Завершана выпрацоўка стратэгіі развіцця адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы

На афіцыйным сайце Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі з’явіўся тэкст дакументу, датычнага стратэгіі развіцця адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы. Дакумент распрацоўваўся пры ўдзеле ўрадавай адміністрацыі, Міністэрства адукацыі і самаўрадаў, а таксама беларускай меншасці ў Польшчы, у прыватнасці аб'яднання бацькоў, што вывучаюць беларускую мову «АБ-Ба», старшынёй якога да нядаўняга часу была Барбара Пякарская:

- У стварэнні гэтага дакументу ўдзельнічалі міністр адукацыі і міністр адміністрацыі, мясцовыя самаўрады: маршалак, ваявода і мы таксама. У прапановах ёсць, напрыклад, каб сачылі, хто будзе дырэктарам школы, дзе вывучаецца беларуская мова, і каб атрымаць нейкія рэкамендацыі ад беларускай меншасці.

Беларуская меншасць ставіла націск на тое, каб была захаваная паслядоўнасць беларускамоўнай адукацыі ад дзіцячага садка да ліцэя, каб выдаваліся абноўленыя падручнікі, і каб з’явілася гісторыя беларусаў Падляшша. Па словах Барбары Пякарскай, хоць дакумент не мае рангу закону, аднак ён можа даць практычныя вынікі.