ТБК у гасцях у Аўкштайціі

2-3 жніўня Таварыства правяло сваю чарговую вандроўку, гэтым разам падарожнічалі па Аўкштайціі (этнаграфічны рэгіён Літвы). У вандроўку нас запрасіў і яе арганізаваў сябра Рады ТБК Васіль Акуневіч. Дзякуючы яму і яго жонцы Яніце мы праехаліся маршрутам Ігналіна-Вісагінас-Зарасай-Салакас-Швядрышкі. Такім чынам, мы глыбей пазнаёміліся з гісторыяй, культурай і этнаграфіяй узгаданага літоўскага рэгіёна.

Сёння ўжо на гэтых тэрыторыях мала што нагадвае, што калісьці гэтыя землі былі пад акупацыяй Расійскай, пазней Савецкай імперыяў. Край пакрысе вяртаецца да сваіх традыцый, звычак, і ў рэгіёне пачынаецца нармалёвае і звыклае жыццё.

Здзіўляе і адразу кідаецца ў вочы добраўпарадкавасць вёсак і мястэчак з павольным і ўтульным жыццём. Добраўпарадкаваныя гаспадаркі, прыгожа і чыста як каля дамоў, так і ў наваколлі. Няма запушчанасці і занядбанасці, пра якую чуеш з расійскіх і беларускіх навін. Адстаяўшы сваю незалежнасць, літоўцы дзяржаву пачалі будаваць з вяртання сваіх традыцый і мовы. І сёння бачым, усё ў іх атрымалася, у адрозненне ад беларусаў, якія вырашылі будаваць нацыянальную дзяржаву на чужой мове і традыцыях. У выніку – нічога не дасягнулі.

Важна, што літоўцы памятаюць і ведаюць не толькі гісторыю Літвы, але і сваю ўласную, лакальную, гісторыю маленькіх вёсачак, мястэчак і гарадоў. І пра іх расказваюць не з меншым гонарам і павагай, чым пра гісторыю краіны. Беларусам гэтаму трэба павучыцца. Тут яны з гонарам заяўляюць, што я адтуль і адтуль, тут мае карані, мая зямля. Беларусы ж вельмі часта саромеюцца прызнацца ў сваім правінцыйным паходжанні, а многія нават у тым, што яны беларусы. Таму, пакуль не навучымся паважаць той кавалак зямлі, дзе нарадзіліся, нічога ў нас не атрымаецца. Кожны літовец ведае не толькі гісторыю свайго кутка, але і традыцыі, быт. І як прыклад, Васіль і Яніце нам двое сутак распавядалі пра традыцыі сваёй маленькай вескі і рэгіёна, і ў іх такіх размоў хапіла б яшчэ на доўга. У гэтым, відаць, і ёсць поспехі літоўцаў у пабудове сваёй нацыянальнай дзяржавы: уменне з гонарам і пашанай распавесці пра сваю маленькую гісторыю, яе дзеі і бег у прызме сівых стагоддзяў.

Падцверджанне гэтаму мы знаходзілі ў кожнай вёсцы і кожным мястэчку.

У Ігналіне нам Васіль паказаў помнік, прысвечаны адной з самых крывавых і балючых тэмаў у літоўскай гісторыі: сталінскім рэпрэсіям. Так атрымалася, што Ігналіна была апошнім чыгуначным прыпынкам, дзе загружалі ні ў чым не вінаватых людзей (менавіта грузілі як жывёл, без усялякай чалавечнасці) і вывозілі на пагібель і пакуты ў неабдымныя прасторы крывавай імперыі. І дзякаваць Богу, што сёння можна ўзгадаць і ўшанаваць гэтыя шматтысячныя ахвяры рускай акупацыі Літвы. Чаго не скажаш пра Беларусь. Там нават мемарыяла немагчыма ўсталяваць: у Курапатах толькі крыжы, якія час ад часу знішчаюць вандалы і само месца бязбожная антынародная акупацыйная ўлада хоча знішчыць.

Амаль у кожным населеным пункце Літвы памятаюць пра ахвяры таго бясчалавечнага рэжыму.

Будучы ў Салакасе, наведалі помнік за свабоду для Бацькаўшчыны, усталяваны ў часах Літвы пры Прэзідэнце Антанасу Смятоне. Калі прыйшлі рускія, жыхары мястэчка гэты помнік таемна закапалі. І ён праляжаў у зямлі каля паўстагоддзя і дачакаўся сапраўднай незалежнасці для бацькаўшчыны, быў адкапаны і зноў усталяваны як сведчанне, што прагу народа да волі не зламіць.

Сімвалам Салакаса, зразумела, з’яўляецца касцёл, збудаваны з бутавага каменю ў 1906-1911 гадах. Гэта яшчэ адзін помнік імкненню літоўцаў да незалежнасці і захавання сваіх традыцый. Будаваўся ён адразу пасля прыняцца закона аб свабодзе веравызнання ў былой Расійскай імперыі. Здзіўляе тое, колькі працы было ўкладзена ў пабудову святыні. Відаць, кожны парафіянін узяў у гэтым удзел.

Літоўцы адны з апошніх у Еўропе прынялі хрысціянства. І гэта адчуваецца і па сёння. Нягледзячы на тое, што Літва афіцыйна каталіцкая краіна, знойдзецца ў ёй вельмі шмат перажыткаў язычніцкай культуры, так гарманічна сплеценай з каталіцкімі традыцыямі. Адсюль, відаць, і шанаванне самой прыроды. Калі ў беларусі старыя дрэвы проста зразаюць, выразаюць старыя паркі, якія маюць гістарычную, культурную каштоўнасць, то ў Літве такія дрэвы ўшаноўваюцца і іх прыраўноўваюць да нацыянальных святынь. Да іх прыязджаюць маладыя пары, каб сфатаграфавацца, магчыма, папрасіць доўгага і шчаслівага жыцця. І як прыклад, мы наведалі ў Стэльмужах дуб, узрост якога каля 1500 гадоў. І адразу бачна, што прыняты ўсе меры па яго ахове: ён агароджаны плотам, пастаўленыя камеры назірання. Такім чынам бачым, наколькі нацыя ахоўвае сваю культуры і традыцыі.

У чарговы раз хочацца падзякаваць Васілю і Яніце за добра арганізаванае падарожжа, за тое, што яны пакрылі нам выдаткі на харчаванне, начлег. Гэта быў яшчэ адзін крок па збліжэнні літоўскага і беларускага народаў, а таксама мы бліжэй пазнаёміліся з традыцыямі аўкштайтаў. І як бачым, для простых людзей няма ніякіх перашкодаў для кантактавання і вядзення дыялогаў.

Для беларусаў гэта яшчэ адзін урок, як трэба будаваць сваю нацыянальную дзяржаву, каб усё атрамалася. Трэба пачаць з захавання мовы і традыцый свайго рэгіёна. Крэмль не забараняе беларусам у хаце, са сваім блізкімі, роднымі, суседзямі размаўляць па-беларуску і не прымушае размаўляць па-руску. Робяць гэта беларусы па сваёй уласнай волі. А таму і згубілі сваю дзяржаву, а яшчэ трошкі - згубяць і карані і ідэнтычнасць.

 в.а. старшыні  ТБК  Літвы д-р Алесь Адамковіч