выданняў.

6. Калі ўляглася Другая сусветная, а. Надсан пачынае самым актыўным чынам разбудоўваць беларускія эмігранцкія арганізацыі. Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі, Англа-Беларускае навуковае таварыства, Беларускае хрысціянскае аб’яднанне “Рунь” – справа яднання беларусаў за мяжой стала для айца Аляксандра справай жыцця.

7. Пасля вымушанай эміграцыі ў 1944 годзе а. Надсан ваюе ў французскім Супраціўленні, войску генерала Андэрса.

8. Прозвішча а. Аляксандра ад нараджэння – Бочка. Псеўданім Надсан ён узяў сабе адразу па эміграцыі з СССР.

9. Падчас Другой сусветнай а. Аляксандр далучаецца да Саюза беларускай моладзі, Беларускай Краёвай абароны, ахоўвае ІІ Усебеларускі кангрэс. Калі вы пачытаеце гісторыю пра гэтыя арганізацыі, то зразумееце, якія гэта былі адважныя і адчайныя маладыя юнакі.

10. Бацька а. Надсана Антон Бочка таксама быў шалёным беларусам. У 1920 годзе ён ваяваў у Слуцкім збройным чыне.